Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Хата сустрэла іх затхлаю сумессю пахаў і - цеплынёй. Ён хапіўся рукой за абшкрэбаны бок печы - тая была свежанапаленая, і ў яго цела шыбанула такая асалода, што ён ажно застагнаў, мусіць, першы раз не стрымліваючы сябе за ўсю гэту жахлівую ноч. Знясілена і няспрытна ён апусціўся на ўслончык пры печы, ледзь не паваліўшы нейкія чыгункі на падлозе. Пакуль ён уладкоўваў параненую нагу, Рыбак зазірнуў за дыван-занавеску ў хату, дзе разы два насцярожана рыпнуў ложак. Сотнікаў напяўся, навастрыў слых - зараз павінна было вырашыцца самае для іх важнае.
- Вы адны тут? - цвёрдым голасам запытаў Рыбак у дзвярах.
- Ну.
- А бацька дзе?
- Дык нетуці, - пачуўся дзіцячы голас.
- А матка?
- Матка ў дзядзькі Амялляна малоціць. На хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна.
- Ого, як ты разбіраешся! А то едакі спяць? Ладна, хай спяць, - сцішыў голас Рыбак. - Ты чым пакарміць нас знойдзеш?
- А бульбу мамка ўранку варыла, - ахвотна азвалася малое.
Зараз жа там аб падлогу тупнулі босыя ногі, і з-за шырмачкі з'явілася гадоў дзесяці дзяўчынка ў даўгаватай паркалёвай сукенцы. Яна коратка зыркнула на Сотнікава жвавымі чорнымі вачанятамі, але не спалохалася, на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай. Каб не замінаць ёй, Сотнікаў крыху пасунуў убок сваю бедалагу-нагу.
Пад акном стаяў стол, ля стала была лаўка з алюмініевай міскаю, дзяўчынка пераставіла міску на канец стала і вытрасла ў яе з чыгунка бульбу. Рухі яе маленькіх рук былі натужлівыя і не надта спрытныя, хоць і старанныя; бачна было - яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі. Пасля адступіла да печы, з цікавасцю пазіраючы на маўклівых, узброеных, аброслых шчэццю, мусіць, страшнаватых, але, безумоўна, цікавых для яе дзядзькоў.
- Ну, давай падрубаем, - падаўся да стала Рыбак.
Сотнікаў яшчэ не адагрэўся, накалелае цела яго дробна трэслася, але ад бульбы на стале струменіла лёгкая пара, і ён памкнуўся з услона. Рыбак памог яму перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Так было лепей. Ён узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Дзяўчынка з ранейшай спаважнасцю стаяла ў дзвярах, церабіла край шырмачкі, не зводзячы з дзядзькоў свайго зыркага позірку.
- А хлеба няма? - запытаў Рыбак.
- Дык учора Лёнік усё з'еў. Як мамку ждалі.
Рыбак неспяшліва дастаў з-за пазухі старастаў акраец і адламаў ад яго кавалак, потым адламаў яшчэ і моўчкі працягнуў дзяўчынцы. Тая далікатна ўзяла хлеб, але есці не стала - занесла кудысь за перагародку і вярнулася.
- І даўно матка малоціць? - запытаў Рыбак.
- Ад пазаўчора. Яна яшчэ тыдзень малаціць будзе.
- Панятна. Ты - старшая?
- Ага, я большая. Каця з Лёнікам малыя, а мне ўжо дзевяць гадоў.
- Многа. А немцаў у вас няма?
- Раз прыязджалі. Як мы з мамкай да цёткі Галены хадзілі. У нас падсвінка рабога ўзялі. На машыне павезлі.
Толькі Сотнікаў з'еў са дзве бульбіны, як прычапіўся кашаль. Хвіліну ён так біў яго, што аж выпінала ўсё з грудзей. Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы - ён выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. У адчуваннях нешта плыло, гойдалася, хваравітая знямога звабліва клікала туды, дзе забыццё і нябыт. Ён намагаўся асіліць яе, унутрана супраціўляўся, але адчуваў, што сілы яго хопіць ненадоўга. У завалочанай туманам хваравітай свядомасці хутка адплывалі ўдалячынь рэшткі тутэйшай явы, з якой хвіліну яшчэ гучалі пераблытаныя галасы Рыбака і дзяўчынкі.
- А маці тваю як зваць? - хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.
- Дзёмчыха.
- Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?
- Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.
Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:
- Дзядзька, а вы парцізаны?
- А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.
- А вот ведаю, што парцізаны.
- Ведаеш, дык маўчы.
- А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?
- Ранілі ці не - аб тым ні гу-гу. Паняла?
Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.
- Я па мамку збегаю, добра?
- Сядзі і не рыпайся. А то яшчэ наклічаш якую халеру.