Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 248 249 250 251 252 253 254 255 256 ... 264
Перейти на страницу:

Як было прынята на пахаванні такіх значных асоб, тут не было месца шчырым чалавечым эмоцыям. Слёзы і смутак выцесніў замяшаны на палітыцы халодны цырыманіяльны этыкет. Зацягнутыя ў глухія чорныя гунькі з адтулінамі для вачэй добра вымуштраваныя коні нават не іржалі. Удзельнікі працэсіі ў асноўным размаўлялі паміж сабой пра рэчы, якія не тычыліся падзеі, што іх тут сабрала.

Услед за труной ішоў юны штатгальтар Вільгельм Аранскі, яго суправаджалі партугальскія прынцы Гіём і Эмануэль. Ён спрабаваў лёгкай гутаркай трохі развеяць сваіх спадарожнікаў, чый гонар моцна закрануў шлюб прынцэсы Луізы, рукі якой кожны дамагаўся для сябе. Следам ішоў курфюрст Фрыдрых Вільгельм, якога суправаджалі Багуслаў Радзівіл і прынц Хрысціян Ангальцкі. Гэтая тройца пачувалася значна вальней. Курфюрст ледзь не ўсю дарогу ўгаворваў Багуслава ехаць з ім у Клевэ, дзе ў замку Шваненбург меў намер правесці свой мядовы месяц, які з-за хваробы, а затым і смерці цесця ўсё адкладаўся. Радзівіл з цяжкасцю стрымліваў смех, чуючы гэтыя запэўніванні, бо добра ведаў аб намерах славалюбівага кузэна аб’яднаць пад сваёй уладай нямецкія герцагствы Юліх, Клевэ, Берг ды графствы Марк і Равенсберг. Гэтаму ўсімі сіламі супраціўляўся нейбургскі пфальцграф, які лічыў гэтыя землі сваімі. Вядома, князь прыняў прапанову, хаця і баяўся, што гэтая паездка можа выклікаць незадаволенасць караля Уладзіслава — яго сястра Ганна Катарына некалькі гадоў таму выйшла замуж за нейбургскага пфальцграфа.

Сярод ганаровых гасцей, якія суправаджалі труну, быў і прынц Тарэнт. Аднак ён плёўся недзе ззаду. Багуслаў, успомніўшы іх сварку за сталом у чэшскай каралевы, нягледзячы на змрочны настрой, не стрымаў задаволенай усмешкі — прыдворны цырымоніймайстар Аранскіх здолеў лепш за яго паказаць французскаму нахабніку яго месца.

Дрэнны настрой князя тлумачыўся не толькі жалобай — напярэдадні ён меў дзве непрыемныя размовы: спачатку з Габрыэлем Любянецкім, а затым і з прынцэсай Амаліяй Аранскай. Багуслаў не стаў хаваць ад маладога арыяніна сваіх намераў ажаніцца з Шарлотай дэ ла Форс, якія той бязлітасна раскрытыкаваў.

— Я лічу, што вы, мансеньёр, можаце прэтэндаваць на больш выгадную партыю, — сказаў Габрыэль мяккім прыемным голасам, які добра згладжваў вастрыню яго слоў. — Бацька маркізы — толькі васал французскага караля, і замкі, якія ён дае за дачкой, могуць быць разбураныя па загадзе яго вялікасці або яго правялебнасці… Такі лёс, як вы ведаеце, спасціг крэпасці многіх французскіх вяльможаў.

— Я збіраюся адвезці жонку ў Рэч Паспалітую, а не заставацца з ёй у Францыі, — сказаў князь, якому прыгажосць Шарлота моцна запала ў сэрца. — Як ты ведаеш, наш кароль жанаты з францужанкай, і я думаю, што…

— …што жонка лепш знойдзе агульную мову з польскай каралевай, чым гэта ўдалося вашай светласці? — з разуменнем кіўнуў Габрыэль.

— Няўжо ты думаеш, што мяне хвалюе стаўленне Марыі Людавікі? — сказаў на гэта Багуслаў. — На шчасце, Польшча выбрала саюз з Францыяй, а не з імператарам, таму добрыя адносіны майго дому з Парыжам зусім не перашкодзяць.

— І ўсё?

Габрыэль выглядаў расчараваным.

— Я думаю, што саюз з Аранскім домам уславіць Радзівілаўскі дом больш, чым шлюб з гэтай францужанкай, — асцярожна сказаў ён. — На шчасце, прынцэса Луіза мае яшчэ трох сясцёр…

Багуслаў у каторы раз здзівіўся таму, што думкі маладога арыяніна так супадаюць з яго ўласнымі амбіцыямі. Але гутарка з прынцэсай Амаліяй трохі астудзіла яго запал: яна ясна намякнула князю, што па палітычных матывах мае намер аддаць другую дачку замуж за фрысландскага штатгальтара, а трэцюю — за англійскага прынца Карла Сцюарта. Чацвёртая з сясцёр, Марыя, была зусім дзіцём, і пра жаніцьбу з ёй князь мог бы думаць не раней, чым гадоў праз дзесяць-пятнаццаць.

— Калі вы, мансеньёр, згодныя пачакаць, я з радасцю разгледжу вашу прапанову, калі прынцэса дасягне шлюбнага веку, — весела сказала прынцэса Аранская, спрабуючы жартам змякчыць адмову.

Але Радзівіл жарт не ацаніў і, не збіраючыся адступаць перад цяжкасцямі, спадзяваўся выкарыстаць паездку ў Клевэ не толькі для збліжэння з кузэнам, але і для таго, каб з дапамогай курфюрста і яго маладой жонкі прымусіць мадам Амалію змяніць рашэнне.

Жалобная працэсія спынілася перад велічным Новым саборам, дзе павінна было спачыць цела штатгальтара, і, у рэшце рэшт, пашыхтавалася на саборнай плошчы. Тут ужо думкі нават найбольшых славалюбцаў, якія выкарыстоўвалі пахавальную цырымонію для наладжвання патрэбных свецкіх кантактаў, настроіліся на мінорны лад, а ў паветры запахла дажджом і слязьмі.

1 ... 248 249 250 251 252 253 254 255 256 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)