Закрываўленае сонца
- Автор: Акула Кастусь
- Серия: Гараватка #2
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Закрываўленае сонца». Краткое содержание книги:
Мaруднa й ленa aдмiрaлa летa. Сьпелы верaсень зaбaўляўся кволым пaвуцiньнем, снaвaў сярэбрaныя ўзоры нa бaбкaх ярыны, aздaбляў сувоямi тонкaе прaжы чубы кустоў нa ўзьлесьсi й aржышчы aзiмiны. Буйнейшы вецер кaлaмaцiў пaвуцiнныя кросны, зрывaў сярэбрaныя нiткi з кустоў ды нёс iх уверх дa сонцa. Пaвуцiньнем зaбaўлялiся пaдлёткi. Нaчэплiвaлi яго нa пaлкi, увaжнa рaзглядaлi мaлых чорных мaйстроў дзiўнaе тонкaе прaжы. Зьзялa нa сонцы тое пaвуцiньне чыстым доўгiм серaбром. (Фрагмент)
— Добра, дачушка, хадзi.
Лявонавы нахабныя заляцаньнi даўно сачыла ягодка-Аўдоля. Гаворачы з Аксеняй пра палатно, часта ўкiдвала свае заўвагi. Калi Надзя зручна вышмыгнула ад Лявона, дзяцюк стаяў мiж танцуючых, цяжка дыхаў, мiргаў юрлiвымi вачмi.
— Уцiкла, от маладзец! Глядзi, глядзi на яго, Аксеня! I дзяцюк, здаецца, з галавой, ягодка, алi мусiць напiўся ўжо, — сказала Кмiцiха сваей неадлучнай суседцы.
14
У гэны вечар надта ўсхадзiўся сьцюдзёны вецер. Калацiў доктаравы клёны, лiсьцем замятаў лiтоўскую вулiцу й двары. У васелiцах тужлiва шумелi вольхi й вербалозы. Зьгiналi на могiльнiку пышныя чубы сёстры сосны, скрыпела пакалечанымi дрэвамi й злавесна гудзела Гаравацкая пушча, удужкi зь ветрам браўся на Гараватцы гiгант Архiп.
У Пракопавай хаце вясёлым буйным полымем трашчэў у печцы-бакавушцы сухi сасновы хвораст. На плiце варылася вада на зацiрку. Прымасьцiўшыся на зэдлiку, Мiкола абломваў хрусткiя сасновыя галiны, зьбiраў з падлогi iглiцу й кiдаў пад плiту. Полымя брала раптоўна, ярка асьвятляла змрочны пакой i людзей у куце пры стале. Медзьдзю аблiвалiся задуманыя змрочныя твары. Здавалася, што пазлазiлi яны з малюнку каторага рэнэсансавага мастака й застылi пад абразамi ў Пракопавай хаце. Полымя ўспыхвала зыркiм агнём i раптоўна малела.
Цень запанаваў ня толькi ў Пракопавай хаце. Цi адзiн селянiн пазiраў на сухi хвост кнута ў лямпе. Нафты на дне асталося столькi, што й камару ўтапiцца ў ей цяжка было-б. Хмарнелi твары пры згадках пра кiлямэтравай даўжынi чэргi пры гацкай краме-сельпо. I мала каго цешыла гэна бальшавiцкае выясьненьне: — Нафты няма? Ды не сьпяшыце, усяго хопiць. Пачакайце, справiмся!
Акупантавым самахвальствам хаты не асьветлiш. Надыходзiлi доўгiя вечары й жанчыны трывожылiся, што ўпацёмку нiчога не напрадзеш. Як кашаль хваробе, памагала iм тое бальшавiцкае «пачакайце».
Доўга зьзяла яркiмi вокнамi лiтоўская школа. Прывалаклi сюды электрычны рухавiк, паказвалi такiя фiльмы, як "Ленiн в Октябре", «Чапаев», "Броненосец Потемкiн" i iншыя. Каб падкаваць людзей у «палiтграмаце», ды навучыць чытаць i пiсаць "паруску нiграматных", разы два на тыдзень лекцыi давалi. Прыяжджаў зь Лiпавiчаў палiтрук, часам i сам Маршалкаў заглядаў.
Пра гэта вось, аблакацiўшыся на стол напокуцi, гаварылi ў Пракопавай хаце Алесь, Пракоп i Янук. Пад трэск хворасту й шум ветру за вакном млява йшла гутарка.
— Ну гэтыя-ж пахатухi туды чаго? Што iм? — пытаўся Пракоп. — Яны-ж нi бэ, нi мэ…
— Ты гэта пра Аўдолю й Аксеню?
— Ну.
— Казала Надзя, што цiкуюць, каб Маршалкава прыпiлнаваць ды даведацца цi Сталiн палатно атрымаў.
— А паслалi?
— А як-жа. Ды каб гэтыя толька, а то й Макатунiха таксама. Цi нi Пятух з таго камбеду прыцягнуў, сьвiснуўшы недзе. Во ўжо нядзелi тры назад выслалi, а нiчога яшчо нi чуваць.
— Во яно як…
Недзе на дварэ вецер тоўк акацiцай у сьцяну.
— Янучок, выйдзi ты, паглядзi каторую акацiцу б'ець. Можа прывязаць, цi што. Нечага во надуець, так усхадзiўся.
— Добра, тата.
— З гэтым самым камбедам… Пiтуху-гультаю цяперака нi рабi, адно сьмярдзючкай-самакруткай сьвет божы капцi ды людзей аграбай. Цьфу, басяк! узлаваўся Пракоп.
— Права-ж iхнае. Яшчо во хто гэта мне на днях казаў, - задумаўся Алесь, — ага, во Тодар, значыцца, казаў, што ня толька паноў i асднiкаў абiраюць. Тамака-ж самая, казаў, уласьць савецкая падчышчаiць. Казаў скора й да нашых багацейшых даберуцца.
— Чаму-ж не, даберуцца…
Тата, вада кiпiць, — адазваўся Мiкола, што пiльна трымаў вуха, каб нiводнага слова не прапусьцiць.
— Ну дык добра. Запалi, сынок, лучыну ды зацiрку рабi.
Мiкола пайшоў у сенi й прынёс адтуль малое карытца. Налiў у яго ваду, дастаў з-за пячы вялiкую лучынiну, запалiў яе ды ўторкнуў у дзяржала, прыладжанае з аднаго боку карытца. Паставiўшы яго на прыпечку, палез у шафу.
— Тата, у нас мукi мала.
— Як у цябе з млiвам? — спытаў Пракопа Алесь.
— Ды ўжо мука на зыходзе. Мяшок жытняй мусiць ёсьць ды пшанiчнай жменька. Трэба во да Сявенькi йсьцi, на зацiрку пазычыць прасiць, а на млын аж у Докшыцы тыя цягнуцца. Тут у Гацях усё вайсковае мелюць. А ў Докшыцах, кажуць, завоз надта вялiкi. Жыду, кажуць, млын забралi, дык новыя парадкi, цi бiспарадкi пачалiся. Нейкiя талоны нiбыта вымагаюць, цi якую халеру… Пакуль ехаць, дык трэба Шпунта распытацца, гэты-ж мусiць знаць.
— Гэтага бандзiта! — плюнуў Алесь. — Каб яго зiмля нi насiла, як во маей дзяўчыне праходу нi даець!
— А чаго-ж ён?
— Ну як гэта чаго? Нi знаiш, што сабаку трэба? Маладых во палякi ўсiх падчысьцiлi, а гэты басяк застаўся. Цяпер во яму разгул, усё поле чыстае. Ну дык i давай, праходу дзяўчыне нi даець. Ды начальнiк-жа яшчо…
Памаўчалi.
— Уласьць! Да лучыны дажылiся! — скардзiўся Пракоп. — Бяз солi еш… Што гэта робiцца? Зямлю, кажуць, даваць будуць, дабро наступiць. Ну паглядзiм…
Пракоп зьмянiў тон.
— Ты гэта кажаш, быў у школе ўчорака?
— Ага.
— Ну й што тамака?
— Ат, махнуў, - памарудзiўшы, рукой Алесь, — гэты палiтрук жыдок пра галасаваньне плявузгаў. — Тавагыш Сталiн, — кажыць даёт вам вазможнасьць самiм гашыць, хацiця ля вы пгысаiдзiнiцца да нашага нiаб'ятнага Савецкага Саюзу, iлi нет… Пыхцеў як мех кавалёў. Як-бы тоя «пгысаiддзiненьня» нiвядома якое дабро.
— А калi тое галасаваньне маiць быць?
— Ды нi казаў. Скора мусiць. Можа от людзям у вушы начаўпуць, дык тады.
— Ну як-бы гэта было, каб людзi прагаласавалi, што ня хочуць да iх далучыцца? — усьмiхнуўся Пракоп.
— Пра гэта жыдок нi казаў. Ды да каго-ж мы маiм прылучацца? Цi можа самi асобна гаспадарыць пачнём? Паспробуй во, нi прылучыся, яны табе пакажуць дзе ракi зiмуюць…
У хату ўвайшоў Янук.
— Ну як там на дварэ? — спытаў бацька.
— Ды дуець i нi пiрастаець, — неахвотна адказаў юнак. — Можа во надуiць чаго.
— Учорака чуў я на рынку ў Гацях, — узяў голас Мiкола, — як адзiн чалавек са Слабоды расказваў, як у iх сяле адзiн бiларус iз таго боку праходам быў. Iшоў куды, цi што… Дык расказваў, што мы яшчо бяды нi вiдзiлi. У iх народ даўна пра мяса забыўся, на самым посным крупнiку й бульбе марнеiць. Калхозы ўсiх у лапцi абулi.
— Гэта ты чуў? Каторы знаёмы чалавек?
— Свой чалавек. Вiдiў я яго раней на кiрмашы.
— Во як. А што яшчо расказваў?
— Наша жыцьцё, казаў, нiма чаго да iхнага, калхознага, раўняць. Неба й зiмля, кажыць. Ходзяць, казаў, абарваныя, спрацаваныя, худыя, як жабракi. А ў тым калхозя, дык як дзед Якуб Якуб расказваiць, як у прыгоне некалi. Многа каторыя, кажыць, упёрлiся, у калхозы йсьцi нi хацелi. Дык тады Сталiн усiх на Сiбiр павысылаў. Гэта, кажыць, самых найлепшых, найболi працавiтых. Толька бедныя й басота асталiся. Што-ж гэта яшчо… ага, казаў, што людзi настрашаныя такiя, што цяпер чалавек баiцца роту адчынiць, навiт наракаць забылiся.
Мiкола пачаў мяшаць зацiрку.
— Страх, што гэта чуваць. Няўжо-ж праўда?
— Калi-ж гаворуць, дык нешта ёсьць. Нiма дыму бiз агня.
Запанавала доўгае маўчаньне. Адно вецер грукаў весьнiчкамi, сьцёбаў рабiнаю па страсе, ачэсваў падстрэшша, праз няшчыльныя вокны прабiраўся ў хату.
— Трэба во скора падвойнныя вокны ўстаўляць, мусiць, бо халадзеча бярэцца. Пакрова ўжо нiдалёка, а там i зiма, нi агледзiшся калi, — прыгадаў Пракоп.
— Пайду дамоў, - устаў Алесь, — недзiка там ужо вячэра гатовая. Дабранач.
— Дабранач.
Зацiрку сёрбалi паволi. Колькi разоў уставаў ад стала Янук, каб зьмяняць лучыну. Хоць прыказка кажа, што лыжкай i ўпоцемку ў рот трапiш, практыкаваць гэта нiхто нiхто ня iмкнуўся. Сядзелi з трох бакоў стала, схiлiўшы галовы над мiскамi. Адно вялiкi шэры кот голасна мяўкаў пад сталом i цёрся ля босых ног.
— Аа-псiк, ну цябе! — сыкнуў Мiкола.
— Дай во кату ў чарапок, таксама-ж есьцi хочыць, стварэньне божае, зьвярнуўся бацька да Мiколы.
— Усьпеiць, нiкуды яму нi сьпяшыцца, дый гарачага ён ня будзiць есьцi, — адказаў Мiкола. Калi скончыў есьцi, налiў кату ў глiняны чарапок зацiркi ды сказаў Януку: — Цяпер ты прыбiрай, я сваё ўжо зрабiў.
— Можаш i сам, пан нiвялiкi, — адказаў Янук.