Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Памёр 23.12.1961 г.
Друкавацца пачаў у 1925 г. Выступаў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Аўтар кніг «Янка Купала: Крытычны нарыс» (1932), «Андрэй Александровіч» (1932), а таксама шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у перыядычным друку. У 30-я гады склаў шэраг чытанак, хрэстаматый па беларускай літаратуры для школ.
Бяганская Ядвіга, нарадзілася 29.02.1908 г. у горадзе Ўлан-Удэ (Бурація) у сям'і чыгуначніка.
У 1922 г. з бацькамі вярнулася ў Беларусь. У 1924 г. аселі на жыхарства ў Менску. Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Працавала выкладчыцай расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў школах Менска. У лістападзе 1937 г. была арыштавана, асуджана на 10 год зняволення, адбывала тэрмін у калымскіх лагерах, дзе працавала на цяжкіх работах да дня свайго вызвалення. У ліс-тападзе 1947 г. ёй было дазволена жыць на Гомельшчыне. Толькі пасля рэабілітацыі (1954) атрымала магчымасць вярнуцца ў Менск. У 1956-1964 гг. працавала старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджана медалямі.
Памерла 03.04.1992 г.
У друку дэбютавала вершамі ў 1926 г. (часопіс «Малады араты»). Напісала для дзяцей кнігі аповесцей, апавяданняў «Далеко на Севере» (Магадан, 1954), «Жэнеў галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Кожны марыць стаць Калумбам» (1968), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1980), «Сланечнікі» (1980) «Ля самага сіняга мора» (1982), «Сонцу і ветру насустрач» (1988).
Працавала ў галіне перакладу з польскай і славацкай моў на беларускую. З польскай пераклала аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж» (1932), Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы» (1970), Г.Бахляровай «Дом пад каштанамі» (1972), А.Богдая «Прыгоды маленькага Пінгвіна Пік-Пока» (1973), Э.Ажэшкі «Хам» (1975), Г.Паўшар-Кляноўскай «Нявыдуманыя гісторыі» (1976) і інш. Са славацкай - раманы М.Крно «Я вярнуся жывы» (1960), У.Мінача «Жывыя і мёртвыя» (1961), К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка» (1976), Я.Грушоўскага «Яношак» (1980) і інш.
Бядуля Змітрок (сапр. Плаўнік Самуіл), нарадзіўся 23.04.1886 г. у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сям'і арандатара.
Вучыўся ў пачатковай жыдоўскай школе - хедары, у школе рабінаў - ешыбоце. Працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 г. канторшчыкам на лесараспрацоўках. У 1912 г. быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Разам з Янкам Купалам працаваў у газеце «Наша ніва». Летам 1915 г. з Вільні вярнуўся ў родны Пасадзец, а неўзабаве пераехаў у Менск, дзе працаваў у беларускім бежанскім камітэце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі некалькі год працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі» і краязнаўчага «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», пасля - ва «Узвышша». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся з Беларусі. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Памёр 03.11.1941 г. каля Ўральска.
Першы надрукаваны твор - абразок на беларускай мове «Пяюць начлежнікі» (газета «Наша ніва», 1910). У 1911-1912 гг. друкаваў вершы на расейскай мове ў часопісах «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). У 1913 г. апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій «Абразкі» (Пецярбург). У паслярэвалюцыйны час выйшлі кнігі паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зборнікі апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Выбраныя апавяданні» (1926), «Танзілія» (1927), «Дэлегатка» (1928), «Тры пальцы» (1930), «Незвычайныя гісторыі» (1931), «Па пройдзеных сцежках» (1940), аповесці «Салавей» (1928, экранізавана і пастаўлена ў 1937, аднайменны балет у 1939), «Набліжэнне» (1935), «У дрымучых лясах» (1939, часопіс «Полымя»), двухтомны раман «Язэп Крушынскі» (1929-1932), «Выбраныя творы» (1934). Шмат зборнікаў выбраных твораў выйшлі ў пасляваенныя гады. Для дзяцей выдадзены кнігі «Качачка-цацачка» (1927, казка), «Вясной» (1928, вершы), «Гаспадарка» (1930, вершы), «Мурашка-Палашка» (1939, вершаваная казка), «Люцік» (1940, верш), «Хлопчык з-пад Гродна» (1940, паэма), «Апавяданні» (1947), «Мае забавы» (1949, вершы), «Сярэбраная табакерка» (1958, казка і апавяданні), «Дзень добры!» (1979, вершы, казкі, апавяданні), асобныя вершы, казкі. У 1951-1953 гг. выйшаў Збор твораў у 4-х, у 1985-1989 гг. - у 5 тамах.
Выдаў даследаванне «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях» (1924), кнігу нарысаў «Дзесяць» (1930).
Пераклаў з жыдоўскай на беларускую мову аповесць Шолама-Алейхема «Хлопчык Мотка» (1930), раман С.Годынэра «Чалавек з вінтоўкай» (1933), кнігу С.Каган «Апавяданні» (1940), паасобныя вершы Т.Шаўчэнкі, Ю.Будзяка.