Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:

Гэта — яго кніга жыцця. «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча (1921–2000), якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 93
Перейти на страницу:

Як бачым, па меры далейшага прасоўвання Новагародскай дзяржавы ў глыб балцка-літоўскіх земляў працягвалася і іх супраціўленне. У той жа час як пры Міндоўгу, Войшалку, Трайдзені, так і пры Віцені мы не знаходзім у крыніцах ніводнага факта супраціўлення ўладзе вялікіх князёў у беларускіх землях.

Паколькі дзейнасць (і выключна вайсковая) Віценя адбівалася толькі ў заходніх крыніцах, то мы ведаем у цэлым толькі пра яго барацьбу з крыжакамі і часткова з палякамі. Менавіта першае ўпамінанне пра Віценя ў 1291 г., калі ён не быў вялікім князем, і гаворыць пра яго паход на Польшчу. Там сказана, што Лютувер паслаў яго супроць палякаў у зямлю Берасцейскую. Берасце ў гэты час знаходзілася ва ўладзе валынскага князя Мсціслава. Трэба зазначыць, што ён перад гэтым вёў упартую спрэчку са сваім пляменнікам Юрыем Львовічам за Берасце. Жыхары гэтага горада выказалі былі сваю сімпатыю да яго саперніка, і яны былі за гэта пакараны. Мсціслаў, не хочучы праліваць іх крыві, вырашыў абкласці іх цяжкай данінай, аб чым і загадаў пісцу запісаць у летапіс: «…уставляю ловчее на Берестьяны и в векы за их коромолу: со ста по две лукне меду, а по две овце, а по пятннадесять десятков льну, а по сто хлебов, а по пяти цебров овса, а по пяти цебров ржи, а по 20 куров, а по горожаны 4 гривны кун, а кто мое слово порушить, а станет со мною перед богом. А вопсал есмь в летописець коромолу их». Вядома, усё гэта не магло выклікаць прыхільнасці берасцянаў да валынскіх князёў і ў далейшым мела ўплыў на ўваходжанне Берасцейскай зямлі ў склад BKЛ. Іпацьеўскі летапіс пад 1291 г. апавядае аб дапамозе Льва Галіцкага польскім князям Баляславу, Кандрату, Лакотку пад Кракавам, але там Віцень не ўпамінаецца. Аднак магчымасць барацьбы Віценя за Берасце нельга выключыць. Берасцейская зямля, у склад якой уваходзілі апроч Берасця Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, клінам урэзвалася паміж Мазовіяй і новагародскімі ўладаннямі, і таму барацьба за яе была жыццёва неабходнай для дзяржавы. Да таго ж гэтая зямля была адгароджана ад Валыні балотамі і пушчамі. Усё гэта аблягчала яе ўключэнне ў склад ВКЛ, што і адбылося ў 1315 г. Цікава, што ў познім Васкрасенскім летапісе ў заслугу Віценю, які там называецца сынам Трайдзеня (Прайдзеня), і ставіцца якраз тое, што ён «прибавил земли Литовские много и до Бугу». Магчыма, што далучэнне Берасцейскай зямлі было найбольшым тэрытарыяльным прырашчэннем у час Віценя. На жаль, крыніцы не даюць магчымасці ўстанавіць, ці пашыралася ўлада Віценя на Тураўскую і Пінскую землі.

Пра паход Віценя супроць Польшчы гаворыцца і пад 1293 г., калі ён стаў вялікім князем. Уварваўшыся з вялікім войскам у Сандамірскую зямлю, ён спачатку меў вялікі поспех, захапіўшы багатую здабычу і тысяч шэсць палону, але пасля адыходу пацярпеў паражэнне.

Ужо адзначалася, што ў ВКЛ беглі, ратуючыся ад крыжакоў, прусы, дзе іх прымалі і сялілі найперш у раёне Горадна. Так, напрыклад, адзін з апошніх прускіх старэйшын Скурда з усімі сваімі людзьмі пакінуў радзіму. Для рассялення іх каля Ліды была адведзена зямля (в. Кержышкі). Вось гэтым і тлумачылася, чаму Прускі ордэн і пачаў свае набегі на Гарадзенскую зямлю. У 1284 г. рыцары і напалі на яе. Яны аблажылі Горадзен, пасля жорсткага бою авалодалі яго акольным горадам (самога цэнтра не змаглі ўзяць), пабілі безліч людзей і пасля са здабычай, якую нарабавалі па навакольных вёсках, вярнуліся назад. Гэта быў толькі пачатак. Шматпакутная Горадзеншчына цярпела ад нападаў рыцараў у 1295,1296,1305,1306 (двойчы), 1311 (тройчы), 1314, 1324 і 1328 гг.

Аднак не ўсе гэтыя паходы прыносілі ўдачу агрэсару. У 1314 г. крыжакі нечакана рушылі на Новагародак, узялі яго і спалілі, а пасля сталі штурмаваць замак. I вось тут упершыню вызначыўся выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч і палкаводзец Давыд Гарадзенскі. Гэта быў чалавек, надзелены незвычайнай энергіяй, прадпрымальнасцю і вайсковымі ведамі, таму карыстаўся высокай пашанай і займаў пасля вялікага князя першае месца ў дзяржаве. Нездарма ж пасля Гедзімін аддаў за яго замуж адну са сваіх дачок. Будучы гарадзенскім старастам, ён займаў адно з ключавых месц у абароне дзяржавы з боку Мазовіі і Тэўтонскага ордэна.

Палкаводчы талент Давыда Гарадзенскага ўпершыню яскрава выявіўся пры абароне Новагародка ў 1314 г., калі ён са сваім войскам з’явіўся на выручку крэпасці, якую аблажылі крыжакі. Ён авалодаў іх лагерам, перабіў у ім варту, захапіў коней і харчовыя прыпасы. Крыжакі вымушаны былі адступіць, але на зваротным шляху яны не знайшлі ў пэўных месцах сваіх складоў з правіянтам, бо яны былі загадзя разбураны Давыдам. Крыжацкае войска, церпячы голад, рассыпалася і амаль загінула ў непраходных лясах.

Цяжка сказаць, ці быў яшчэ ў гэты час Новагародак сталіцай дзяржавы. Пісьмовыя крыніцы пра гэта маўчаць. Праўда, у летапісах XVI ст. гаворыцца, што Гедзімін стаў княжыць «на прастоле бацькі свайго Віценя ў Кернаве». Аднак гэтаму цяжка паверыць, бо пасля мы даведваемся, што Гедзімін княжыў у Вільні, і таму значэнне Кернава як сталіцы дзяржавы пасля Новагародка не мае пад сабой падставы. Але незалежна ад таго, ці знаходзіўся Віцень у Новагародку, дамінуючая роля яго і яго зямлі ў дзяржаве стала відавочна падаць. Найперш прычынай гэтага былі вельмі неспрыяльныя знешнія ўмовы. Калі ў 50–70-х гг. XIII ст. Новагародскай зямлі прыносілі разбурэнні і спусташэнні галіцка-валынскія войскі, то пачынаючы з 80-х гг. яна становіцца аб’ектам узмоцненых нападаў прускіх крыжакоў, што не магло не падарваць эканоміку, а разам з тым і палітычнае значэнне зямлі. Трохразовы захоп, абрабаванне і разбурэнне Новагародка ў 1274, 1277 і 1314 гг. таксама не маглі не падзейнічаць адмоўна на лёс яго як сталіцы дзяржавы.

У той час як роля Новагародскай зямлі ў дзяржаве паніжалася, усё больш узрастала зноў значэнне Полацкай зямлі. На жаль, інфармацыя аб ёй пасля яе аб’яднання з Новагародкам таксама вельмі бедная. 3 гэтага часу да пачатку XIV ст. захаваліся толькі лічаныя і разрозненыя звесткі аб полацкай гісторыі.

Адным з такіх сведчанняў з’яўляецца невялікі літаратурны твор пад назвай: «Семена епископа тферского наказание». Змест яго вельмі важны і выразны, і мы таму яго прывядзём поўнасцю і ў арыгінале: «Константин князь Полоцкий, нарицаемы Безрукий у собе в пиру, хотя укорите тивуне своего о чем, рече попу пред всеми: владыко, где быти тивуну на оном свете? Семен поп отвечае: где и князю. Князь же не улюбив того, молвит попу: тиун неправду судит, мзду емлет, люди продает, мучит, лихое все деет, а аз что даю? И рече поп: аще будет князь добр, Богобоин, жалует людей, правду любит, избирает тиуна или коего волостеля мужи добре и богобойне, страха божия помне, разумна, праведна, по закону божию всё творяша и суд ведуша — и князь в рай и тиун в рай. Будет ли князь без Божия страха христиан не жалует, сирот не милует и вдовицам не печалуется, поставляет тивуна или коего волостеля — человека зла, бога не бояшася и закона Божия не ведуще, и суда не разумеюще, только того деля, абы князю товара добывал, а людие не шадил, аки бешена человека пустил на люди, дав ему меч, тако и князь, дав волость лиху человеку избити люди, — князь во ад и тиун с ним во ад».

Гэты твор з’яўляецца адзіным сведчаннем пра полацкага князя Канстанціна. Паколькі тут выведзены Сімяон, які з’яўляўся цвярскім епіскапам з 1271 па 1289 г., то гэта можа арыенціровачна ўказваць на час, калі княжыў Канстанцін. Відаць, Бязрукім яго празвалі таму, што ён быў у сапраўднасці такім, хутчэй за ўсё ў выніку ўдзелу ў вайне. Не выключана, што ў яго асобе мы маем таго ж самага Канстанціна, які княжыў у Полацку ўжо раней, перад Гердзенем як стаўленік Траняты і прыйшоў зноў да ўлады пасля Ізяслава.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)