Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Апроч Віктара Марозава, які лепш за ўсё працаваў у графіцы, някепскім майстрам абяцаў стаць Іван Пушкоў, а таксама Дзіма Парахня, жывапісец з адметным густам. Часам прыходзілі да нас Валяньцін Савіцкі, Міхаіл Плужнік. Часьцяком «прыбрыдаў» да майстэрні хворы, няшчасны Дзешка, які ўжо амаль нічога не рабіў, жыў толькі тым, што зь літасьці атрымліваў ад сяброў. А некалі ён скончыў Варшаўскую акадэмію, дзе вучыўся разам з Кохам.
Арыстакратам мастацкага цэху лічыўся Ігар Васільевіч Сямёнаў, мастак-афарміцель. Афарміцель ён сапраўды быў выдатны, усё рабіў па вышэйшым клясе: прыгожа і акуратна. Гэта быў рыцар, маг рэстараннага дзейства: калі меў грошы, частаваў направа і налева, плаціў вялікія чаявыя, паводзіў сябе ў хмелі высакародна і прыгожа. Калі грошай не было і яго самога частавалі, ён прасіў толькі:
«Разьлічвацца дай я буду». Тады яму перадавалі кашалёк, і ён шчодра адорваў афіцыянтку. Марозаў наадварот, у гэтае справе паводзіў сябе авантурна: калі падабаўся хрэн, закупляў яго оптам, усё блюда. А то мог папытацца, колькі каштуе люстра пад стольлю, і, заплаціўшы ашалелую суму, пабіць яе палкай. У той жа час быў чалавек разумны і адукаваны. Варта было яго паслухаць на начной вуліцы, калі мы пасьля рэстарана вярталіся дадому. Да якіх толькі філасофскіх вышыняў ён не ўзьнімаўся!..
Гэта быў выдатны мастак-філосаф. З пакарэжаным вайною лёсам.
Зараблялі мала, а пілі ўсё болей. Калі бывала ў кішэні паяўлялася якая сотня, Марозаў у забягалаўцы калькуляваў яе так: на 95 рублёў выпіўка і на пяць рублёў — закусь.
«Не чревоугодничай», — запісана ў Бібліі, напамінаў ён нам. Увогуле, яму не пярэчылі.
Апошнім буйным заказам, які мы выканалі ў тую восень, было афармленьне гарадзкога кірмашу: шыльды, стэнды, рэкляма. Пасьля ўжо не было нічога. Не было і грошай.
У забягалаўцы, што была на пачатку вуліцы Клары Цэткін, часам паяўляўся высокі пажылы чалавек, выпіваў куфаль піва. Неяк Ігар Сямёнаў пазнаёміў мяне зь ім. То аказаўся бухгалтар рэдакцыі абласной газэты «Гродненская правда». Рэдакцыя была побач, у суседнім будынку. Гэты Кавальскі, аднак, быў палкоўнік царскай арміі, былы кавалерыст. Вядома ж, дваранін. Што-нішто ён расказваў з колішняга свайго жыцьця і тым цікавіў нас. У яго ж можна было папытацца, як робіцца газэта, — то ўжо была мая цікаўнасьць. І вось у канцы году ў «Гродненской правде» паявілася аб’ява пра тое, што рэдакцыі патрабуецца карэктар, які добра ведае беларускую мову. І ў мяне зьявілася жаданьне. Пры сустрэчы я сказаў Кавальскаму, які тут жа і завёў мяне ў рэдакцыю. Да адказнага сакратара Цыпінай.
З новага году «Гродненская правда» павінна была выходзіць на дзьвюх мовах, і рэдакцыя рабіла пэўную падрыхтоўку. Ганна Ільінічна Цыпіна шмат са мной не размаўляла — прапанавала напісаць біяграфію і заяву. Прачытаўшы іх, мабыць, засталася задаволенай і загадала другога студзеня прыйсьці на працу.
Пачалося новае жыцьцё, зьвязанае са словам, з паліграфіяй, з няспыннай вытворчасьцю. Граматыку беларускай мовы я ведаў (дзякуй Андрэю Дзям’янавічу Курчанку), газэтная лексыка, як вядома, ня самая цяжкая ў мове. Праўда, нуднавата было вычытваць гранкі, рабіць зьверку карэктуры. Працавалі па парах, з падчытчыкам. Падчытчыкам у мяне быў малады хлопец зь мясцовых Міша Яскевіч. Побач быў наборны цэх, дзе стракаталі лінатыпы, вярстальны цэх. Там усё было цікава. Мяне дужа цікавіла ўсё, што было зьвязанае з друкам. З друкаваным словам.
Рэвізійным карэктарам рускага выданьня на той час працаваў Мікола Аўчароў, таксама з вайскоўцаў, былы настаўнік. Чалавек труднага лёсу, ён на пачатку вайны трапіў у палон, атруціўся ў канцы вайны метылавым сьпіртам, таму амаль ня піў. Да яго ўсё чаплялася НКВД, цягалі на допыты. Гэта быў адмысловы грамацей, верны рыцар газэтнай пісьменнасьці. Змагар. За тое яму і перападала, [што] зрабіла яго нэрвовым і падазроным. Але па ведах граматыкі ў рэдакцыі яму не было роўных.
З прычыны кепскай працы друкарні газэта спазьнялася з выхадам, карэктары нярэдка працавалі да глыбокай ночы. Па начным горадзе я дабіраўся да свае Ласасянскай. Горш стала, як разьліўся Нёман і зьнесла пантон. Тады сувязь з Занямоньнем была толькі на лодках. Адзін рубель з чалавека за пераправу.
Вясной мяне перавялі ў сакратарыят стыль-рэдактарам.
Маім абавязкам стала вычытваць усе пераклады матэрыялаў, што здавалі з аддзелаў, іх перакладалі дзьве машыністкі — Быкава і Радзішэўская. Часам таксама Баўдзей. Я заняў месца ў асобным кабінэце намесьніка рэдактара па беларускім выданьні Лютарэвіча. Тут было вальней, чым у карэктарскай, але зноў жа — вытворчасьць, тэрміновасьць. Калі перадавалі які афіцыйны матэрыял па тэлетайпе, каб паскорыць пераклад, дыктаваў яго машыністцы. А такіх перадачаў было ледзьве ня кожны дзень. Усе пастановы ЦК, прапагандовыя матэрыялы, да якіх вельмі чуйны быў рэдактар, былы партызан Бураў (затым Вадап’янаў). Але зь імі я меней меў справу, болей з адказным сакратаром Ганнай Ільінічнай Цыпінай, клапатлівай газэтнай працаўніцай, жонкай былога рэпрэсаванага цэкоўца Дзяніскевіча. Яе намесьнікам быў А. Кіркевіч, сталы газэтчык, што ў войску працаваў у газэце. Але самы сімпатычны чалавек у сакратарыяце быў незабыўны Георгій Аляксеевіч Цьвятніцкі, выпускаючы, сталы жыхар Гародні, чалавек з унівэрсальнай адукацыяй і буржуазнага выхаваньня. Ён ведаў усё, мог адказаць на любое пытаньне. І быў спакойны, паважны і пачцівы. Звычайна маўклівы, заняты працай, ён толькі ўвечары, калі мы заставаліся ўдвох, мог разгаварыцца — аб чым хочаш. Але ніколі аб сабе. Яно і зразумела. Георгій Аляксеевіч усю акупацыю пражыў у Гародні, а гэта на той час шмат што значыла. Найперш для органаў.