Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Плаціць, між іншым, трэба за тэлефон,— Дубраўскі стаяў у праёме, у галіфэ й мокрай майцы. Стах машынальна сунуў руку ў кішэнь.— Ну ды добра,— працягнуў Дубраўскі ды выйшаў. Стах выйшаў за ім. — Пра маньяка чулі?— спытала шэптам шырокаротая дзяўчына, зачыняючы за ім дзьверы, але ён утаропіўся на яе няўцямна, і тая, паціснуўшы плячыма, тарганула ручку дзьвераў на сябе.
Для чалавека, які сядзеў перад Стахам, працоўны кабінэт зьяўляўся, відавочна, нечым большым за памяшканьне для штодзённай работы. Лёгка было заўважыць, зь якой асалодаю ён браў у рукі пульт кіраваньня вэнтылятарам, зь якім кепска схаваным задавальненьнем гладзіў беласьнежнаю мышкаю ейны ж уласны дыванок, якім шчасьцем напаўняліся ягоныя вадзяністыя вочы, калі ён высоўваў шуфляды дабротнага, зручнага стала, выгляд якога незямнога раскашаваньня набываў ягоны нібы сплецены з сотняў выкшталцоных кароткіх рысачак твар, калі чалавек гэты закідваў нагу на нагу і аглядаў вялікі плякат зь лягатыпам прадпрыемства, што закрываў напаўпразрыстую сьцяну. Хаця гаспадар кабінэту быў Стаху прадстаўлены па ўсёй форме, і Стах нават мог даведацца, як завуць бацьку гэтага чалавека, тром простым словам так і не ўдалося замацавацца ў Стахавай памяці. Для сябе Стах вырашыў называць гэтага вялікага, як яму сказалі, начальніка, Мурло — падчас вандраваньня па паверху ён бачыў на адных зь дзьвярэй шыльдачку з такім прозьвішчам.
Напачатку Мурло не зьвяртаў на Стаха аніякае ўвагі, быццам знаходзіўся ў кабінэце адзін. Мурло сядзеў перад кампутарам, пальцы ягоныя заклапочана перабіралі плястмасавыя чоткі, зрэдку адцягваючыся на мыш, сьвятло манітора надавала вачам гэтага чалавека ўсялякія яркія ненатуральныя адценьні, проста не Мурло, а Кібэрмурло. Зрэдзьчас Мурло нават начэсваў нагу, какетліва прыпадымаючы калашыну нагавіцы ледзь не да калена. Стах сядзеў у вельмі ўтульным скураным крэсьле, азіраўся навокал. З плякату на яго наўскос глядзеў мужык, які настолькі нагадваў Кірылу Антоныча, што ў Стаха ўзьнікла падазрэньне, ці не займаецца гэты ягоны новы старэйшы сябра пазыраваньнем у вольны ад малярства час. Уласна кажучы, лягатыпам прадпрыемства зьяўляўся сам чалавек — паводле сьмелай задумы мастака анатамічныя асаблівасці мужыка на плякаце плаўна пераходзілі ў стылізаваныя літары. У кабінэце яшчэ пахла Кіры лаю Антонычам — часнок ды адэкалён, а можа, адэкалон „Часночны”. Сам Кірыла Антоныч абмежаваўся прадстаўленьнем Стаха й Мурло аднаго адному й зьбег, спаслаўшыся на тэрміновую працу — „пасьля пажару ў агапэ работы проста нямерана”.
Нарэшце Мурло пагадзіўся са сваім кампутарам, што чалавеку сапраўды не зашкодзіць зачыніць парачку вокнаў, зірнуў на Стаха й зрабіў да яго паварот на крэсьле-круцёлцы. Стах пастараўся надаць вачам багемнасьці. Мурло надзеў акуляры й глыбока ўздыхнуў, рыхтуючыся да ўсьмешкі.
— Значыць, працаваць.
— Працаваць. Я...
— У нас.
— Так. Мне каза...
— На прадпрыемстве.
— Кірыла Антоныч паведаміў мне, што вам трэба маляры.
— Маляры. Вы маляр?
Стах разгубіўся, і гэта было пагатоў крыўдна, бо яшчэ хвіліну таму ўпэўненасьцю сваёй ён думаў падзяліцца з Мурлом. Самае ж паганае было ў тым, што ён насамрэч ня ведаў, што адказаць. Атрымлівалася глупства, зусім невясёлае, немастацкае й несправядлівае. З аднаго боку, малярствам ён ніколі не займаўся, і, натуральна, маляром сябе назваць ня мог. З другога боку, ну што гэта за прафэсыя — маляр, тут што, дыплём трэба мець, або талент? З трэцяга, і самага неадольнага боку, раз ён не маляр, то нашто ўвогуле ён прыйшоў сюды і адымае час у чалавека — мурло мурлом, але гаспадар кабінэту быў на працы, прычым дзяржаўнай. Існаваў яшчэ й чацьверты бок: не казаць жа Мурлу, што ён, Стах, не маляр.