Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ніхто дабром не дасць збаўлення...
Ніхто дабром не дасць збаўлення... - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ніхто дабром не дасць збаўлення...

Электронная книга - «Ніхто дабром не дасць збаўлення...». Краткое содержание книги:

«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — трэцяя кніга з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Мы працягваем сачыць за лёсам ўжо знаёмых нам герояў — менскіх злодзеяў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага.
У апошнім рамане трылогіі апісваюцца падзеі 1919 года, калі з Менска сышлі германскія войскі і сталі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Якія змены наступілі для фраераў і блатных? Што прынеслі з сабою новыя ўлады? І чым тады выславілася Камароўка?
«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — кніга, у якой пульсуе жыццё і віруюць жарсці. Аўтар захапляльна распавядае пра таямнічы і закрыты свет ліхадзеяў, поўны прыгодаў і авантур, небяспекі, вясёлых і трагічных неспадзяванак, а таксама моцных пачуццяў ды шчырага кахання.
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 93
Перейти на страницу:

Потым Жардонь паклікаў дзяўчыну.

— Настка! — крыкнуў на поўныя грудзі.

— Ну чаго?

— Не «ну чаго», а «слухаю вас уважліва». Вучу цябе, вучу, а ты як доўбня нейкая! Чаму ты гэнага ягамосця стукнула, га?

— Дык калі забалела. Не магла стрываць.

— Мусіш цярпець. Хочаш жэрці, то цярпі! Я праз цябе кліентаў губляць не збіраюся. Каб мне гэта апошні раз было. Зарубі сабе на носе! Вялікая пані знайшлася! Падумаеш, ушчыкнуў яе… Так, палову заробку я адлічу. Будзе табе кара. За пабітыя талеркі і хамства. А наступным разам дык сам выб’ю з цябе дурноту і выкіну вон, як рапуху!

У Жардоня працавалі дзве афіцыянткі. Са шматлікіх кандыдатак ён выбраў такіх, за якіх не было каму заступіцца і якія цяпер цалкам залежалі ад ягонай ласкі. І ён так удала манеўраваў, што яшчэ ні разу ніводнай з іх не выплаціў заробку. Усё сыходзіла на адмысловыя штрафы, якія ён сам і прызначаў. Выбіраючы працаўніц, дзядзька браў пад увагу не толькі іх жыццёвую бездапаможнасць, але і знешні выгляд. Ладны тварык не быў для яго найважнейшы — вокам знаўцы ён перадусім ацэньваў формы, схаваныя пад сукенкай.

Замкнуўшы вечарам рэстаран, Жардонь часцяком загадваў адной з афіцыянтак застацца. Нібы дзеля прыборкі. Калі дзяўчына, закончыўшы работу, збіралася дадому, дзядзька затрымліваў яе і строга казаў:

— Пачакай! А ці ты раптам нічога не выносіш цішком з рэстарана? Я ўжо вас знаю!

І пачынаў абшукваць дзяўчыну. Гэтыя праверкі выглядалі досыць дзіўна. Дзядзька шукаў доўга, усё дакладна абмацваючы і слізгаючы потнымі далонямі па дзявочым целе. Афіцыянтка мусіла ўсё гэта цярпліва зносіць, інакш згубіла б працу. Дзядзька не выкарыстоўваў сваіх рабынь як жанчын, але толькі таму, што ўжо не мог. У маладосці ён некалькі разоў перахварэў на венерычныя хваробы, да таго ж ягонае інтымнае жыццё было тады настолькі інтэнсіўным, што ён зрабіўся імпатэнтам. Магчыма, адсюль вынікаў ягоны цынізм, які здзіўляў і бянтэжыў Яся. Тут хавалася разгадка, чаму ў яго ні на ёту не было павагі да жанчын. Ён не бачыў у іх ні душы, ні гонару, а толькі цела, якое можа даць задавальненне. Але не яму. Ясь праз свой малады век і небагаты досвед не ўмеў распазнаваць сапраўдныя прычыны людскіх паводзін і слоў, таму зусім не разумеў гэтага і лічыў дзядзьку дзіваком.

Дзядзька Жардонь некалі дапамагаў Нацэвічам. Дапамога тая была мінімальнай адносна ягоных магчымасцяў, і аказваў ён яе толькі дзеля таго, каб потым хваліцца. Акрамя іх, у яго не было іншых родзічаў, а яму прыемна было адчуваць сябе дабрадзеем. Яся ён нават любіў, бо мог уволю трубіць яму ў вушы пра свае любоўныя пахаджэнні і плесці розныя іншыя глупствы. Але калі пазней хлопец супрацьпаставіўся дзядзьку, той пачаў асцярожнічаць з ім. Быў лагодны, ветлівы, але гаварыў адно, думаў другое, а рабіў трэцяе.

Калі Ясь сядзеў у турме, Маруся Лобава некалькі разоў прыходзіла да дзядзькі Жардоня. Яна ведала, што рэстаран насамрэч належыць Ясю, а Жардонь тут толькі кіруе. Маруся прасіла грошай на перадачы для хлопца. Жардонь божкаў, вохкаў, бядуючы над лёсам хлопца, а таксама наракаў на слабы прыбытак. Урэшце даставаў нейкую малую суму і ўручаў яе Лобавай для пляменніка. Перад сваім ад’ездам Лобава наведала яго яшчэ раз. Прасіла паклапаціцца пра хлопца. Дзядзька ўрачыста паабяцаў. Ён нават сам верыў у тое, што казаў. Але пазней дадзенае абяцанне сцерлася з ягонай памяці. І Ясь пасля ад’езду Лобавай не атрымаў аніводнай перадачы з волі.

Дзядзька Жардонь збіраўся заканчваць працу і замыкаць рэстаран, калі ўсярэдзіну зайшоў Ясь.

— Добры вечар, дзядзька!

— А! Гэта ты? Жывы?

— Што я жывы — малое дзіва, але што дзядзьку чэрці касматыя яшчэ не забралі, дык вось дзе цуд!

— Добра, добра. Сядай. Зараз вып’ем.

— Я да дзядзькі па справе.

— Вось гэтую справу і абмыем. Мікалаеўскай табе пастаўлю. Настка, нясі дзве чаркі. Замыкай ужо будку!

Афіцыянтка пачала зачыняць аканіцы знутры. Жардонь штурхануў Яся локцем у бок і паказаў на дзяўчыну:

— Паглядзі, якія ў яе лыткі! Босая па снезе ходзіць. А пад спадніцай у такой, мусіць, цэлы вулкан!

— А ты, дзядзька, хоць калі-небудзь пра нешта іншае гаворыш?

— Бачу, што ты ў манахі, мусіць, пастрыгся.

1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)