Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Стары чалавек і мора
Стары чалавек і мора - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Стары чалавек і мора

Электронная книга - «Стары чалавек і мора». Краткое содержание книги:

Аповесць «Стары чалавек і мора» (1952) сусветна вядомага амерыканскага пісьменніка Эрнэста Хемінгуэя стала вырашальным аргументам у прысуджэнні яму Нобелеўскай прэміі (1954). Амаль два дзесяцігоддзі спатрэбілася аўтару для стварэння гэтага шэдэўра. Першым подступам да тэмы аповесці стаў нарыс «На блакітнай вадзе. Гальфстрымскае пісьмо», апублікаваны яшчэ ў красавіку 1936 года. У ім пісьменнік апавядаў пра старога, які рыбачыў у моры і злавіў велізарную рыбіну марліна, з якой змагаўся некалькі дзён, пакуль падцягнуў да лодкі, а таксама пра тое, як яго здабычу разарвалі акулы. Гэта была аснова сюжэта аповесці, які дапоўніўся шматлікімі дэталямі, а галоўнае, узбагаціўся глыбокім філасофскім зместам. У 1951 годзе, калі аповесць «Стары чалавек і мора» была закончана, Э. Хемінгуэй напісаў выдаўцу: «Гэта — проза, над якой я працаваў усё сваё жыццё, якая павінна быць лёгкай, простай і лаканічнай і ў той жа час перадаваць усе змены бачнага свету і сферы чалавечага духу».
Гэтая гісторыя аб старым рыбаку Санцьяга, аб яго змаганні з велізарнай меч-рыбай, дзякуючы майстэрству Хемінгуэя, не перастае захапляць і здзіўляць не адно пакаленне чытачоў.
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30
Перейти на страницу:

— Ды нічога, — вымавіў ён уголас. — Проста я занадта далёка заплыў.

Калі ён заходзіў у маленькую бухту, агні на «Тэрасе» ўжо не гарэлі, і ён ведаў: усе спяць. Вятрыска доўга набіраў сілу і цяперака моцна дзьмуў. Аднак у гавані было спакойна, і ён падплыў да малой лапіны галькі пад скаламі. Навокал не было нікога, каб яму дапамагчы, дык ён і павеславаў, як мага далей. Пасля ён выйшаў з лодкі ды прывязаў яе да скалы.

Стары чалавек выцягнуў мачту, скруціў ветразь і завязаў яго. Узваліўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькі тады ён уведаў усю глыбіню свае стомы. Стары чалавек прыпыніўся на момант і зірнуў назад, і ўбачыў у водбліску вулічнага святла вялізны хвост рыбіны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лінію ягонай хрыбетніцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галізну рэшты.

Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршыні ўзгорка ўпаў і колькі часу ляжаў, з мачтай на плячы. Ён намагаўся ўстаць, але гэта было яму не па сіле, і ён сядзеў тамака, трымаючы мачту на плячы, ды пазіраў на дарогу. Кот шмыгнуў на далёкім схіле ўзгорка, спяшаючыся па нейкіх сваіх справах, стары чалавек паназіраў за ім. А потым вочы ягоныя глядзелі на дарогу.

Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол і ўстаў. Падняў мачту, узваліў на плячо і папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусіў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла.

У халупе ён прыставіў мачту да сцяны, у цемры адшукаў бутэльку з вадой і трохі глынуў з яе. Пасля ўлёгся на ложак. Стары чалавек нацягнуў коўдру на сябе і заснуў, лежачы тварам на газетах, выпрастаўшы рукі далонямі ўгору.

Ён спаў, калі хлопчык зазірнуў раніцою ў дзверы. Дзьмула гэтак моцна, што на дрэйфуючых лодках[41] нельга было выходзіць у мора, і хлопчык позна спаў, а пасля прыйшоў, як і кожнае раніцы, у хаціну старога чалавека.

Увачавідкі пераканаўшыся, што стары чалавек дыхае, хлопчык убачыў ягоныя рукі і заплакаў. Ён асцярожна выйшаў з халупы, каб прынесці старому чалавеку трохі кавы, і ўсю дарогу, ідучы, плакаў.

Багата рыбакоў стоўпілася вакол чоўна, разглядаючы тое, што было да яго прывязана. Адзін, закасаўшы порткі, залез у ваду і мераў шкілет кавалкам шнура.

Хлопчык не спусціўся ўніз. Ён пабываў там раней, і адзін з рыбакоў па ягонай просьбе глядзеў за лодкай.

— Як ён маецца? — нехта з гурту гукнуў хлопчыку.

— Спіць, — абазваўся той. Хлопчык не саромеўся, што людзі бачаць, як ён плача. — Хай ніхто яго не турбуе.

— Ейная даўжыня ад носа да хваста была васемнаццаць футаў, — апавясціў рыбак, які мераў шкілет.

— Пэўна ж, — адказаў хлопчык. Ён прыйшоў да «Тэрасы» і папрасіў бляшанку кавы.

— Гарачай, і каб у ёй было многа малака і цукру.

— Што-небудзь яшчэ?

— Не. Потым пабачым, што ён мог бы з'есці.

— Якая была рыбіна! — сказаў карчмар. — Свет гэткае не бачыў. Тыя дзве, што ты злавіў учора, таксама нічога.

— Да д'ябла мае рыбы! — сказаў хлопчык і зноў пачаў плакаць.

— Можа, вып'еш якога трунку?

— Не, — адмовіўся хлопчык. — Скажы, каб не турбавалі Сант'яга. Я яшчэ прыйду.

— Перадай, я вельмі яму спачуваю.

— Дзякуй, — адказаў хлопчык.

Ён занёс гарачую бляшанку кавы ў халупу старога чалавека і сядзеў там, каля яго, пакуль той не прачнуўся. Аднаго разу хлопчыку здалося, што стары чалавек прачынаецца. Але ён зноў упаў у цяжкі сон, і хлопчык хадзіў цераз дарогу пазычыць трохі дроў, каб падагрэць каву.

Нарэшце стары чалавек прачнуўся.

— Не, не сядай, — сказаў хлопчык. — Выпі гэта. — Ён наліў крыху кавы ў шклянку.

Стары чалавек узяў шклянку і выпіў.

— Яны пабілі мяне, Маналін, — сказаў ён. — Ушчэнт пабілі мяне.

— Не ён пабіў цябе. Не марлін.

— Не. Сапраўды не. Гэта здарылася потым.

— Педрыка глядзіць за лодкай і начыннем. Што ты мяркуеш зрабіць з галавою?

— Хай Педрыка пасячэ яе ды скарыстае ў пастках на рыбу.

— А кап'ё?

— Вазьмі сабе, калі хочаш.

— Хачу, — сказаў хлопчык. — А зараз нам трэба яшчэ сёе-тое вырашыць.

— Ці шукалі мяне?

— Шукалі. Берагавая варта і самалёты.

— Акіян — ён надта вялікі, а човен — малы, яго цяжка ўгледзець, — сказаў стары чалавек. Ён заўважыў, як гэта прыемна мець суразмоўцу, а не проста гаварыць сам з сабою ды з морам. — Мне бракавала цябе, — сказаў ён. — А што ты ўлавіў?

— Адну першага дня. Яшчэ адну другога і дзве трэцяга.

вернуться

41

Лодкі з адмысловымі сеткамі, у якія падчас прыліву заплывае рыба.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)