Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
Пакланіўся Іван бабе-язе, развітаўся з ёю і пайшоў па сцяжынцы. Доўга ці не, у непагадзь ці пры добрай пагодзе — дайшоў да дваіх варотаў. Адчыніліся перад ім вароты, і ўбачыў ён сад-вінаград, а ў садзе — красу Сажалку, а ў сажалцы шэрыя качачкі купаюцца. Па сказаным, як па пісаным!
Падкраўся Іванка і забраў тую сукенку, што збоку ляжала. Забраў і схаваўся за дрэва.
Выйшлі качачкі з вады, зрабіліся дзяўчатамі — адна за другую прыгажэйшыя. А малодшая, дванаццатая, за ўсіх прыгажэишая, за ўсіх харашэишая. Адзеліся адзінаццаць сясцёр і пайшлі сабе. А малодшая на беразе засталася, шукае сукенку сваю, плача — не можа знайсці. Вось і кажа яна:
— Адгукніся, абзавіся, хто маю сукенку ўзяў! Буду табе. дачкою пакорнаю!
Не абзываецца Іван.
— Буду табе сястрыцаю ласкаваю!
Маўчыць Іван.
— Буду табе жонкаю вернаю!
Тут выйшаў Іван з-за дрэва:
— Бяры сваю сукенку, красуня дзяўчына.
Узяла яна сукенку, а Іванку дала залаты пярсцёнак заручальны.
— Ну, скажы мне цяпер, добры малойца, як цябе па імені зваць і куды ты ідзеш.
— Бацькі Іванам называлі, а іду да цара марскога — гаспадара вадзянога.
— Дык вунь ты хто! Чаму ж гэтак доўга не прыходзіў? Бацюхна мой, гаспадар вадзяны, вельмі на цябе гневаецца. Ну, ідзі па гэтай дарозе — прывядзе яна цябе ў падводнае царства. Там і мяне знойдзеш. Я ж падводнага цара дачка — Васіліса Прамудрая.
Зрабілася яна зноў качачкай і паляцела ад Івана. А Іван пайшоў у падводнае царства.
Прыйшоў — глядзіць: і там свет гэтакі ж, як у нас, і там палі ды лугі, і гаі зялёныя, і сонейка грэе, і месячык свеціць.
Паклікалі яго да марскога цара. Закрычаў марскі цар:
— Чаму гэтак доўга не прыходзіў? Не за тваю віну, а за бацькаў грэх вось табе служба невялікая: ёсць у мяне пустка на трыццаць вёрст удоўж і ўпоперак: адны равы, яры ды каменне вострае. Каб да заўтра было там, як
далонь, гладка, і было жыта пасеяна, і вырасла за ноч так высока і густа, каб галка схавацца магла. Зробіш — узнагароджу, не зробіш — галава з плеч!
Зажурыўся Іванка, ідзе ад цара невясёлы, ніжэй плеч галаву звесіў.
Убачыла яго з церама высокага Васіліса і пытаецца:
— Чаго, Іванка, зажурыўся?
Адказвае ёй Іван:
— Як жа не журыцца! Загадаў мне твой бацюхна за адну ноч зараўняць равы, яры і каменне вострае, а пустку жытам засеяць, і каб да раніцы тое жыта вырасла і магла ў ім галка схавацца.
— Гэта яшчэ не бяда — бяда наперадзе будзе! Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая.
Паслухаўся Іван, лёг спаць. А Васіліса Прамудрая выйшла на ганак і гукнула гучным голасам:
— Гэй вы, слугі мае верныя! Раўняйце равы глыбокія, зносьце каменне вострае, засявайце поле жытам найлепшым — каб да раніцы ўсё паспела!
Прачнуўся на досвітку Іванка, зірнуў — усё гатова. Няма ні равоў, ні яроў. Усё поле, як далонь, гладкае, і пагойдваецца на ім жыта, ды такое густое і высокае, што галка схаваецца.
Пайшоў да марскога цара з дакладам.
— Ну, дзякуй табе,— кажа марскі цар.— Здолеў ты мне службу саслужыць. Вось табе і другая работа: ёсць у мяне трыста сціртаў, у кожнай сцірце — па трыста коп, усё пшаніца найлепшая. Абмалаці ты мне да заўтра ўсю пшаніцу чыста-чысценька, да апошняга зернетка. А сцірты не руш і снапоў не паруш. Калі не зробіш — галава з плеч далоў!
Яшчэ больш зажурыўся Іван. Ідзе па двары невясёлы, ніжэй плеч галаву звесіў.
— Чаго затужыў, Іванка? пытаецца ў яго Васіліса Прамудрая.
Расказаў ёй Іван пра сваю новую бяду.
— Гэта яшчэ не бяда — бяда наперадзе будзе. Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая.
Лёг Іван. А Васіліса Прамудрая выйшла на ганак і клікнула гучным голасам: