Закрываўленае сонца
- Автор: Акула Кастусь
- Серия: Гараватка #2
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Закрываўленае сонца». Краткое содержание книги:
Мaруднa й ленa aдмiрaлa летa. Сьпелы верaсень зaбaўляўся кволым пaвуцiньнем, снaвaў сярэбрaныя ўзоры нa бaбкaх ярыны, aздaбляў сувоямi тонкaе прaжы чубы кустоў нa ўзьлесьсi й aржышчы aзiмiны. Буйнейшы вецер кaлaмaцiў пaвуцiнныя кросны, зрывaў сярэбрaныя нiткi з кустоў ды нёс iх уверх дa сонцa. Пaвуцiньнем зaбaўлялiся пaдлёткi. Нaчэплiвaлi яго нa пaлкi, увaжнa рaзглядaлi мaлых чорных мaйстроў дзiўнaе тонкaе прaжы. Зьзялa нa сонцы тое пaвуцiньне чыстым доўгiм серaбром. (Фрагмент)
Кiваў дзед галавой, неразборлiва пад носам гудзеў, або самасеечным дымам пярхiкаў. I хто мог тады падазраваць, якой вялiкай дзедава перасьцярога была.
Тыя, што назiраць умелi, вялiкiя кантрасты навокал спасьцераглi. Савецкая «салдатня» пэрыядычна й настырлiва ўводзiла ўсiм у вушы пра вялiкае шчасьце, прост-напраст зямны рай на тым баку. Калгасы й саўгасы сама дасканалымi iнстытуцыямi на зямлi сталiся, улада рабочым i сялянам належала, усе ўсяго ўволю мелi, галiта дрэнным няслаўным успамiнам сталася. Пра ўсiх i ўсё клапацiўся наймудрэйшы й найгэнiяльнейшы "настаўнiк i бацька ўсiх народаў". Адылi апавяданьнi тыя пра райскi дабрабыт былi нагэтулькi на "адзiн капыл шытыя", так усё цюцелька ў цюцельку да сябе падобныя, што хiба апошнi дурань гэта ўсё за добрую манэту ўзяў-бы.
У гарадох i мястэчках бальшавiцкая «салдатня» — гэтак папулярна называлi чужынцаў, - неўзабаве ўсе крамы пачысьцiла. На рынку сялянскае дабро аграмадны спрос мела, а ад чырвонцаў у тэй «салдатнi» кiшэнi трашчэлi. Ля "сяльпоў" i "гарпоў" кiлямэтравыя чэргi за хлебам, сольлю, нафтай i цукрам стаялi. Зусiм у новым значэньнi атаўбавалася слова «даюць» i выцiснула нармальна ўжыванае «прадаюць».
Разважлiвы й асьцярожны беларускi селянiн цi мяшчанiн параўноўваў апавяданьнi пра «рай» з нагляднымi фактамi, ды зь няскрыванай iронiяй пытаўся: — Калi-ж ў вас такi рай тамака, дык чаго-ж вы, як шараньча, на нашу бяду налятаеце? Эгэ, мусiць дрэнь тамака ў вас…
I няхто ня ведаў дзе нарадзiўся пашыраны па цэлай новазабранай краiне той да глыбiнi сэрца сваiм трагiзмам кранаючы жарт пра нейкага сярмяжнiка. У гурце сялянаў, што мiж вазоў на кiрмашным рынку гаманiлi, стаяў высокi селянiн у сярмязе. Ён маўклiва i ўважна слухаў як бальшавiцкi афiцэр апавядаў пра залаты дабрабыт на сваей радзiме. Жаўнер зручна й хiтра адказваў на розныя кручкаватыя пытаньнi. Дрыжэў селянiнаў твар i ў вадзiн момант, калi, здавалася, цярплiвасьць ягоная скончылася, адкiнуў палу сярмягi ззаду й зьдзеклiвым голасам сказаў: — Калi нi было савету, ня вiдзiў азадак сьвету, а як прыйшоў савет, дык увiдзiў азадак сьвет.
З-пад адхiленай палы сярмягi запраўды пазiраў на сьвятло дзённае празь вялiкiя дзiркi ў портках голы азадак.
Гэты зручны трык выклiкаў гром сьмеху. Бальшавiцкi афiцр пачырванеў, пачаў злосна лаяць селянiна й зараз паклiкаў «рэбят» у шапках з малiнавымi аколышкамi, каторыя пацягнулi вынаходлiвага дзядзьку ў НКВД. Выпадак стаўся публiчнай антысавецкай дэманстрацыяй. Казалi ў Лiтоўцах, што падзея адбылася на рынку ў Докшыцах, некаторыя называлi навет сьмелага дзядзьку. Адылi пра падобны выпадак апавядалi i ў iншых мясцовасьцях акупаванае краiны.
Быў i яшчэ адзiн факт першакляснага значэньня, што паглыбляў пропасьць мiж «вызвольнiкамi» й мясцовымi: як i раней, на замку стаяла калiшняя польска-савецкая мяжа, адно на зьмену зьненавiджанаму КОП'у прыйшла бальшавiцкая ахова з сабакамi.
— Чаму нi адчынiлi гранiцу? — пыталiся людзi. — Хвалiце дабро сваё, рай там нейкi, а паказаць мусiць баiцеся?
Акупанты тлумачылi, што ў Заходняй Беларусi, каторая пад акупацыяй "панскай Польшы" была, аж кiшэла ад шпiёнаў, дывэрсанатаў i непажаданага элемэнту, што мог-бы, калi-б адчынiць мяжу, перабрацца на той бок i цiмала шкоды нарабiць «гасударству» нарабiць. Але здаровы сялянскi розум браў афiцыйнае тлумачэньне на войстры зуб. Калi-ж вы, такiя нашы любыя браты, хочаце нас да сваiх родных, у тым лiку й бацькоўскiх Сталiнавых грудзей прытулiць, дык цi-ж вам якая дробная агэнтурная мошка замiнае? Чаму-ж такая сiла, як ваша, ды мае такой дробязi баяцца?
Асаблiва ўстрывожылiся тыя, каторыя радню ў Расеi мелi. Чакалi, што пасьля даўгой, штучнай разлукi вернуцца нарэшце дамоў родныя. Адылi незагойная рана на жывым народным целе, каторую некалi ў Рызе бальшавiцкiя й польскiя акупанты зрабiлi, крывавiлася далей. I сыпалася на яе маскоўская соль.
16
У гэну ранiцу прыгрэла крыху млявае ўжо сонца, аж дзед Якуб на прызбу вылез. Сядзеў, ссаў люльку, у пясок паплёўваў. Дзесьцi пад балотам гула малатарня, ля школы чуваць быў гоман дзяцей, лянiва зьвягаў у Пiлiпавым дварэ сабака. Пуставала Якубава хата. Нявестка дзесь упрочкi выбралася, а Васiль некаму падлогу клаў, цi хату апраўляў. Сачыў Якуб апошнiя ўздрыгi залатой восенi й мяркаваў што добрага цi што дрэннага прынясе зiма. З Рыгоравай варыўнi далятаў глухi гул жорнаў. Зь Пiлiпавага двору паказаўся Антось Дзяркач. Прычынiў весьнiчкi, стрымаўся, зiрнуў у вадзiн бок i другi бок вулiцы ды, спасьцярогшы дзеда, весела засьвiстаў i зусiм бяз посьпеху накiраваўся да Якубавай хаты.
— Здароў, дзед Якуб, — гукнуў на прывiтаньне.
— Здароў, Антось, — адказаў дзед. — Адкуль гэта й куды цябе гонiць?
— Нiкуды ня гонiць, да Пiлiпа забегся во.
Дзяцюк прысеў на прызьбе, плюнуў у пясок i неадлучнай бярозавай палкай пачаў "сарокам кашку мяшаць".
— Боты надумаўся пашыць, цi што?
— Эт, якiя там боты, — махнуў рукой Антось, — цяперака во Пiтуху, Шпунту цi Сабакевiчу боты шыiць, а нi нам, бiдалагам.
— Нешта-ж во да цябе гэты шпуньцiк, каб яго макарэц, учашчаць пачаў, кажуць, — гаварыў Якуб. — Праўда гэта цi не?
— Чаму-ж… заглядаiць…
— А што-ж яму трэба? Цi гэта ён думаiць, што ты там каля школы напэцкаў?
— Алi ты, дзед, цiкавы, — хiтра ўсьмiхнуўся Дзяркач. — Скора састарэiшся, хы-хэ-хэ…
Антось так раптоўна й голасна зрагатаў, што зь цiкавасьцi аж выпрасталi шыi й паднялi высака галовы ля тыну куры.
— Ты Антось, зь мяне ня кпi, — з дакорам адказаў дзед.
— Прычапiўся як смала, цьфу на цябе! — пачаў сур'ёзна Антось. — У твайго бацькi, кажа, i ў цябе краска ёсьцiка, вы вокны майструеце, дык вы й напэцкалi. А калi ня вы, дык той, хто ад вас краску браў. Надта-ж упякло яму. Я гэтак сьцярпеў раз i другi раз, ажно яму ўходу нiма. Дык я тады яму гэтак кажу: iдзi, кажу, лепi пастарайся загнаць каторай дзеўцы сваю загагулiну, бо дзiцюкоў Палякi прыбралi, дык дзеўкам чэшацца. А ён як азьвярэў, начальнiк вялiкi, дык Божа ты мой мiлы! Паўгадзiны кiпеў, сукiн сын. Я вам пакажу, кажа, якi начальнiк я цяперака! Я вас у ын-ка-вэ-дэ, от як! Чуў ты яго? I хто-ж гэта, ён думаiць, ён ёсьць? Панскi атопак, пры Польшчы паном служыў, а цяперака во гэтай брыдзе… Дык чорт цябе бяры, жывi як хочаш, рабi што хочаш, думаю сабе, алi чэсных людзей нi чапай. Дык дзе там! Прылiп i нi адчэпiцца, сукiн сын!
Антось злосна плюнуў у пясок i канцом кiя добра працаваў, каб сарокi галодныя ня былi.
— Дык гэта ён да цябе толька таму, што вы майструiце й краску маiце?
— Ну а чаму-ж?
— Падумаўшы, дык чорт яго бацьку знаiць… краска мала ў каго ёсьць. Алi калi такiмi сьлядамi йсьцi, дык макарэц яго…
— Я табе, дзед, скажу, што з гэтым бязьменам жарцiкаў нiма. Ён плёскаiць-ляпаiць, а глядзi й мiлiцыю навядзець. А тады што?
— Чаму-ж не, яму-ж воля… Ну алi-ж ты, Антось, мусiць i ад мяне ўкрываiш, — хiтра зазьзялi дзедавы вочкi. — Людзi-ж гавораць. Нiма дыму бiз агня…
— Алi-ж ты, дзед, цiкавы. Кажу, што скора састарэiшся, як замнога знаць будзiш. Га-га-га!
Антось голасна зарагатаў. Хiтрун зьмянiў тон i мову й хiба надта дасьведчаны, добра ведаючы яго чалавек мог спанатрыць калi Антось праўду гаварыў.
— Скажу табе, дзед, пад сакрэтам, — нахiлiўся Антось да дзедава вуха, толька глядзi, каб нiкому анi гу-гу. Згода?
— Ты-ж знаiш мяне. Нашто пытаiшся? — з дакорам адказаў Якуб.
— Ну дык от, скажу сакрэт: я гэну самую паскуду Лявону падлажыў. Га-га-га! — голасна зарагатаў дзяцюк.
Дзед уважна зiрнуў на яго.
— Цi ня кпiш ты зь мяне, сынок?
— Дадушы, яй-Богу! — стукнуў Антось кулаком у грудзi.
— А чаму ты так зрабiў? — сур'ёзна спытаўся Якуб.
— Ну от табе й на! Сказаў адзiн сакрэт дык ты, дзед, яшчо болi знаць хочыш.
— Гэта ў вас цi нi за дзяўчыну некалi пашло? — прадаўжаў дзед.
Гэтта Антось зiрнуў на дзеда войстра, з дакорам у вачох, быццам яго раптоўна нешта пеканула. Дзед зразумеў.
— Ну ладна. Я яго, каб яго макарэц, гэтага ханжу сам нi магу цярпець. Дык тое, што тут гаварылася, мiж намi…