Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:
— Ты любi яе, Алесь… Любi, як я… Яна мацi табе… Ты не глядзi, што яна строгая… Яна, брат, добрая.
I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:
— Буду яе любiць… Што ж, калi ўжо так атрымалася.
Бацька павесялеў.
— Ну вось, вось i добра… Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць… з пяском, каб не пляваўся… марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш… Каня табе падару — дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi… А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.
— Я i цябе буду любiць… бацька.
— Ну вось i добра, брат. Хадзем.
Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад'ёмны масток ляжаў над ровам.
— Тут псярня i стайнi, — сказаў бацька.
На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.
— Што новага, пан Крэбс?
— Гэты народ… — англiчанiн адвёў убок сiгару, зацiснутую памiж простымі, як алоўкi, пальцамі, — яму б ездзiць па-цыганску, без усякi закон… Сёння засеклася Б'янка.
— Можа, яно i лепей, — сказаў бацька, — я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкi Змея.
— О, но! — запратэставаў англiчанiн. — Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзiце на яго бабкi. Паглядзiце — Меры яго мацi, — паглядзiце на яе калмыцкую грудастасць i бадай вiслазадасць. Но, но!
З манежа збiралiся да iх конюхi. Старшы конюх, Змiцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупiлася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.
— Накрыйся, — сказаў бацька. — Ведаеш — не люблю.
Змiцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.
— I не ўздыхай, — сказаў бацька, — не падлiзвайся. Чуе кошка… Было табе загадана бiнтаваць Б'янку цi не?
— О Змiцер, бестыя Змiцер, — сказаў англiчанiн, — хiтры азiят Змiцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелi Б'янкi, яны хацелi выпусцiць мясцовага дрыкганта… зусiм як сам пан-князь Загорскi.
Бацькавы вочы няўлоўна смяялiся, вельмi сiнiя i прастадушна хiтрыя, як у маладога чорта.
— Што ж зробiш, мiстэр Крэбс. Тут ужо нiчога не зробiш. Вiдаць, будзем выпускаць на скачкi трохгодак Змея, Чаркеса i Мамелюка.
I раўнуў на Змiтра:
— Яшчэ раз гэткае — не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!
Уздыхнуў:
— Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.
— Глорыю хiба? — спытаў Змiцер.
— Каб галаву скруцiў?
— Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.
— А мне не трэба, — сказаў пан Юры. — Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.
— Добра, — сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.
Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.
— То гэта малады князь? — спытаў англiчанiн. — Будучы гаспадар?
— Але, — сказаў бацька.
— Новы мятла будзе месцi па-новаму, — сказаў Крэбс. — Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?
— Можна мне сказаць, бацька? — спытаў Алесь.
— Кажы.
— Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.
Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.
— Гуд бой, — сказаў ён. — Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. — I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: — I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.
Засаромлены бацька адвёў вочы:
— Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.
— Нашто мне гэта? — сказаў Крэбс. — Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.
— Добра ўжо, Крэбс, прабач, — сказаў бацька. — Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.
Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней. — Ну, якую кабылку бярэш? — сказаў бацька.