Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пікнік на ўзбоччы

Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:

«Пікнік на ўзбоччы» («Пикник на обочине») — найвядомейшы і найпапулярнейшы твор клясыкаў сусьветнае навуковае фантастыкі Аркадзія і Барыса Стругацкіх, які сярод усіх іхных кніг стала трымае першае месца па колькасьці выданьняў і перакладаў на іншыя мовы. Аповесьць напісаная ў 1971 годзе і ўпершыню апублікаваная праз год у ленінградзкім часопісе «Аврора». У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, пазбаўлены правак, зробленых пад ціскам савецкае цэнзуры.
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 68
Перейти на страницу:

На сходах ён не сустрэў нікога. Ён спыніўся перад сваімі дзвярыма, і дзьверы расчыніліся, перш чым ён пасьпеў дастаць ключ. Ён увайшоў бокам, трымаючы цяжэрны кош пад пахай, і акунуўся ў знаёмае цяпло і знаёмыя пахі свайго дому, а Гута абхапіла яго за шыю і замерла, прыціснуўшыся тварам да грудзей. Нават скрозь камбінэзон і цёплую кашулю ён адчуваў, як шалёна стукае ейнае сэрца. Ён не перашкаджаў ёй, цярпліва стаяў і чакаў, пакуль яна адыдзе, хаця менавіта ў гэты момант адчуў, да якой ступені выматаўся і зьнясілеў.

— Ну ладна. — прагаварыла яна, нарэшце, нізкім хрыплаватым голасам, і адпусьціла яго, і ўключыла ў прадпакоі сьвятло, а сама, не абарочваючыся, пайшла на кухню. — Зараз я табе кавы… — сказала яна адтуль.

— Рыбу я прынёс. — сказаў ён наўмысна бадзёрым голасам. — Засмаж, ды ўсё адразу смаж, жэрці ахвота — сілаў няма.

Яна вярнулася, хаваючы твар у распушчаных валасах; ён паставіў кош на падлогу і дапамог ёй выняць сетку з рыбай, і яны разам аднесьлі сетку на кухню і вывалілі рыбу ў мыйку.

— Ідзі мыйся, — сказала яна. — Пакуль памыешся, усё будзе гатова.

— Як Мартышка? — спытаў ён, сядаючы і сьцягваючы з ног боты.

— Балбатала ўвесь вечар, — адгукнулася Гута. — Ледзь-ледзь я яе паклала. І ўвесь час прыставала: дзе тата, вымі ды пакладзі ёй тату. — Яна спрытна і бясшумна рухалася па кухні, распаўнелая, але па-ранейшаму моцная і ладная, і ўжо закіпала вада ў кацялку на плітцы, і ляцела луска з-пад нажа, і сквірчэў алей на найвялікшай патэльні, і чароўна запахла сьвежай кавай.

Рэдрык падняўся, ступаючы босымі нагамі, вярнуўся ў прадпакой, узяў кош і аднёс яго ў гасьцёўню. Потым ён зазірнуў у спальню. Мартышка ціхамірна дрыхла, зьбітая коўдрачка зьвісла на падлогу, кашулька задралася, і ўся яна была як на далоні — маленькі сапаты зьвярок. Рэдрык не ўтрымаўся і пагладзіў яе па сьпіне, пакрытай цёплай залацістай шэрсткай, і ў тысячны раз зьдзівіўся тым, якая гэта шэрстка шаўкавістая і доўгая. Яму вельмі захацелася ўзяць яе на рукі, але ён пабаяўся яе абудзіць, ды й брудны ён быў як чорт, увесь прасякнуты Зонай і сьмерцю. Ён вярнуўся на кухню, зноў сеў за стол і сказаў:

— Налі кубачак кавы. Мыцца потым пойду.

На стале ляжаў пачак вячэрняй карэспандэнцыі: гарадзкая ґазэта, часопіс «Атлет», часопіс «Плэйбой» і тоўсьценькія, у шэрай вокладцы «Даклады Міжнароднага інстытуту пазазямных культураў», выпуск 56-ы. Рэдрык прыняў ад Гуты кубак дымлівай кавы і пацягнуў да сябе «Даклады». Крывулькі, значкі, чарцяжы… На фотаздымках — знаёмыя прадмэты ў дзіўных ракурсах. Артыкул Кірыла, нарэшце, выйшаў: «Пра адну нечаканую ўласьцівасьць магнітных пастак кшталту 77-б». Прозьвішча Паноў абведзенае чорнай рамкай, унізе дробным шрыфтам заўвага: «Доктар Кірыл А. Паноў, СССР, трагічна загінуў у працэсе правядзеньня экспэрымэнту ў красавіку 19… году». Рэдрык адкінуў часопіс, сербануў, абпальваючыся, кавы і спытаў:

— Заходзіў хто-небудзь?

— Гуталін заходзіў, — сказала Гута. Яна стаяла ля пліты і глядзела на яго. — П’яны ў зюзю, я яго выправадзіла.

— А Мартышка як жа?

— Не хацела, вядома, яго адпускаць, раўці была наладзілася. Але я сказала, што дзядзька Гуталін кепска сябе адчувае. А яна мне так кемліва адказвае: «Ізноў засмактаў Гуталін».

Рэдрык усьміхнуўся, зрабіў яшчэ глыток.

— Тэлефанаваў хтосьці, — працягвала Гута. — Сябе не назваў, я сказала, што ты на рыбалцы.

Рэдрык паставіў кубак на стол і ўзьняўся.

— Ладна, — сказаў ён. — Пойду ўсё-ткі памыюся. Куча спраў яшчэ ў мяне.

Ён замкнуўся ў ваннай, кінуў вопратку ў бак, а кастэт, пазасталыя гайкі, цыгарэты ды іншую дробязь паклаў на палічку і доўга круціўся пад гарачым, як кіпень, душам, крэкчучы, расьціраючы цела рукавіцай з жорсткай губкі, пакуль скура ня стала барвовай, потым выключыў душ, сеў на край ванны і запаліў. Журчала вада ў трубах. Гута на кухні пабразґвала посудам, запахла смажанай рыбай, потым Гута пастукала ў дзьверы і прасунула яму чыстую бялізну.

— Давай хутчэй, — скамандавала яна. — Рыба стыне.

Яна ўжо адышла і зноў пачала камандаваць. Усьміхаючыся, Рэдрык апрануўся, то бок нацягнуў майку і майткі, і прама ў такім выглядзе вярнуўся на кухню.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)