Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 124
Перейти на страницу:

А потым пан Агалінскі загадаў мне скласці гараскоп — збіраўся на сеймік, хацеў даведацца, якіх мітрэнгаў чакаць. А я адмовіўся. Хаця раней распісваў яму па табліцах Эфемерыдаў хоць бы і шлях у прыбіральню. І тады пан сказаў, што час мне з’ясаваць, хто я такі ёсць.

І выпісаў мне першую цыдулку да Базыля…

Не, Базыль — не просты кат, мужыкоў караў іншы чалавек. А на гэтага быў ускладзены абавязак сачыць за паводзінамі ў панскім доме — лёкаяў, пакаёвак, фурманаў, кухараў… Калі хто праштрафліваўся — пан пісаў на паперцы лічбу і адпраўляў віноўнага з ёю на стайню, дзе быў асаблівы закуток — там можна было зручненька раскласці чалавека і ўсыпаць яму столькі бізуноў, колькі напісана на паперцы.

Калі чарга дайшла да мяне, уся прыслуга была шчаслівая — яны ж дагэтуль не маглі зразумець, як да мяне ставіцца: нібыта пан, нібыта строгі… А сам такі ж, як яны.

І пайшло кола ўпоперак каляіны… Кожную раніцу я падаваў пану Агалінскаму ягоныя лекі для лепшага стрававання — ён пераядаў тлустага. Пан патрабаваў гараскоп, я адмаўляў, атрымліваў цыдулку, ішоў на стайню, і Базыль меў клопат выдаць мне тое, што прапісаў пан. Стараўся напачатку аж надта: а вось табе, выскачка ў пудраным парыку…

Хутка гэта ператварылася ў нейкі турнір: людзі гадалі, што здарыцца найперш, пану надакучыць мяне перавыхоўваць, ці я зламаюся? Агалінскі раз’юшваўся ўсё болей і болей — ясная рэч, не звык сустракаць супраціву ад ніжэйшых. Некалькі разоў, пад п’яную руку, зрываўся і лупіў мяне ўласнаручна чым патрапіцца. На шчасце, часам ён з’язджаў, і я мог трохі залячыць спіну. Выручала і доктарскае майстэрства — я таму-сяму сур’ёзна дапамог, і мне пачалі спачуваць. Аднойчы пабудзіў Базыль — у ягонай дачкі быў прыступ крупа, дзяўчынка задыхалася, мне ледзь удалося яе выратаваць. Пасля гэтага рука Базыля стала лягчэйшай, ён пачаў кожны раз угаворваць мяне перастаць злаваць пана — ілбом мур не праб’еш, доктар, ну што табе варта намаляваць тыя прадказанні? Небарака шчыра не разумеў, навошта я ўтвараю сабе такія пакуты.

Часам мяне садзілі ў халодную — нешта падобнае на наш універсітэцкі карцэр. Здараліся проста камічныя выпадкі — да пана прыязджаюць важныя госці, не хапае партнёра для гульні ў віст, мяне выцягваюць з халоднай, апранаюць кашулю з карункамі, камзол, парык, і я цэлы вечар вяду дасціпную свецкую гаворку і гуляю ў карты… Пакуль усе не напіваюцца. Тады я зноў скідаю ўсё панскае і вяртаюся ў халодную. Карацей, не жыццё, а лонданскі Бедлам, прытулак для вар’ятаў. Ну а ў пані Галены самой жыццё не салодкае. Гэты боўдзіла, ейны муж, з ёй таксама рукі распускаў. Праўда, і пані не рахманая авечка, але куды ёй падзецца? Я, як мог, абараняў яе — тлумачыў Агалінскаму, што жонка хворая на сэрца, што ёй патрэбны спакой. Яна была мне ўдзячная, і за гэта, і што вылечыў сына, і што ёй ёсць з кім перамовіцца пра французскія раманы, да якіх пані вялікая ахвотніца…

Заступалася і яна за мяне, вядома. Намаўляла прыкласці нейкія намаганні, каб выкупіцца — але я не хацеў ні да каго звяртацца. Хоць, можа, які аднакурснік па Празе ці Лейпцыгу адгукнуўся б. Пані нават, не папярэдзіўшы, спрабавала таемна прадаць дзеля майго выкупу свае дыяментавыя завушніцы, але волі ў яе не нашмат больш, чым у слугі. Ліхвяр даклаў пану Агалінскаму пра свавольства жонкі — пабаяўся звадзіцца з пагрозным суседам. Была гнюсная сцэна, пані Галена, вядома, не прызналася, дзеля чаго ёй патрэбныя грошы, нешта выдумала… І ў маёнтку стала яшчэ горш. Бо Агалінскаму ўвялі ў вушы, што я — знаўца атрутаў і чорнай магіі, і магу яму адпомсціць. Чым больш ён мяне мучыў, тым больш мяне баяўся. І вось аднойчы, на пачатку красавіка, пан асабліва ўзлаваўся і загадаў кінуць неслухмянага раба ў халодную нанач. А якраз былі замаразкі, у маёй вязніцы снег не раставаў. І да раніцы я б не дажыў — у адных нагавіцах, збіты на горкі яблык… Пані Галена прыйшла да мяне, выкраўшы ключ. Аддала сваё футра… Вось тады і здарылася між намі… Грэх? Так, грэх. Можа быць, таму Гасподзь і не дае мне спадчынніка ад законнай жонкі. Можа быць… Але тае начы я ніколі не забудуся. Я раптам паверыў, што варта жыць і не здавацца. Вось і ўся гісторыя…

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)