Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие приключения » Афганская шкатулка
Афганская шкатулка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Афганская шкатулка

Электронная книга - «Афганская шкатулка». Краткое содержание книги:

Усе падзеі, якія адбываюцца ў аповесці, сканцэнтраваны вакол пошукаў афганскай шкатулкі, што калісьці пераправіў адзін з герояў твора на тэрыторыю нашай Радзімы. Вядома ж, самую адказную работу выконваюць падлеткі — менавіта яны высачылі злачынцаў і дапамаглі следчым органам вызваліць галоўнага героя аповесці Барыса Крушынскага з-пад турэмнага арышту.
Самааналіз асобы, пошукі матываў сваіх учынкаў, любоў да жыцця, замілаванасць і захапленне навакольным асяроддзем леглі ў аснову апавяданняў «Цугцванг», Дарожнае знаёмства, «Раган» і Чабор.
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 51
Перейти на страницу:

— Пара! — скамандаваў Ігар.

Вось тут і пачаліся першыя непрыемнасці. Доктар Пратасевіч ніяк не мог знайсці дарогу да леснічоўкі. Ён жа быў у гэтых мясцінах толькі аднойчы — днём, калі вакол ляжаў белы снег, а сам доктар сядзеў у цёплай машыне. А тут цямрэча, хоць вока выкалі! Ні сцежкі, ні дарожкі, і сам лес здаецца зусім іншым.

Давялося вяртацца назад на шашу. Добра, што была яна зусім пустая ў гэты час. Зяць уключыў ліхтарык. Пахадзілі абодва, як вартавыя на пасту, узад-уперад па ўзбочыне, пакуль нарэшце не натыкнуліся на ўказальнік. «В. Вялікая Паляна, 4 км.», — высветліў ліхтарык.

— Ну, вось! — узрадваўся доктар. — Цяпер я ўсё ўспомніў!

Сапраўды, хутка знайшлася дарога. Доўга затым ішлі па ёй, цёмнай, пакручастай, свецячы ліхтарыкамі пад ногі. Спатыкаліся, лаяліся шэпатам. Пад нагамі чвякала гразь, галіны секлі па руках і тварах.

Кожны, хто хоць раз хадзіў па начным лесе, ды яшчэ ў непагадзь, пацвердзіць, што ліхтарык памагае мала. Калі памагае ўвогуле. Лепш выключыць яго і даверыцца ўласным вачам. Так нашы авантурысты і зрабілі.

Доктар збіўся-такі з дарогі і вывеў зяця да кар'ера — таго самага, дзе адбывалася хакейная баталія. Цяпер ў кар'еры стаяла вада заместа лёду. Цесць з зяцем прайшлі па самым крутым абрыве і нават не заўважылі; проста цуда нейкае, проста пашэнціла, што не пазвальваліся ўніз.

Леснічоўка ўзнікла перад імі раптоўна. Доктар, які па-ранейшаму ішоў наперадзе, ледзь не стукнуўся і лбом у дзверы.

— Вось яна! — зашаптаў, павярнуўшыся да зяця. — Тут я быў! Тут ён жыве!

— Але дзе ён? Непадобна, каб тут жылі…

Зяць зазірнуў у чорнае вакно, нібы штосьці мог там убачыць. Доктар тым часам намацаў на дзвярах замок.

— Зачынена, Ігар! Яго проста дома няма! Пачуўшы гэта, Ігар смела ўключыў ліхтарык.

— І сабакі няма, — яшчэ больш узбадзёрыўся доктар.

— А гэта што?

Ігар паказаў ліхтарыкам на нейкую прыбудовачку — ні то дрывотню, ні то прыбіральню.

— А ну, пачакайце, — ён расчыніў скрыпучыя дзверы і знік усярэдзіне прыбудовы.

Штосьці ўпала там, грукнула. Доктар аж прысеў ад страху. Паказаўся зяць, трымаючы ў руцэ рыдлёўку:

— Глядзіце, што тут ёсць.

Сапраўды, удача! У абодвух авантурыстаў, канечне, былі і свае жалязнячкі — сапёрскія, з двух бакоў навостраныя, у брэзентавых футаральчыках; адну з іх і плаванавалася пасля «аперацыі» падкінуць барадачу. А тут і падкідваць не трэба. Бяры чужую рыдлёўку, якая, дарэчы, зручней за іхнія маламеры, пакарыстайся ёю, а потым вярні на месца — і хай гаспадар сам пасля адказвае, дзе яго інструмент гасцяваў.

Ад хаткі папраставалі ў напрамку сяла. Тут ужо зяць Ігар, успомніўшы свае самаробныя схемы-«карты» з нататніка, пачаў арыентавацца. Цяпер ужо ён вёў доктара. Вунь і Вялікая Паляна, свеціцца рэдкімі агнямі… А вунь, яшчэ далей, участкі дачныя.

Сяло прамінулі па ўзлеску. А вось і яны, могілкі! Перад носам. Арудуй сабе, як хочаш, і ніводная жывая душа не ўбачыць. І леснічоўка, аказваецца, не так далёка. Што ні кажы, а шэнціць ім, цьфу-цьфу-цьфу!

Каля магілы «афганца» прыселі на карачкі. Перадыхнулі крыху — хоць і ў такіх, нязручных позах.

— З Богам, — сказаў зяць Ігар, падымаючыся, і доктар уздрыгнуў — так недарэчна, нават дзіка прагучала гэтае пажаданне, да таго не вязалася яно з той бязбожнай справаю, якую сабраліся яны зараз рабіць.

Раздзел XXV

Авантурысты раскапваюць магілу. — Страх доктара Пратасевіча. — Фіяска. — Прапажа рукавіцы.

«Працавалі» без ліхтарыкаў, у поўнай цемры, амаль навобмацак. Але пакуль што зладжана, без хібаў і памылак. Усё атрымлівалася. Спачатку павыцягвалі з зямлі бардзюрынкі, прысланілі да агароджы. Зяць асцярожна падкапаў помнік з боку магілы.

— Памажыце! — пазваў цесця, калі помнік пачаў нахіляцца.

Доктар аберуч упёрся ў халодны граніт. Зяць хуценька падсунуў пад ніз помніка, упоперак магілы, адну бардзюрыну, для страхоўкі — другую.

— Адпускайце…

Помнік стаяў роўненька, нібы ніхто яго і не трывожыў. Цяпер можна было раскапваць магілу, не баючыся, што ён зваліцца на галаву. І, калі рабіць усё з толкам, абачліва, не спяшаючыся. Выкапаць, забраць з труны каштоўнасці, акуратна засыпаць магілу, вярнуць на месца бардзюрынкі, награбсці зверху як мага больш бруднага снегу, прайсціся вакол магілы з венічкам, знішчыўшы хоць збольшага сляды. Калі зрабіць усё гэта, то нават ўдзень, за пяць крокаў ніхто нічога не заўважыць! Магіла як была, так і ёсць, помнік як стаяў на ёй, так і стаіць. Ды хто тут дужа прыглядаца будзе? Хто зімою на могілкі ходзіць? Хіба што на Радаўніцу, дык да таго часу, пасля зімы, усе магілкі аднолькавымі паробяцца!

Вось як было задумана авантурыстамі.

А на крайні выпадак — калі ўсё ж убачаць, што з магілаю няладна, дык на тое існуе барадач. З ягонай, зямлёй запэцканай, рыдлёўкаю.

Так што амаль ніякай рызыкі. Адно працуй!

Капалі на змену. Абодва, каб не пакінуць адбітку пальцаў на дзержаку рыдлёўкі, былі ў рукавіцах; ці, лепш сказаць, доктар — у пальчатках, а зяць — у звычайных будаўнічых «спяцоўках».

З непрывычкі доктар вельмі хутка стаміўся. Па спіне ў яго цёк пот, ногі трэсліся, далоні смылелі. З цяжкасцю адбыўшы сваю — пяціхвілінную — чаргу, ён скідваў пальчаткі і дзьмухаў на рукі; вадзяныя мазалі набрыньвалі нават пад пальчаткамі.

Зяць шчыраваў адзін. З шоргатам уядалася ў цвёрдую зямлю рыдлёўка. Яма рабілася ўсё глыбейшаю. Доктар адыйшоў да нейчай майгілы і абапёрся спінаю аб агароджу. Вакол былі сілуэты крыжоў і помнікаў. Чорныя дрэвы, як прывіды, цягнуліся сваімі сухімі скручанымі рукамі-галінамі да доктара, нібы сабраўшыся ашчаперыць яго. Яму стала вусцішна. Чаго яны тут, на могілках?! Што яны тут робяць?!

У гэты момант доктар выразна пачуў, як рыдлёўка стукнула аб штосьці. І адразу ж глыбіні ямы, як з калодзежа, пачуўся глухі зяцеў голас:

— Гатова!

Доктар падбег да ямы. Аднак нават зазірнуць туды не адважыўся. Спытаў зводдаля:

— Што там? Цынкавая труна?

— Ды якая цынкавая, — будзённа адказаў зяць, — усё даўно рассыпалася ўжо, і цынк, і тое, што ў цынку… Давайце, спускайцеся! — загадаў дзелавіта.

У доктара раптам пачалі стукаць зубы. Ці то ён паспеў схапіць прастуду, пастаяўшы, разгарачаны, каля халоднай агароджы, ці яшчэ ад чаго, але зубы так барабанілі, што даводзілася падпіраць рукой сківіцу.

— Іг…гар, я… не магу!

З ямы вытыркнулася зяцева галава.

— Што не магу? Спалохаліся? Вы ж доктар! Кажу вам — тут за пятнаццаць гадоў нічога амаль не засталося! Акрамя шкатулкі, канечне. Ну?

— Не… магу.

— Тады свяціце мне зверху.

— Не… магу! — як заклініла доктара. Зяць плюнуў.

— Чорт з вамі. Падайце мне ліхтарык! І сякерку.

Доктар падаў — а сам хутчэй уцякаць, да свае агароджы. Стаяў, калаціўся і нават уявіць не мог, што ж там, у яме, цяпер робіцца?..

Доўга не абзываўся зяць. Нарэшце ён моўчкі выбраўся наверх. Доктар кінуўся да яго:

— Што?! Што?! Знайшоў?!

У адказ яму ўпёрліся ў нос мокрыя брудныя пальцы, і доктар не так убачыў, як здагадаўся: гэта яму паказваюць дулю.

— Вось што я там знайшоў! Бачылі?! — зяць знясілена апусціўся проста на халодны жвір каля ямы. — Дурань! Пракляты дурань! — ён аж застагнаў, аж у лоб сабе пачаў стукаць. — Так добра жылося. У цяпле, у дабрэ. Не — захацелася большага! Паверыў, як дзіця неразумнае, як школьнік — нейкім магнітафонам, нейкім касетам. Дурню старому, гэтаму вось!..

— А ты добра глядзеў? — нясмела папытаўся доктар.

— Лезьце ды праверце!

Зяць быў злы, проста кіпеў увесь. Доктар пачуваўся, як пабіты сабака. Калі б хоць бы на гэтым усё скончылася! Калі б можна было б зараз сабрацца ды спакойна сысці адсюль! Дудкі. Трэба прыбраць усё. Нагадзілі, нашкодзілі, дык трэба ж, як ліса хвастом, сляды за сабою замесці.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 51
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)