Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Вочы Мсціслава смяяліся недзе ля вачэй Алеся. Потым Алесь пачуў шэпт.
— Папаўся? — спытаў малады Маеўскі. — Плюнь. Яны лічаць, што мы зеляпаны, дык давай мо прыкідвацца далей. Хай ужо цешацца.
— А я і плюю, — з нейкім раптоўным гарачым пачуццём да гэтага хлапца шапнуў Алесь.
Дарослыя з некаторым нават замілаваннем глядзелі на двух прыгожых падлеткаў, якія з такой відавочнай пяшчотай шапталі адзін аднаму на вуха словы братэрства.
— Ты, брат, накшталт таго скоч-тэр'ера. — Мсціслаў аж дрыжаў у абдымках Алеся ад прытоенага смеху. — Ведаеш, як іхніх шчанюкоў пазнаюць, чыстапародныя ці не?
— Ведаю, — усміхнуўся Алесь. — Бяруць за хвост і падымаюць у паветра. Сапраўдныя не вішчаць. Гонар трымаюць.
— Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.
Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.
— Пацалуйцеся, — сказаў Басак-Яроцкі. — І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.
Яны пацалаваліся. Басак-Яроцкі палажыў далонь на галаву Алесю.
— Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Заўтра іх падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам. А тады насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стогадовыя дзяды.
Ён узняў нажніцы.
— З першай пасмай ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа… З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі богу і гэтым палям, шабля — ваяводзе справядлівай вайны, жыццё — усім добрым людзям, сэрца — каханай. Але гонар і чэсць — яны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братні — з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі.
Цяпер ужо і Мсціслаў глядзеў сур'ёзна, быццам гэтыя словы краналі яго за душу.
— Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу…
Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.
Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.
— Сын князя Загорскага стаў мужам, — сказаў Басак-Яроцкі. — Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.
Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.
VIII
Кірдун ледзь не луснуў са злосці за тыя дзве гадзіны, якія прайшлі з пастрыжэння. Здавалася, усё ішло добра. Здавалася, больш ганаровай пасады, чым тая, якую далі на гэтыя гадзіны яму, Кірдуну, нават быць не магло. Сядзі на ўзгорку, адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі "прэшпект", трымай y руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, y лагчынцы, ля гармат. I адразу залп. Усё добра, усё чынна. Дык не, прынесла ў апошнюю хвіліну немца, каб на яго пошасць.
Стаіць сабе, чортава пуза, акурат ля яго і глядзіць на дарогу. I такі спрытны, што заўважае ўсё раней, чым Халімон. I гэта так крыўдна, быццам немец y яго хлеб адбівае. Па ўласнай, ці ведаеце вы, ахвоце прыцёгся. Добра б ужо, каб нехта пасылаў. A то ж сам.
Выгляд y чорта важны, паблажлівы. Стаіць, як Банапарт багамерзкі, пуза наперад, і, кожны раз, як ударыць гармата, як ты яму, скажы, цацку нехта даў, такое задавальненне на бязвусай мордзе.
— Einem Löwen gleich… — далятаюць да Кiрдуна асобныя словы. — Nüch?[20]
I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:
— Das ist ihm Wurst… Гэта яму каўбаса, ці ведаеце… I ўсё "нюх" ды "нюх"… Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае… Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.
Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею.
…Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:
— То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.
20
Ільву падобна… Ці не так? (ням.)