Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Нямецкая мова яго абражала. Спытае, бывала, Кірдун, ці трэба нагрэць яму ванну для ног, а немец адвазвае:
— Das ist mir Wurst[17].
Проста чорт ведае што! Не мова, а свінства! Усё адно яму, бачыце, гарачая ванна або каўбаса…
Чыстага і прычасанага паніча апраналі ў вузкія штаны (псеўданароднаму гарнітуру далі адстаўку ў канцы першага ж тыдня) ў вольную белую сарочку з адкрытым карункавым каўняром і вялі на балкон, асабліва светлы ад снежных маркіз. Тут за чайным сталом чакала маці і, у высокім крэсле, дзіўная істота — двухгадовы брат Вацак, які смешна вырачваў на Алеся шэрыя наіўныя вочы.
Матуля цалавала Алеся ў скроню, трымала за падбародак вузкай, да смешнага маленькай рукой, пытала — зрэдку па-французску, каб прывучыўся, — як спаў.
— Бьен, мадам, — адказваў ён, так пакутліва падбіраючы словы, што нават малому Вацаку рабілася смешна.
Елі аўсянку з малаком, яйкі ўсмятку, тарцінкі з маслам і сырам, тварог і мёд. Дарослыя пілі каву, дзеці — чай. З'яўляўся з аб'езду бацька, загарэлы, смяшлівы, сыпаў жартамі.
У рэкрэацыйнай чакалі ўжо Фельдбаўх і швейцарскі француз monsieur Jannot (гэтаму, як найбольш тандэтнаму, дазвалялася снедаць у сваім пакоі). І тут пачыналася пакута не пакута, а нешта накшталт упартага змагання. Людвіг Арнольдавіч біўся з Алесем над нямецкай і латынню плюс матэматыка і гісторыя, monsieur Jannot — над французскай плюс рыторыка і прыгожае пісьменства. Смеху варта было глядзець, як яны стараліся.
Гадзіна ішла за гадзінай. Алесь дзякаваў богу за тое, што англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай. Часам словы трох моў блыталіся ў галаве, ў хлопцу хацелася толькі аднаго: каб сёлетні ўраджай быў дрэнны. Але ён адразу ўспамінаў Кагутоў, і яму рабілася сорамна. Ды хоць бы нават і дрэнны ўраджай. Не, яго, Алеся, ужо нічога не ўратуе… Усё адно стары Загорскі дапаможа, у яго грошай граблямі грабі.
Ад гэтых думак яго адрываў натхнёны голас гера Фельдбаўха, у якім гучалі нечаканыя для немца басовыя ноты.
Гувернёр стаяў перад сакратэрам у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Твар ганарысты. Брушка наперад. Гэта ён граміў бязбожных рымлян, што задалі такой шкоды нямецкай айчыне:
— Eben darum stür-rzte sich German Cherüsc einem Löwen gleich auf den gr-räulichen Varus, den Führer der ver-rführ-rten Romanier. Und Teutoburger Wald wurde zum Fel-lde der deutschen Ruhmheit[18].
"Як гэта лес мог стаць полем, — думала няшчаснае дзіця, — высеклі яго немцы, ці што? Магчыма, і так. Ад іх усяго можна чакаць. Немцы".
…Бiў гонг, абвяшчаючы канец заняткаў. Вочы Фельдбаўха, якiя толькi што кiдалi блiскавiцы, зноў рабiлiся блакiтнымi i добрымi.
Пасля заняткаў на хлопца наводзілі вонкавы лоск. Гадзіна танцаў (акампаніраваў на лялечнай скрыпцы monsieur Jannot), якая была для малога пакутай, а пасля гадзіна верхавой язды ў манежы.
Падчас танцаў француз прывіваў дзіцяці вытанчаныя манеры, якія потым паспяхова разбураў грубаваты, як кожны аматар коней, містэр Крэбс.
— Шэнкелямі не цісні, шэнкелямі, кажу, не цісні. Не нервуй каня, сто тысяч д'яблаў і зарад карцечы табе ў задніцу… Як пaдаеш? Як пa-да-еш?! А яшчэ лорд! Лорд нават з каня падае прыгожа!
Непарушны англічанін да непазнавальнасці змяняўся, калі даходзіла да коней.
— Аз-зіяты! Хіба вам па-еўрапейску ездзіць?! Іначай вам ездзіць, вар-ва-ры. Ах-люп-кай, — з цяжкасцю вымаўляў ён чужое слова.
А потым шкоду, нанесеную англічанінам, зноў лячыў француз, і на заднім двары яшчэ гадзіну чуўся звон шпаг і буркатлівыя выгукі:
— Тэрца… Квінта… Не так… О месье, не так… Зноў у пазіцыю… Як вы стаіцё, месье? Вы трымаеце шпагу, як начны гаршчок, — пардон… Раз-два… О-ла-ла!.. У вас нечакана атрымаўся цудоўны ўдар… Ларошфуко не мог бы зрабіць лепшага… Брава, месье, я забіты!.. Вы забіты… Майце ласку заўтра рабіць гэта лепей.
Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволiла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаваннi. Ён схуднеў, на нагах i грудзях выявiлiся зусiм не дзiцячыя мускулы, позiрк стаў пiльны i насцярожаны. Але затое ў руках усё часцей прарывалася новая, лёгкая i пластычная зграбнасць.
Можа, таму, што ён і раней добра біўся на палках — асабліва вялікімі былі поспехі ў фехтаванні. Ды і Крэбс, калі хлопец не чуў яго, усё часцей казаў:
17
А мне ўсё адно (літаральна: гэта мне каўбаса) (ням.)
18
Таму Герман Херуск, льву падобна, р-рынуў на аг-гіднага Вара, правадыра р-разбэшчаных рымлян. І Таўтабургскі лес стаў пол-лем нямецкай славы (ням.)