Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Смута - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Смута

Электронная книга - «Смута». Краткое содержание книги:

Галоўны герой побытава-фантастычнай аповесці “Сінія кветкі” маралізатар Арцень Холад, якому здраджвае нявеста, пакутуючы, прыходзіць да высновы, што здрада ёсць найвялікшае зло, якое павінна быць пакарана, адпомшчана яшчэ пры жыцці. Пад гэтую “тэорыю помсты” і падганяе Холад свае ўчынкі – абдуманыя, хітрыя, часам жорсткія: урэшце ён дабіваецца ўсяго, чаго хоча, але развязка ў аповесці нечаканая... (аўтар нар. у 1964 г. на Гомельшчыне).
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 68
Перейти на страницу:

Больш у Холада і радні асабліва блізкай не было. З чатырнаццаці гадоў, пасля смерці маткі, ён жыў у Светлагорскім інтэрнаце для сіратаў, потым — у нейкага далёкага, вада на кісялі, дзядзькі — у Кустанайскай вобласці (запомніўся толькі стэп, цесната ў хаце, пах ад халоднай грубкі і злыя дзядзыкавы дзеці, якія дражнілі яго Булькаю — у сэнсе, бульба, хоць ён гаварыў там чыста па-руску); недзе за год перад прызывам цётка нечакана прыслала ліст, што хата пустуе, яна хварэе, прыязджай і жыві колькі хочаш. ЁН прыехаў з радасцю. Цётчыная хвароба аказалася надуманаю — проста нехта яе падвучыў, што за прызыўніком можна атрымаць ад ваенкамата пэўныя льготы: цётка была добрая, але скупаватая.

У самое мястэчка ён часта ездзіў з маткаю і раней, але толькі цяпер убачыў, якое яно прыгожае і, галоўнае, сваё. Локцевічы былі невялікія і ўтульныя, яшчэ не скалечаныя мікрараённымі забудовамі, з зялёнымі дварамі і акуратнымі брукаванымі вулічкамі. У Холада з'явіўся свой пакой, нармальная, людская ежа (хоць бы тая ж бульба з гуркамі і салам, затое ўволю), з'явілася вольнасць — вольны час не прыблуды, які нудзіцца, бо нікому не патрэбен, а — хатняга чалавека.

Чытаць ён палюбіў яшчэ ў інтэрнаце, а тут, дзе не было раскірдаша і адбою ў 22.З0, глытаў кнігі запоямі, часта да раніцы. Чытаў бессістэмна, з аднолькавай цікавасцю Стэндаля, Дзікенса і паэмы Якуба Коласа, рызыкуючы нажыць г. зв. «кніжнае атупенне» — эпіізод у Шукшына, калі хлопчык звар'яцеў, чытаючы, ніякая не мастацкая выдумка.

Да абеду можна было спаць, а там — рабіць што хочаш. Холаду падабалася хадзіць локцевіцкімі вуліцамі, белымі каля платоў і ў выбоінах ад абляцелых пялёсткаў, выходзіць за горад, за недабудаваны аўтавакзал, потым — дубовым сухім лесам, пакуль вачам нечакана не адкрывалася драўляная альтанка-прыпынак і чорна-сіняя стужка асфальту. Можна было пад'ехаць аўтобусам у Мазыр, але ён не любіў гэтага гарбатага горада з бязладнай архітэктураю; лепш было, не даязджаючы прыпынку, сысці каля Прыпяці і пакупацца, пазагараць ці пакідаць донку. Вечарамі ён стаяў на локцевіцкім чыгуначным вакзале, блізка каля якога жыла цётка, і глядзеў на пасажырскія цягнікі. Адныя шыльды на вагонах прымушалі няроўна біцца сэрца: Сімферопаль — мора, Рыга — Еўропа, Кішынёў — віно, памідоры, Ленінград — культура, Мінск — невядома што, радзіма... Ні ў адным з гэтых гарадоў ён ні разу не быў, нават праездам.

Цудоўнае было тое лета, а восень — яшчэ лепшая. Цётцы праз знаёмых удалося ўладкаваць Холада на паўстаўкі на працу — бетоншчыкам. ЁН з радасцю цягаў славутым «стаханаўскім пялёсткам» пахкі бетон, запаўняючы лабірынт апалубкі, ведаючы, што гэта — часова. Добра было на перакурах выціраць з лоба пот, дрыготкімі пальцамі размінаць цыгарэціну і ў душы, пасля працы, халаднаватымі струменямі змываць з цела бруд і стомленасць. З'явіўся ў брыгадзе і сябар — старэйшы за Холада ледзь не ўдвая, але яшчэ нежанаты, Лёня Навумаў. Калі-нікалі, вечарамі, яны пачалі хадзіць на дыскатэку.

Холада цягнула ў гэтае новае жыццё, як сасмяглага, спацелага чалавека душным днём цягне купацца, але рака была незнаёмая, і ён уваходзіў у яе пакрысе, спрабуючы нагамі дно. Сапраўды, хутка ён натыкнуўся на падонны корч. ЁН, у параўнанні з мясцовай дыскатэчнай публікай, быў проста жахліва — інакш не скажаш — апрануты. Нават калі танец быў агульны, у крузе (на пачатку васьмідзесятых была такая мода), дзяўчаты стараліся не стаць з ім побач. Яшчэ маглі сысці за нешта купленыя кустанайскім сваяком украінскія джынсы за трыццаць рублёў, з бляшкай, на якой так і было напісана — «Джынсы», але пінжак, сіні інтэрнатаўскі пінжак з металічнымі выпуклымі гузікамі, пра які назіральны Навумаў сказаў: «Ты нагадваеш у ім Аркашку, што бычкі на вакзале збірае».

Да зімы Холад сабраў грошай і купіў світэр і сапраўдныя джынсы, але на дыскатэкі больш не хадзіў. Асталіся ад тых паходаў толькі невядомая трывога ды дзявочыя нафарбаваныя тварыкі ў разнаколерны святле люстранога шара.

ЁН вярнуўся да кніг, запісаўся ў чытальную залу. Нейкія спакойныя, утульныя трапляліся кнігі, падабалася глухаватая цішыня, падабалася новая загадчыца чытальні, кірпатая, з белым невялікім «хвастом». Ад яе веяла студэнцкім жыццём, вялікім горадам і жаночым вопытам. Ёй было дваццаць чатыры, а Холаду — семнаццаць.

I гэтай зімою, разам з пакупкаю новых — з рук, вядома, джынсаў, здарылася дзіва. Загадчыца, Тома яе звалі, жыла на кватэры ў адзіным пакуль у Локцевічах мікрараёне. Яна баялася адна хадзіць у цемры дадому. I неяк папрасіла Холада яе правесці. Патрыярхалыныя законы мястэчка былі непарушныя — параў не чапаць. I яны хадзілі смела, напрасткі, самымі цёмнымі завулкамі, сустракаючы самыя розныя камланп, але іх не чапалі нават словам.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)