ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
— Гайль Гітлер! — віталіся яны, прыўзьняўшы рукі.
— Гайль! — адказалі мы мяшаным хорам ды расступіліся, каб госьці занялі пачэснае месца.
Кіраўнік СД меў гадоў пад 35, выглядаў паважна, нат мо сурова. Гутаркі за сталом ішлі паўголасам. Кіраўніка СД абслугоўвалі др. С. Грынкевіч і др. Ф. Грышкевіч, што сядзелі побач яго.
Пасьля агульнай бяседы й выпіўкі, мінут 45 пазьней, кіраўнік СД устаў і сказаў, што ён дзякуе за добрую пачостку, даўжэй прабываць нажаль ня можа, бо мусіць ехаць у службовых справах да Коўні.
Яго затрымаў аднак а. Адам Станкевіч, які ад імя Беларусаў прасіў палёгкі для беларускіх палонных, ды тых, што былі ў лягерох сьмерці. Немец запісаў у свой блякнот ды абяцаў дапамагчы. І запраўды мы пасьля выратавалі колькі сот Беларусаў з ваеннапалонных лягераў.
Разьвітаўшыся зь кіраўніком СД усе ўздыхнулі свабадней, др. Шольц паналіваў у шклянкі гарэлкі, ды ўсе выпілі за нямецкую армію. Пасьля гэтага тосту слова сказаў я, заклікаючы нямецкія ўлады, каб у наважаным змаганьні з маскоўскім бальшавізмам яны дазволілі Беларусам стварыць сваё войска, якое, поплеч зь нямецкай арміяй, прычынілася-б да стварэньня «Новай Эўропы». Шольц, зіркаючы на мяне, усьміхаўся.
— Маладой есчо, маладой! — адказаў ён мне й пачаў раскрываць нямецкія пляны: — Фюрэр не патрабуе нічыёй дапамогі. Ён сам перамог Эўропу ды выйграе вайну й здабыткамі ні зь кім ня будзе дзяліцца. Нямецкі народ — вышэйшая раса й супроць яго ніхто ня здолее ўстояць. Немцы на Усходзе шукаюць «Лебэнсраўму», а не сужыцьця. Таму некаторыя малавартасныя народы будуць вынішчаныя. Цяпер ліквідуюцца Жыды, Цыганы, пасьля пойдуць Чэхі й Палякі. З Прыбалтыкай Фюрэр расправіцца асобна, бо Прыбалтыка спрадвечная нямецкая тэрыторыя, і тым больш, што гэтыя народы, асабліва Летувісы, што так лашчацца да Немцаў, каб замацаваць свой этнічны патэнцыял, не падабаюцца Фюрэру. Яны самі перабілі тутэйшых Жыдоў, хацелі нам спадабацца. Вы, Беларусы, — цягнуў далей Немец, — можаце 50 гадоў жыць на сваёй зямлі спакойна, бо вы нацыя не варожая для Нямеччыны. А там, пазьней, яна, магчыма, перасуне вас крыху далей на ўсход, вызначаючы вам адпаведную прастору.
— Хіба аж за Маскву! — нехта выкрыкнуў голасна.
— Але, магчыма! — не зьбянтэжыўся Шольц. — Памятайце таксама, што й Расейцы нам патрэбныя. Яны будуць выкарыстаныя супроць жоўтых. А з Украінай можа быць куды горш. Гэта парывісты народ, нам нявыгадны, тымбольш, што мы зацікаўленыя ўкраінскім чарназёмам, вуглём ды Чорным морам. Дык давайце вып'ем гэты тост за нашае сужыцьцё й за Новую Эўропу!
Усе мы ўсталі, чокнуліся чаркамі, выпілі.
Далей пайшлі ўжо паўпрыватныя гутаркі. Да Шольца падсеў галоўны інспэктар, а. В. Гадлеўскі, што якраз прыехаў зь Менску, ды выцягнуў ад яго, што толькі магчыма. Калі Шольц ужо ня быў здольны да ніякіх паважнейшых гутарак, а толькі заводзіў расейскія рамансы й студэнцкія песьні, мы яму дапамагалі, пераплятаючы сваімі. Сыпаліся жарты, дакоры на ход нямецкае кампаніі на ўсходзе, але ўжо ніхто нічога ўсур'ёз ня браў. Шольц-жа выпісваў на калене начныя пропускі для ўдзельнікаў вечару ды казаў начны пароль.
У чародную суботу добра ў нашым асяродзьдзі набраўся галоўны сакратар віленскага гэбітскамісарыяту. Ён даў нам цімала добрых радаў ды абяцаў, дзе толькі магчыма, дапамагаць Беларусам.
Дзіўна тады мне выглядала, што нямецкія нацыстыя, адзін з СД, а другі «бранзовы», з адміністрацыі, не хацелі сядаць разам за адным сталом. Толькі пазьней я зразумеў, што ў нацыскай Нямеччыне існавалі тры сілы, што ўзаемна змагаліся: партыйныя («брунатнікі»), што кіравалі адміністрацыяй, як дзяржава ў дзяржаве — СС, ды «Вэрмахт» — вайсковыя, што кіравалі ваеннымі апэрацыямі. Дзеля гэтага «жоўтыя» партыйнікі з гэбітскамісарыяту ненавідзілі СС і «Вэрмахт», а тыя — «жоўтых», ды баяліся адзін аднаго.
Мы часта рабілі паседжаньні ў нашым беларускім асяродзьдзі ды разважалі, што рабіць у ўмовах вайны. Др. С. Грынкевіч бараніў свой плян, што ў умовах нарастаючай савецкай і польскай партызанкі, трэба тварыць партызанку сваю, беларускую і супроць Немцаў, і супроць бальшавікоў. Я, як старшыня БНК, трымаўся тактычна збоку, ды, прызнаюся, ніколі ня верыў у карысьць нашай тады акцыі на два бакі.
Нашыя бяседы зь Немцамі адбываліся даволі рэгулярна, менш-больш што два месяцы, набіралі яны характар канфэрэнцыяў. Гэта на іх было дамоўлена аб існаваньні нашага школьніцтва ў акрузе «Літаўэн» ды аб тым, што лёс выдатнейшых Беларусаў у акрузе не павінен вырашацца Немцамі без кансультацыі з БНК. І здаралася, што Немцы да нас зварочваліся з запытаньнямі ў справах і з далёкіх краёў, прыкладам з Турцыі, калі арыштаваны там імі Беларус паклікаўся, што ён не бальшавік, бо жывучы й у Турцыі выпісваў «Беларускую крыніцу». Ясная рэч, гэткае пасьветчаньне мы яму выставілі.