Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Золак, убачаны здалёк
Золак, убачаны здалёк - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Золак, убачаны здалёк

Электронная книга - «Золак, убачаны здалёк». Краткое содержание книги:

Самае жудаснае наступства вайны – тое, што гвалт робіцца нормай, пачынае ўспрымацца досыць спакойна. Варажнеча паміж людзьмі здаецца іншы раз проста вясёлай гульнёй, як у фінальнай сцэне аповесці. Лірычны герой тут літаральна пакутуе ад “болю, адчування вялікай крыўды, вялікай несправядлівасці, калі дарос-лыя – дзеля дурнога, дзікага смеху – страўлівалі на бойку нашых сяброў – Валодзю Казака і Толю Немца.
Гэты боль, гэты сум ідзе ўсё жыццё, то аціхае і далёка адыходзіцца, то зноў возьме і вернецца, зусім нечакана. Нават праз паўстагоддзя апавядальнік не можа выбавіцца ад дакораў сумлення за тое, што не спыніў той бесчалавечны здзек. Хоць што ён – дзіця – мог зрабіць тады?
Пройдзе час. І гэтым самым хлапчукам давядзецца ўзяць у рукі сапраўдную зброю, стаць салдатамі новай сусветнай вайны...
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 39
Перейти на страницу:

Можа, не там ён, каля вагі, той патаптаны пясок, і не над нашай ракою — над нейкай іншай, далёкай, у тым баі, дзе раптам стаў назаўсёды дурным той маладзенькі прапаршчык, што сёння — страшны Салавей?..

І вось мне здаецца цяпер, на гасцінцы, што гэта не мы з мамай едзем насустрач чорнаму драцяному абозу, што гэта прапаршчык… Што гэта я іду… Босы, брудны, нястрыжаны. Гляджу пад ногі, і ўсе вазы даюць мне дарогу. Бо гэта я туды, дзе будзе зноў патаптаны пясок… Я не адзін. Усе гарлапаняць строем, і я, бо гэта ж трэба і мне, мармычу, як быццам нікога не чуючы:

Салавей, салавей, пташачка, канарэюшка жалабна паёт!..

А наша мама нікому цяпер не кажа, што супраць ночы такога не трэба, бо дзіця… бо гэта я пасля не засну…

Цяпер не ноч, цяпер такі ясны, сонечны дзень.

Ноч будзе потым.

9

Лета — як лета, зіма — як зіма, гразь высыхае або замярзае, а ўвосень вуліца нашай вёскі — проста вялізнае, даўжэзнае карыта глыбокай гразі, ад плота да плота. Ідучы з пашы, каровы паволі, цяжка выцягваюць ногі, адну за адной, а вым'е, у каторай большае, валачэцца па той халоднай, глеіста-шэрай рошчыне — пакуль дамыцца потым да малака!.. Якая сумная, бясконцая работа, тое цярплівае выцягванне ног з гразі — і каровам, і коням, і самому табе, калі з пашы ці ў школу ідзеш каля плота, дарма выбіраючы месца, дзе лепей ступіць. А ўжо авечкам бедным — хоць ты плыві. Яны яшчэ і горка бэкаюць ад мокрай крыўды за сябе, за нас, за ўсё жывое. Бо тут жа і дождж — спорны часамі прыпусціць, а то цярушыць бясконца, і з такой жа гэта занудлівай упэўненасцю, як быццам толькі яго тут і не хапала…

Во калі глухмень!..

Апроч жывёлы ды сваіх людзей каля платоў, па вуліцы цэлымі днямі ніхто чужы не пройдзе, не праедзе. От, праплыве калі-небудзь воз незнаёмага пагарэльца з дзесяткам кулёў нажабраванай саломы. Сяды-тады прасунуцца старцы ў зрэбнай будзе, мокрай, з худымі рэбрамі абручоў. Дзед і баба, гуннявы і жаласна-галасістая. І малёканне сумнае па надвор'і: «Дзеткі вашы маленькія, анёлачкі боскія, чыстакроўна мадлітэўныя…» (Часта яны, анёлачкі, паміралі.) Прашалэндае, здарыцца, хоцькі-няхоцькі збочыўшы з гасцінца, мясцовы, суседні падпанак на мокрай, нягеглай пары ў кракаўскіх хамутах…

А часцей за ўсё наша карыта наведвалі анучнікі, госці заўсёды жаданыя і руплівыя самі: гешэфт ёсць гешэфт.

Адзін з іх, маленькі, кучаравы Мэйшка, быў вельмі ж звонкагалосы і меў свой уласны, адмысловы рэчытатыў. Як толькі ён, прымасціўшыся бокам на сваім шырокім возе, укалышацца ў вёску, дык адразу і загалёкае, як на пажар:

— Баббы-баббы-баббы, ого-го-о!..

Потым ішла музычная рэклама:

— Міло браць! Голкі браць! Хварбі браць!.. Баббы-баббы-баббы!..

У трэцім калене згадваліся патрэбныя Мэйшку прадметы натуральнага абмену:

— Ас-мі-чы-ны з-пад коўдро! Ку-дзе-ля! Яй-цы! А-ну-чы!..

І наступаў узрыў той самай, што і ў пачатку, сілы, ужо не заклік, а ледзь не адчай у адным шматступенчатым слове: — Баббы-баббы-баббы-о-го-го!..

Не такі мудрагеліста-звонкагалосы быў другі анучнік, Лёкім. Затое ўсё ў яго было спраўнейшае — і конь, і воз, і сам ён, салідны белабароды Саваоф, які ўязджаў у нашу гразь, седзячы не бачком на цапку, а з нагамі на возе, і не галёкаў, як блазен, а важна і глуха ўрываючы бухаў:

— Боб! Боб! Боб!..

З яго ў нас смяяліся: «Уй, мой Лёкум! Усім яму любяць: і бабы, і маладзіцы…» Так хвалілася яго жонка — тая першая, што памерла. Апрануты дзед Лёкім быў заўсёды добра, асабліва пасля таго, калі ён, на здзіўленне ўсяму наваколлю, ажаніўся з маладой, казалі нават, што і прыгожай, не мілтачоўскай, а недзе аж з Клецка. А пра яго багатую, разложыстую бараду, жаўтлявую праз сівізну, расказвалі, што з яе былі наздзекаваліся ў вайну польскія жаўнеры, — падпалілі, звязаўшы чалавеку рукі.

Былі анучнікі і апроч гэтых двух, але ўжо значна менш цікавыя.

І былі яшчэ мяшэчнікі, стары мітуслівы Дзічка і баба Роха. Хадзілі яны кожны сам сабе і толькі не ў завіруху ды не ў такую гразь, як позняй восенню. Дзічка быў смешны. У хаты ён не заходзіў. Ад варот — ледзь не подбегам — да зачыненага акна і гукне ў яго цераз высокую прызбу:

— Шэрсць-есць-га-німа-пайшоў!

Сам і спытаецца, сам сабе і адкажа, рэдка хто яго добра пачуе ды ў хату пакліча.

Другою была баба Роха.

Неяк вясною яна зайшла да нас не адна — мех за ёю нёс незнаёмы дзяцюк.

— Ганно-сястрыцо, здрастуй! — прывіталася, як заўсёды з парога. — Як ты сягоння жывеш, як ты здарова маешся?

Гаварыла баба Роха неяк аж надта па-беларуску, без жыдоўскага акцэнту, густа-гучным і смачным голасам вясковай дабрадушнай цёткі.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)