Меч князя Вячкі
- Автор: Дайнеко Леонид Мартынович
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Меч князя Вячкі». Краткое содержание книги:
Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.
Твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама іх бліжэйшых суседзяў-літоўцаў, латышоў, эстонцаў, для таго, каб процістаяць ворагам.
Ноччу Мірошка ўскрыкваў, усхопліваўся з палатак. Здавалася, што з усіх бакоў глядзяць на яго злавесныя вогненныя вочы, што жахлівыя кіпцюры і зубы цягнуцца да яго. Хацелася ўцякаць, бегчы ад гэтага страхоцця, але ногі былі як не свае — блыталіся ў нейкай даўжэзнай пякучай траве або засмоктвала іх агідная хлюпоткая багна. Падыходзіла маці з карцом халоднай вады, асцярожна катурхала сына за плячук. Мірошка прачынаўся, піў ваду, прасіў маці, каб пасядзела побач, і толькі тады сон браў яго ў абладу, зноў блукаў хлопчык па таямнічых чароўных сцежках, але былі яны ўжо добрыя, вясёлыя. Там гулялі рахманыя зайцы. Там валасатыя магутныя туры даверліва бралі Мірошку да сябе на спіну, і ён імчаўся ў бясконцыя лясы, у лугі, што аж гарэлі ад яркіх кветак.
— Ты, брат, чаго крычыш уначы? — смяяўся раніцой Якаў.— Ты ўдзень ідзі ў пушчу, адкрычыся і ноччу будзеш спаць як у бога за пазухай.
Яны і сапраўды ішлі на Свіслач, у засыпаную снегам пушчу, і крычалі, галёкалі на ўсю моц маладых грудзей:
— Ого-го-го-го! Эге-ге-ге-гей!
Бялюткі снег тонкімі струменьчыкамі зрываўся з калматых ялін. Перапалоханыя вавёрыцы імклівымі чародкамі ўцякалі па вяршалінах дрэў. Аднойчы пагрозна зараўло, гнеўна закрактала пад яловым вываратнем.
— Уцякайма, Мірошка! Мядзведзь прачнуўся! — весела закрычаў Якаў. Яны далі такой лататы, што аж вецер свістаў увушшу.
У час сваіх лясных блуканняў патрапілі Якаў з Мірошкам на паганскае капішча. У цэнтры круглай лясной паляны стаяў высокі, амаль у тры сажні ростам, дубовы бог (папы завуць яго ідалам), упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі, пацеркамі з жалудоў, арэхаў і сушаных ягад. Наўкол галоўнага бога, па крузе, стаялі маленькія бажаняткі. Іх было, як падлічыў Якаў, дванаццаць, столькі, колькі ў сонцавароце чартогаў — месяцаў.
Да капішча з усіх бакоў лесу былі густа пратаптаны сцежкі. Снег з балвана і балванчыкаў быў старанна змецены.
— Ходзяць сюды людзі,— сказаў Якаў.— І твая маці ходзіць.
«Дык вось які ты, лясны бог», — думаў Мірошка, асцярожна падыходзячы да галоўнага ідала, узіраючыся ў цёмныя, груба высечаныя з дрэва рысы загадкавага суровага твару. У ідала не было ні ног, ні рук — толькі галава на тоўстым дубовым камлі. «Тут моліцца мая маці, суседка Праскоўя. Сюды пад покрывам цемры, каб ніхто не заўважыў, прыходзяць, пракрадваюцца людзі з усіх вакольных абшчын. Чым ты вабіш іх, лясны бог? Што даеш? Цябе б даўно пасеклі на дробненькія кавалкі і спалілі князь з папом, каб толькі знайшлі. Скажы, лясны бог, як жыве на тым свеце мой бацька Рацібор? Ці добра яму там? Ці ўспамінае ён мяне?»
Якаў, відно па ўсяму, таксама быў усхваляваны нечаканай сустрэчай з лясным богам. Зняў шапку, стаяў, маўчаў, глядзеў на цемнатварага дубовага ідала.
Раптам прамень сонца, прабіўшы снегавыя хмары, упаў на твар ідалу. І адбыўся цуд — ярка і весела заззялі, засвяціліся, як у жывога чалавека, вочы ў ідала. Мірошка з Якавам так і здранцвелі, застылі, не дыхаючы.
Яны маглі паклясціся на крыжы, што за імгненне да гэтага ў ідала не было ніякіх вачэй, твар быў цёмны, плоскі, мёртвы, сляпы. І раптам — гэтыя вочы! Сонечныя промні, як залатыя ніткі, затрапяталіся на шчоках у ідала. Здавалася, ён адначасова і смяецца, і плача.
Схавалася за хмары сонца, патух прамень, ідал зноў зрабіўся ідалам — нерухомым цёмным мёртвым кавалкам дрэва.
— Што гэта было? — беручы Якава за руку, спалохана прашаптаў Мірошка.
— Вочы… Вочы глядзелі на нас, — ціхім голасам адказаў Якаў.
— А дзе яны зараз?
— Бог іх заплюшчыў. Ён убачыў нас, прывітаў і зноў заплюшчыў вочы. Ён не хоча дужа доўга глядзець на людзей, бо людзі здрадзілі яму, памянялі яго на грэчаскага бога, якога салодкім дымам з кадзільняў абкурваюць папы. Пойдзем адсюль, Мірошка.
Яны асцярожна па адной са сцяжынак, каб не пакідаць лішніх слядоў, пайшлі па зімовым лесе, і Мірошка ўсё бачыў перад сабой таямнічыя яркія вочы. Яны глядзелі на яго са снегу, з цёмна-зялёных яловых галінак, з неба, нават са спіны Якава, што ішоў паперадзе.
«Што гэта было? — думаў, пакутаваў Мірошка. — Чаму маўчыць Якаў? Ён жа так любіць пра ўсё расказваць, усё растлумачыць, павучыць, дзе трэба і не трэба».
Якаў і праўда ведаў, што гэта было такое. На месцы вачэй у ідала былі ўвабіты два маленькія каштоўныя каменьчыкі. Іх прывезлі дужа здалёку, з цёплага мора, да якога хіба толькі птушкі далётваюць. Ажно лашт48 мёду і воску аддалі за іх купцам людзі з берагоў Свіслачы і Бярэзіны. Якаў ведаў пра гэта, ды чамусьці не захацеў расказваць Мірошку — хай помняцца хлопцу не камяні, а вочы, жывыя, нясцерпна-бліскучыя.
А зіма ўсё болей выхалоджвала зямлю і пушчу. Потым паваліў снег, ды такі густы, такі спорны, што за некалькі дзён Свіслач замяло па самыя берагі. Гарэлая Весь згубілася пад снегам, толькі нячастыя дымы, як звярыныя хвасты, павольна калыхаліся ў сталым небе.
Ямы, у якіх хаваюць зерне, замуравала, да іх цяжка, амаль немагчыма было прабіцца, і голад рэзаў жываты. Звяры і птушкі некуды зніклі — ці то пахаваліся ад лютай зімы, ці то перабеглі і пераляцелі ў больш бяспечнае месца. Паляўнічыя вярталіся з ціхай пушчы з туламі, поўнымі стрэл, з рогвіцамі, якія так ні разу і не ўпіліся ў цёплы звярыны бок. У сілкі, у пасткі, у звярыныя ямы траплялі толькі снег і леташняе мёрзлае лісце.
У асабліва лютую марозную ноч на небе ўспыхнуў вялікі срабрыста-белы крыж. Ён пагрозліва ззяў над зямлёй. Усе прачнуліся ў Гарэлай Весі — старыя і малыя. Усе са страхам глядзелі ў ледзяную вышыню, чакалі канца свету.
Назаўтра чорная нітачка людзей пацягнулася з Гарэлай Весі ў Княжае сяльцо. Ішлі з уздыханнем і плачам, пакорліва. Слёзы на вачах у жанчын камянелі, ператвараліся ў бліскучыя халодныя гарошыны.
Рагвалод Свіслацкі сустрэў змарнелых смердаў мірам і ласкавым словам, як бацька сустракае сваіх блудных дзяцей.
— Князь-хрысталюбец, князь-міласэрнік, дай хлеба, — зняў шапкі, бухнуўся ў шорсткі снег натоўп. — У вачах цёмна… Дзеці пухнуць… Хоць на конскім хвасце вешайся…
— А вы парэжце сваіх коней і ешце іх, — сыта зарагатаў з вала старшы канюшы Канопліч, які не забыўся, як гэтыя ціхмяныя авечкі нядаўна па валасіне выдзіралі яму бараду.
— Не тое кажаш, раб, — сярдзіта глянуў на Канопліча Рагвалод Свіслацкі.— Што смерд без каня? Хмара без неба. Дзьмухне вецер — і няма хмары. — І зноў павярнуўся да натоўпу, што безгалоса стаяў на каленях. — Сасновую кару ясцё?
— Ядзім, княжа. І мох ядзім…
— Дрэнна. Хрысціяне павінны есці божы хлеб, а не траву падножную. Я дам вам хлеба. Адчыню жытніцу. Сказана ў «Слове пра багатага і беднага Лазара»: «Ты ж, калі ўвойдзеш у палаты, калі ляжаш на ложа і паставяць перад табой вялікую і поўную трапезу, тады ўспомні таго беднага, што блукае, як пёс, па вуліцах у змроку і брудзе і адтуль ідзе не на ложа, не да жонкі, а на саломе, быццам пёс, усю ноч вые».
— Дзякуй табе ў ногі, князь-заступнік, — квола, бо не было сіл, загаманіў натоўп.
— Я дам вам хлеба, а вы майму агнішчаніну49 Някрасу аддасцё зарэчны луг, на якім пасвілася абшчынная гавяда.
Падумалі смерды, што ўжо не першаму агнішчаніну аддаюць яны кавалак сваёй зямлі, ды не хапіла моцы пярэчыць, бо галодныя бліскаўкі зіхцелі ўваччу, бо дзеці плакалі.
Княжы хлеб выратаваў Гарэлую Весь. Перабіліся, перакідаліся, перацярпелі, а там і зіма адпусціла, і сонейка пачало з неба ўсміхацца, і той, хто не памёр у маразы, ужо верыў, што неяк дажыве да вясны, да дня Барыса і Глеба, калі зерне ў раллю кідаюць, спяваючы:
Ды рана радавалася Гарэлая Весь. Глыбокі снег, што заваліў яе перад гэтым, не толькі бяду і пакуту прынёс. Ён і вялікую ласку ёй зрабіў — адрэзаў ад усяго свету. У тым ліку і ад ворагаў, ад тацей-жывадзёраў, у якіх учэпістыя рукі, ненаедныя жываты і злыя мячы. А толькі паменела снегу ў пушчы і на рэках, толькі змог войскі конь, не праваліўшыся ў снег па самы жывот, дабегчы да Гарэлай Весі, як прыйшла ў Свіслацкае княства дружына друцкіх князёў. Кажуць жа людзі: куды конь з капытом, туды і рак з кляшнёй.
48
Лашт — тона.
49
Агнішчанін — гаспадар пасекі, «агнішча», «княжы муж».