Адзiнота на стадыёне
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Адзiнота на стадыёне». Краткое содержание книги:
— Добры цi злы — мне без рознiцы, я больш не буду займацца манументалкай.
— А чым станеш займацца, калi не сакрэт?
— Графiкай.
— Ты не зможаш пераквалiфiкавацца. Ва ўсялякiм разе, не цяпер.
— Чаму я не змагу?
— Таму, што ёсць заказ, якi ты будзеш рабiць. Ты ж хацеў зрабiць крэматорый?
— Крэматорый?
— Так.
— Твае дваццаць пяць працэнтаў?
— Дамовiмся.
— Не дамовiмся...
— Ты ператамiўся, табе трэба адпачыць i падумаць.
— Я ўжо рашыў.
— Эскiзы да крэматорыя ты ўжо зрабiў. Заўваж, цябе нiхто не прасiў, ты сам iх зрабiў. А я толькi знайшоў месца для рэалiзацыi тваiх iдэй.
— Ды згары ты разам з крэматорыем...
— Заказ не гарыць. Наконт працэнтаў дамовiмся. Адпачывай...
Наблiжаюся да тралейбуснага прыпынку, дзе чакаюць ледзь не ўсе пасажыры з майго аўтобуса. Зыркi агеньчык таксi зiхацiць над чорным люстэркам вымытай вулiцы. Выходжу на сярэдзiну дарогi i, ускiнуўшы руку, спыняю "матор".
— Вы не ў аэрапорт? — нехта пытаецца ў маёй спiны.
— Мне ў другi бок.
Таксiст шчоўкае лiчыльнiкам.
— Цэнтр, — кiдаю таксiсту.
Скразняк прыемна студзiць патылiцу. Лiповыя ствалы спяшаюцца насустрач лабавому шклу.
— З шабашкi? — пытае таксiст.
— Можна i так сказаць.
— Я адразу здагадаўся, як толькi ты на дарогу выйшаў...
— Вiдаць, што з шабашкi?
— Вiдаць.
Таксiст расказвае анекдоты, пашлаватыя i без гумару, але я смяюся i расказваю яму некалькi абстрактных анекдотаў. Таксiст не вельмi разумее iх, але смяецца. Далей мы маўчым. На развiтанне пакiдаю яму паўрубель, на гарбату. Падымаюся ў калодзежы пад'езда да сваiх дзвярэй. Вось i дома. Нарэшце.
Раскiдваю вопратку ў перадпакоi. Заходжу ў пакой, ён у мяне i зала, i спальня, i гасцёўня, i сталовая... Нацiскаю на кнопку магнiтафона. Аднапакаёўку перапаўняе металiчны гук электрагiтар, прыкуты да рэзкага галашэння. Спачатку душ. Стаю пад гарачымi струменямi. Пасля голы iду да шафы, на падлозе застаюцца плямiны. Загортваюся ў крухмальную прасцiну. Заварваю моцную гарбату i п'ю, седзячы ў крэсле, пасярод пакоя. Вялiкае люстра шафы якраз насупраць, а ў iм — мой партрэт. Засцiлаю чыстую бялiзну. Кладуся. Чытаю: "А зараз высплюся, як чалавек". На гэтым сказе спыняюся, паўтараю яго, адкладваю кнiгу i засынаю. Прачынаюся i не помню сноў.
Узнiкае жаданне апрануць касцюм i абавязкова павязаць гальштук. Пакуль прыбiраю кватэру, жаданне мацнее. Завязваю перад люстэркам гальштук i зашпiльваю пiнжак. З люстэрка на мяне глядзiць малады чалавек — зусiм не я. Ён спакойны, упэўнены. Ён штодня ходзiць у дэпартамент i г. д.
Спяшацца няма куды. Адчуваю сваю адпаведнасць класiчнаму праспекту. Дый як не адчуць яе, калi ў кожнай вiтрыне мая светлая кашуля i мой адпрасаваны касцюм, мой урачысты гальштук, мае залатыя запiнкi i мае новыя туфлi. Толькi твар змянiўся, ён застыў, знерухомелi вочы i вусны. Мяне цяжка пазнаць, нiкому i ў голаў не прыйдзе, што я сёння кельму трымаў i тачку са смеццем вазiў.
Карнiзы, капiтэлi, аркi, маскароны... Як добра, што яны заўсёды чакаюць мяне. Што яны дачакалiся мяне сягоння. Вось гэты стогадовы маскарон, над магазiнам "Фiлатэлiст". Ён заўжды вiтаецца пры сустрэчы i мiргае, мiргае каменнымi вачыма. А карынфская капiтэль на дзяржбанку абяцае падарыць мне лiст-акант. Вежа насупраць кнiгарнi — у нас з ёй даўняе каханне. А ў аркадзе кiнатэатра я не магу не стукаць абцасамi. Купал галоўнага паштамта, як спiна дыназаўра, што хаваецца за жалезнай брамай. На стадыёне цiшыня. Расшпiльваю пiнжак i засоўваю рукi ў кiшэнi. Стаю на самай высокай трыбуне. Панарама заводскага раёна геаметрычная i выразная. Вецер забаўляецца з гальштукам. На прыступках рэстарана "Беларусь" мяне хапаюць за локаць.
— Не пазнаеш?
— Пазнаю.
— А што ў касцюме i пры гальштуку? Мо на прыём хадзiў?
— Ты здагадаўся, калi пахаванне называюць "прыёмам". Бывай.
— Бывай.
Застаюся адзiн. Мне няма куды iсцi, мне няма да каго iсцi. Мне нават няма каму патэлефанаваць. Выразна чую свой голас:
— Ты зараз яму патэлефануеш, ты возьмеш заказ. Крэматорый — твая тэма. Калi памiрае чалавек, людзi завешваюць люстэркi, каб не множылася гора. I ў тваёй працы не павiнна быць адлюстраванняў, нiякiх слiзкiх i блiскучых матэрыялаў. Усё будзе матавым, шурпатым, фактурным. Нiякiх цёплых гарачых тонаў. Стэрыльнасць, строгасць, халоднасць... Чыстая ўрачыстасць павiнна ў цябе атрымацца. Ты ведаеш, як зрабiць крэматорый, i зробiш яго. Нехта павiнен рабiць чорную работу. Дык хай робiць той, хто ведае, хто не баiцца яе, хто верыць у сябе...
Таксафон прагна глытае капейкi.
— Слухаю вас...
— Зноў я.
— Ты спаў?
— Якая рознiца?
— I ўсё ж?