Брукаванка
Мне было ўсё адно, куды ехаць, абы пазбавіцца ад гэтага горада. I раптам скончыўся асфальт і пачалася брукаванка. I я ўспомніў, які быў шчасьлівы, калі ў дзяцінстве браў мяне з сабою бацька і мы прасёлкавай дарогай выязджалі на брукаваны шлях і скіроўвалі мядзянага каня ў горад…
…I раптам скончыўся асфальт і пачалася брукаванка. Сівая і стомленая, як калісьці бацькаў Орлік у канцы дарогі. I я ўспомніў, што ў мяне яшчэ ёсьць родная хата, а ў ёй адна, як зязюля, маці. I я ўспомніў, што калі з прасёлкавай дарогі павярнуць на брукаваны шлях — стаяць могілкі, а пасярод іх, як сьвечка, белаю бярозай сьвеціцца бацькава магіла.
Браты
Расьце раса!
Так расьце добры сон,
так расьце радасьць дзіцяці,
так расьце таемнасьць поўні.
Расьце раса!
Так расьце мая душа.
Адвяду вочы:
добры сон забываецца,
дзіця пахмурнее,
а поўня прасьвечваецца,
як парожняя шклянка.
Расьце раса… —
па інэрцыі вышэптваюць мае вочы,
асьлепленыя ранішнім сонцам.
Адтуляюся.
I сустракаю радасны братаў позірк:
расьце сонца!
Брат, уражаны сонцам,
з вакна, як шалёны, выскаквае ў канюшыну.
…І гіне раса…
Мара пра сына
Над белай як сьнег ракою
воблакаў астравы
дайце цяжарнай спакою
быццам цяжарныя Вы
і сына яна народзіць
асьвенціць вадой з ракі
князь-рыба ў Дунаі ходзіць
каб вырас і сын такі!
*** Гэта памятае толькі маці…
Гэта памятае толькі маці,
як вясной я любіў крыгаход,
калі зайцы, нібы паяцы,
каля рэчкі зьбіралі народ.
Было сьмеху і сьлёз дзіцячых,
калі заяц ішоў пад лёд
ці па крыгах скакаў, як мячык,
не зважаючы на народ.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Гэта ведае толькі маці,
як засьцігнуў мяне крыгаход,
як і зайцам зрабіў, і паяцам
і для зьдзеку сабраў народ.
Радзіма
Я — зямля, на якой не растуць дрэвы.
Я — дрэва, на якое не садзяцца птахі.
Я — птах, якога ня сочаць нават паляўнічыя.
Я — паляўнічы, у якога вечна галодныя сабакі.
Я — сабака, якога не баяцца злодзеі.
Я — злодзей, якога ня гоняць ад вогнішча.
Я — вогнішча, якое не сьцеражэцца леяў.
Я — лея, якой не шкада вандроўнікаў.
Я — вандроўнік, якому ўсё адно, куды вядзе дарога.
Я — дарога, якая ня сьніць ройсты.
Я — ройста, на якой валацуга бязмысны.
Я — валацуга, які страціў радзіму.
Я — радзіма…
Я — радзіма?
Паляўнічы, сабака, бадзяга, злодзей…