Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Снежныя зімы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Снежныя зімы

Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:

Галоўныя падзеі рамана адбываюцца ў наш час. Адказнага работніка, старога камуніста Івана Антанюка, адправілі на пенсію за яго нязгоду з некаторымі «наватарствамі» ў навуцы і валюнтарызмам, які меў месца да кастрычніцкага пленума 1964 года. Але ў аснове галоўнай сюжэтнай лініі не гэты вытворчы канфлікт, а хутчэй за ўсё сямейна-бытавы. У мінулым Антанюк — камандзір партызанскай брыгады, і з тых нялёгкіх ваенных часоў бяруць пачатак яго ўзаемаадносіны з рознымі людзьмі. Няпростыя адносіны ў яго ўласнай сям’і, з роднымі дзяцьмі, яшчэ больш складаныя адносіны з жанчынай, якую палюбіў у час вайны. Але ва ўсіх жыццёвых сітуацыях Іван Антанюк застаецца прынцыповым камуністам, верным таварышам і добрым чалавекам.
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 155
Перейти на страницу:

Калі дзяцей прывезлі, страчаць выйшаў увесь штабны атрад, усе сяляне вёскі, дзе мы размяшчаліся. А было гэта — толькі пачало днець, на світанні. Скаціліся яны калабочкамі з саней у сваіх лахманах і здзіўлена зіркалі, чаму сабралася столькі людзей і чаму жанчыны плачуць. А бабы праўда-такі нарабілі голасу. Хапалі малых, разводзілі па хатах, каб накарміць хутчэй, сагрэць.

Клопату дадалося. А самалёты не прыляталі. І надвор’е, здаецца, стаяла нішто. Хоць хто ведаў, якое яно было там, пад Масквой. Зводак не перадавалі. Але ж паўмесяца нідзе не магла гуляць завіруха. Каб хоць не было абяцанняў, можа чакалася б лягчэй. А тут яшчэ разведчыкі данеслі, што немцы рыхтуюць новае наступленне на наш раён. У мяне лопнула цярпенне. Я напісаў радыёграму:

«Начальніку штаба.

Калі заўтра-паслязаўтра не будзе самалётаў, адказнасць за смерць раненых, дзяцей ляжа на вас.

Камбрыг Антанюк».

Перад тым як аддаць шыфравальшчыку, паказаў Каралькову і Лагуну, камісару брыгады.

Каралькоў збялеў. Дрыжаў чалавек перад начальствам і за тысячу вёрст, за лініяй фронту.

«Ты сур’ёзна?»

«Мне зусім не да жартаў».

«Ды ты што, субардынацыі не ведаеш? Камбрыг! Май на ўвазе: быць савецкім партызанам — не значыць партызаніць, як табе ўздумаецца. Ты член партыі. Анархізму не дазволім! Забараняю слаць такую радыёграму!»

Я паслаў яго… Эх, як ён узвінціўся! Трохі да сардэчнага прыступу не дакрычаўся. Я загадаў паклікаць урача. Лагун, добры, разумны, але нерашучы чалавек, угаворваў мяне на вуліцы, па дарозе да зямлянкі, дзе змяшчалася рацыя:

«Нажывеш ты сабе, Іван Васільевіч, непрыемнасці».

«Ды я што — за чыны ваюю, за званні, за ордэны? Якая ў нас з табой можа быць непрыемнасць, большая за наступленне карнікаў, за блакаду? Што нам рабіць тады з раненымі? Пакінуць на здзек фашыстам?»

Радыёграма пайшла. На другую ноч прыляцеў самалёт. І Каралькоў адразу зрабіўся — хоць на хлеб яго маж. Трохі не лез цалавацца. Сам арганізаваў развітальны абед. Заглядваў у кацялкі на кухні. І ўсім «раздаваў ордэны».

А ў мяне заныла сэрца ў тую раніцу. Там жа на аэрадроме, каля замаскаванага самалёта. Смактала нейкая незразумелая трывога, ці боязь, ці бог яго ведае што. Увесь час здавалася, што нешта я зрабіў ці раблю не так, як трэба. Але што? Аб’ехаў пасты, наведаўся ў атрады, якія займалі самую дальнюю абарону. Не, усё як мае быць. Немцаў блізка не чуваць. Неба абяцае лётнае надвор’е. Уначы самалёт з цяжкараненымі возьме курс на падмаскоўны аэрадром. І ніхто яго ў такую ноч не перахопіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Але пілот кажа, што гэта не страшна…

Недзе апоўдні вярнуўся ў штаб. Сядзяць Каралькоў, Лагун, Будыка, урач, пілот. Складаюць план эвакуацыі. Прасцей кажучы — складаюць спіс, каго вывезці ў першую чаргу. Працягнулі спіс мне. Доўга я чытаў дваццаць нейкіх прозвішчаў. Так доўга, што яны ўсе прыціхлі, насцярожыліся.

Урач сказаў:

«Хацелі Валянціна Адамавіча ўключыць — ён адмовіўся».

«Ды я ўжо скачу, як заяц», — засмяяўся Будыка, стукнуўшы мыліцай.

Між іншым, і пазней, увосень сорак трэцяга, ён адмовіўся эвакуіравацца. Выклікалі на нараду начштабаў — прытварыўся хворым. Усе лічылі за шчасце паляцець на Вялікую зямлю, а Будыка ўсяляк адкручваўся. Але тады я падумаў пра другое: «Валька адмаўляецца, хоць такі ж ранены, а некаторыя рвуцца…»

З новай сілай засмактала ўсяродку: нешта тут не так. Але што? І раптам… Кажуць у такіх выпадках — прасвятліла. Я кінуў спіс на стол і сказаў:

«Гэтым рэйсам паляцяць Чугуноў, Канцавы, Файзулін. Ім патрэбны неадкладныя аперацыі. Клара Майсееўна… І дзеці! Пілот, колькі можаш узяць дзяцей? Ад пяці да дзесяці год».

«Дзяцей? Якіх дзяцей?»

«Нашых».

«Здаровыя? Сядзець могуць?»

«Могуць».

«Ды такога гароху — чалавек… трыццаць».

«Зэр гут, панове афіцэры, — весела сказаў я. — Так і запішам: ляцяць усе малыя».

Але ў адказ — толькі больш шумнае, чым звычайна, са свістам і хрыпам, прастуджанае дыханне Каралькова ды скрып новай пілотавай партупеі.

Будыка вачамі ўхваліў: правільна! Але чакаў, пакуль выкажацца ўпаўнаважаны. Лагун таксама глядзеў у рот Каралькову. А той маўчаў. Доўга. «Чапай думае», — хацелася мне пажартаваць. А можа ён зараз устане і пацісне руку, як тады, пры дырэктары дзіцячага дома? Каралькоў усё ўзважыў, усё абдумаў з паважнасцю і сур’ёзнасцю чалавека, на якога ўскладзена найвышэйшая адказнасць. І сказаў разважліва і спакойна:

«Іван Васільевіч, мы разумеем цябе, твае пачуцці. Мы — усе бацькі, і першы наш клопат — пра дзяцей, што б ні здарылася, якая б складаная сітуацыя ні ўзнікла. Дзеці — наша будучыня. Але давай усё ўзважым. Уяві, што самалёт зноў не прыляціць тыдзень, а то і два. Ты чуў, што расказваў пілот? Усе транспартнікі кінуты пад Сталінград дабіваць Паўлюка. Вось і думай… А ў гэты час Швальдэ пачне наступленне. І раптам здарыцца, што вам прыйдзецца адступіць. Вайна ёсць вайна, асабліва партызанская. Дзяцей можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаць за сваіх. Ды хто будзе дзяцей шукаць? А раненыя… Куды ты дзенеш раненых? Нарэшце, ты ўпэўнены, што самі раненыя зразумеюць нас? Яны ведаюць, што прыляцеў самалёт, і кожны марыць хутчэй апынуцца на Вялікай зямлі, у шпіталі. Ты не ведаеш псіхалогіі раненага?»

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 155
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)