Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
За час службы ў ім з'явілася грэблівае пачуццё да слабакоў, хварліўцаў, розных няўдак, якія па тых ці іншых прычынах чагось не маглі, не ўмелі, не выконвалі. Ён стараўся ўмець і выконваць усё. Праўда, да вайны ў чым-колечы было і цяжкавата, асабліва што датычыла палітпадрыхтоўкі - бракавала адукацыі, а галоўнае - ён не любіў кніжнай навукі, для якой патрэбны былі трыванне, стараннасць. Рыбаку болей па душы была жывая рэальная справа з усімі ўласцівымі ёй няўвязкамі і клопатамі. Відаць, таму ён тры гады праслужыў старшыной роты - характарам яго Бог не пакрыўдзіў, энергіі таксама хапала. У нейкім сэнсе на вайне яму аказалася лёгка, прынамсі проста: мэта барацьбы была відочная, а над іншымі тонкасцямі ён не шмат разважаў, бо ведаў - чым болей фашыстам шкоды, тым лепш. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы яго міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне - не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Калі лічыць правільным, што вялікі сэнс барацьбы ў тым, каб, змагаючыся за сваё жыццё, чыніць страты ворагу, дык ён меў усе падставы лічыць сябе ўдачлівым партызанскім байцом. Ва ўсякім разе, не горшым за іншых.
- Мамка, мамка ідзе! - раптам радасна завішчала дзятва за перагародкай, і ён убачыў на сцежцы жанчыну, якая хуценька бегла да хаты.
Даўгаватая спадніца, кажушок і хустка, якая таўставата абкручвала яе галаву, сведчылі пра не першую ўжо маладосць гаспадыні, але, мусіць, была яна яшчэ і не старая. Цікуючы за ёй, Рыбак трохі захінуўся за шула. Ад дзіцячага крыку за сталом прахапіўся Сотнікаў, чырвонымі са сну вачыма зірнуў на хату, але, згледзеўшы побач таварыша, зноў лёг на лаву.
Калі ў сенцах грукнулі дзверы, Рыбак адсунуўся ад акна на канец лаўкі і з робленым спакоем знерухомеў ля міскі. Трэба было як мага добразычлівей сустрэць яе, не напалохаць, не пакрыўдзіць чым - з ёй трэба было дамовіцца наконт Сотнікава.
Яна яшчэ не адчыніла ў хату дзвярэй, як з-за перагародкі сунулася дзятва: дзве дзяўчынкі асталіся пад адхінутаю шырмачкай, а гадоў пяці хлопчык, босы, у падраных, на шлейцы штоніках, кінуўся насустрач.
- Мамка, а ў нас палцізаны! Палцізаны во!
Яна памкнулася ўзяць яго, ды раптам выпрасталася - з недаўменным спалохам зірнула на незнаёмага за сталом.
- Здраствуй, хазяйка, - як мага прыветлівей сказаў Рыбак.
Але яна ўжо сагнала з твару здзіўленне, хуценька зыркнула на стол з пустой міскай, і ў яе позірку штось нездаволена перасмыкнулася.
- Здраствуйце, - холадна адказала яна, адхінаючы ад сябе малога. - Парцізаны!
- Ды во, як бачыце. Вас чакаем.
- Гэта якая ж у вас да мяне патрэба?
Не, тут штосьці не ладзілася, жанчына была яўна не настроена на той лад, які ёй прапаноўваў Рыбак, - нешта суровае, зласнаватае і нават сварлівае прабівалася ў яе голасе.
Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе - зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.
- Якая яшчэ патрэба? - Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. - Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?
- Мы не немцы, - стрымана сказаў Рыбак.
- А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам... бульбачкі, агурочкаў... Гэлька, вазьмі Лёніка! - крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі - на прыпек, цабэрак - у парог, венік - у кут.
За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, - тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху - абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.