Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэшскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай свайго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя не ведаем, што казаць, але за пару хвілін з’явіўся наш малец, ужо паспеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Еўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што не меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэшскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не паспяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.
А кніжак у нас наагул прыбывала, не было толькі ніколі грошай. Кормячы ўсякіх уцекачоў, сяброў і не сяброў, я толькі думала: «Божа, я ўсё аддам, што маю лішняе, галодным і патрабуючым, толькі дай так, каб маёй змерзлай, галоднай маме даў нехта кусочак хлеба ці місачку цёплае стравы там, у гэтай Богам забытай зямлі». Мы, наагул, лічылі з мужам, што галоўнае толькі тое, каб людзі перажылі страшную вайну, а пасля і ў нас будуць грошы, каб толькі дачакацца сваіх...
«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла,— гарланіў на допытах ачумелы следавацель,— гэта як амерыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава[76] столькі людзей не ходзіць». Нічога я яму болей не паясняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк не месцілася паняцце чалавечае дабраты... Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў»[77] даць мне ні больш ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесці яшчэ й майго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыццё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі... Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён не выжыў бы.
А тым часам збываўся мой сон пры ад’ездзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыллі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, і дзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.
Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсліць маё нейкае значэнне, нейкае маральнае першынство. Перасцерагаў мяне перад дзе-якімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне аперацыя апендыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Аперацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямнення. Вельмі хораша аднёсся да мяне малады лекар, які мяне апераваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, дзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасля аперацыі, а найболей лекар, які мяне апераваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сістэма.
76
Шолахаў Міхаіл Аляксандравіч (1905–1984) — расійскі пісьменнік, двойчы Герой сацыялістычнай працы (1967, 1980), лаўрэат найвышэйшых савецкіх і Нобелеўскай (1965) прэмій.
77
«Ад родных ніў» — першая кніга Л. Геніюш, выйшла ў Празе (1942); перавыдадзена факсімільным спосабам (Слонім, 1995).