Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 124
Перейти на страницу:

Лёднік палез у шафу з кнігамі, пакорпаўся, перакладаючы з месца на месца таміны, нарэшце выпараў маленькі томік ін-кварта з залатым абрэзам «Духоўныя дзённікі доктара Дзі», пагартаў і зачытаў:

— «Няцяжка зрабіць люстэрка, якое моцай сонца, нават схаванага аблокамі, ператварае ў попел усе разнавіднасці каменя і металу. І я магу лёгка здабыць агню перамогу над жалезам». Разумееце, тут нічога не гаворыцца ні пра духаў, ні наконт прадбачанняў, ні пра відзежы… Канкрэтная фізічная з’ява. Пераўтварэнне адной энергіі ў другую. Архімед тым самым займаўся, калі з дапамогай люстэркаў паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! — голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. — Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.

— Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! — напружана зазначыла Саламея. — Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!

— Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, — упарта прагаварыў Лёднік. — Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане — але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне «дроціка Індры» — смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?

Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч — на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!

А з другога боку — якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй — а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…

Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:

— Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?

Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:

— Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву — новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя «звычайнаму» чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная — наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!

Лёднік рашуча ўстаў, падыйшоў да вакна, расчыніў шыбы і з усяе сілы шпурнуў у цемру хітры шпіндзялёк з трыма злавеснымі літарамі, а ўслед за ім, папярэдне пераламаўшы, адноўленую дэталь. Да канавы, бруднай і глыбокай, якраз, мусіць, дакінуў. У пакой уварвалася свежае восеньскае паветра разам з пахам дыму і тугі. Прафесар узяў абодва лісты з малюнкам Пандоры і кінуў іх у палаючы камін. Вырвіч ускочыў з месца з абураным ускрыкам, але было позна. Агонь круціў у жоўтых пальцах чорныя бясформныя камякі, якія рассыпаліся на вачах, успыхваючы сінімі пялёсткамі.

— Усё, — Лёднік з палёгкай уздыхнуў. — Выкінем жа з галавы клятую ляльку. Ну, палюбаваліся, пацікавіліся, механізм вывучылі. І дзякуй на гэтым.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)