Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Першае гумарыстычнае апавяданне было надрукавана ў 1963 г. Піша на беларускай і расейскай мовах. Выдаў зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977). Для дзяцей напісаў кнігі аб прыродзе Беларусі «Лясныя хітруны» (1969; дапоўненае выданне ў 1986), «У лясной каморы» (1972), «Мядзведзеў пачастунак» (1976), «Страшны звер» (1978), «Дзіўны птах» (1981), «Казкі Сіняга лесу» (1983), «С полным лукошком: Записки грибника» (1985), «Звери Беловежской пущи» (1987), «Птицы Беловежской пущи» (1988).
Склаў зборнік «Беларускія народныя жарты» (1970), адзін з аўтараў фотаальбома «Пакланіся прыродзе» (1984).
В
Ваданосаў Мікола, нарадзіўся 04.01.1923 г. у горадзе Менску ў сям'і ваеннаслужачага.
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Котава Барысаўскага раёна. У 1939 г. паступіў у Менскі дарожна-механічны тэхнікум. У Вялікую Айчынную вайну - радыст партызанскага злучэння на Маладэчаншчыне. Служыў у Савецкай Арміі, тройчы быў паранены. У 1946-1957 гг. - тэхнік на Беларускім радыёцэнтры. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1959). З 1966 г. - рэдактар выдавецтва «Беларусь», у 1972-1982 гг. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1982).
Упершыню ў друку выступіў у 1948 г. Аўтар кніжак апавяданняў і аповесцей «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Пераломнае лета» (1961), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Адзінай маці сыны» (1968), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзе віруе Бяроза» (1973), «Дзень і ўсё жыццё» (1988). Для дзяцей выйшлі кнігі «Першае знаёмства» (1954), «Аднагодкі» (1959), «Пабярэжцы» (1960), «Рачны госць» (1961), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Здарэнне на Сцюдзёнцы» (1967), «Двайная памылка» (1969), «Лясныя прыгоды» (1976), «Жыць, каб змагацца. Цімохава тайна» (1978), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985). Напісаў зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Прынцыповы аратар» (1966), «Сам сябе падвёў» (1973), «Левыя ногі» (1983). У 1983 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Вазнясенскі Аляксандар, нарадзіўся 17.07.1888 г. у сяле Чукалы Ардатаўскага раёна (Мардовія) у сям'і настаўніка.
Скончыў славяна-расейскае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (1913) і быў пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1915-1921 гг. - асістэнт, прыват-дацэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Растоўскага ўніверсітэта. У 1921-1927 гг. - дацэнт, у 1927-1930 гг. - прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля працаваў у Маскоўскім інстытуце кінематаграфіі, у Маскоўскім гарадскім педінстытуце, у Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці (1930-1934). У 1934 г. быў высланы ў Ташкент, дзе да чэрвеня 1939 г. працаваў загадчыкам вучэбнай часткі курсавога навучання рабочых кадраў, эканамістам па планаванні і ўліку. З 1939 г. - прафесар Казанскага педінстытута. З 1940 г. - прафесар, а ў 1943-1947 гг. - дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага ўніверсітэта. Доктар філалагічных навук, прафесар.
Узнагароджаны медалём.
Памёр 16.01.1966 г.
У друку пачаў выступаць у 1913 г. з артыкуламі па гісторыі расейскай класічнай літаратуры. Быў прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ва ўсходнеславянскім літаратуразнаўстве. Аўтар артыкулаў пра М.Гогаля, М.Лермантава, І.Тургенева і інш. У 20-я гады ў часопісах «Полымя», «Узвышша», у «Працах БДУ» змясціў шэраг артыкулаў па тэорыі літаратуры і пытаннях развіцця беларускай літаратуры, беларускага тэатра. Выдаў працы «Паэтыка Максіма Багдановіча» (Коўна, 1926), «Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры» (1927), «Паэмы Янкі Купалы (Сюжэтная пабудова і стыль)» (1927). Доктарская дысертацыя «Исследования по истории новой белорусской литературы» (ч. 1-3) не апублікавана, зберагаецца ў бібліятэцы Казанскага ўніверсітэта.
Вайцяшонак Марыя, нарадзілася 03.05.1942 г. у горадзе Змяінагорску Алтайскага краю ў сям'і высланага з Беларусі польскага асадніка.
Пасля смерці бацькоў выхоўвалася ў дзіцячых дамах Змяінагорска, Масквы, Ракава. Працавала на Менскім камвольным камбінаце прадзільшчыцай, адначасова вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце (скончыла ў 1972). Працавала ў школах вёсак Боркі, Роўбіцк Пружанскага раёна, Схоліна, Дунілавічы Пастаўскага раёна, у Мядзелі, выхавацелькай дзіцячага сада ў Менску. З 1974 г. на журналісцкай працы ў «Сельской газете», часопісах «Неман», «Беларусь», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1990 г.