Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Адкусі галаву вароне
Адкусі галаву вароне - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Адкусі галаву вароне

Электронная книга - «Адкусі галаву вароне». Краткое содержание книги:

Новую кнігу Ўладзімера Арлова склалі эсэ апошніх гадоў. Аўтар, у жылах якога беларуская кроў зьмяшалася з цыганскай, працягвае вандраваць па сьвеце й часе.
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 38
Перейти на страницу:

Кожны сябра КАПу — каб не было пакутліва балюча за марна пражытыя гады — абавязаны быў спаражніць падчас клюбнага паседжаньня ня меней за дзесяць паўлітровых кухляў або пляшак рытуальнага пітва. Слабакоў чакала выключэньне з Клюбу ды вечная пагарда таварышаў па барацьбе з таталітарызмам.

Літоўскае піва выявілася падступна мацнейшым за тое, што нараджалася на броварах тваёй радзімы, і пасьля сёмага кухлю ты быў надзейна схоплены густым бурштынавым хмелем. Кожны новы каўток увачавідкі павялічваў кансыстэнцыю гэтай дзівоснай субстанцыі, пагражаючы ўрэшце закуць цябе ў ёй, быццам гіганцкую мэтафізычную жамярыцу. Праменьчык сьвядомасьці высьвечваў у цёмным бурштыне асобныя мізансцэны: наведваньне жаночай прыбіральні, бо бракавала змогі дачакацца чаргі ў мужчынскую; брутальную канфрантацыю з бармэнам, якому ты намагаўся растлумачыць, што няма ніякага Наруцісу-Насруцісу, у чый гонар яны назвалі сваю лабусяцкую закуску да піва, а ёсьць нашая адвечная нябесна-блакітная Нарач, дзе маеце права мыць ногі адно вы, спадкаемцы Вялікае Крывіі.

Бунтоўны дух правадыра прусаў несумнеўна знаходзіўся дзесьці блізка, бо ў наступную хвіліну прасьвятленьня ты ўбачыў, як твой сябрук вымагаў ад кампаніі за суседнім сталом публічна пакаяцца й прызнаць, што іхні бл…кі Гардзінас — фантом, а ёсьць наская, бл…ь, Горадня, ці, у горшым выпадку, Гародня.

Разьвітаньне з гасьціннай вуліцаю Геркуса Мантаса бясьсьледна патанула на дне кухляў, сплыло праз брудныя пісуары ў Лету, і ты самаідэнтыфікаваўся толькі ў цягніку, што вёз цябе чамусьці ня ў родны Менск, а ў Гардзінас-Горадню, у навакольлі якой пры канцы ХІІІ стагодзьдзя атайбоўваліся недабітыя крыжакамі прусы-перасяленцы, ня раз згаданыя Лаўрэнцеўскім летапісам як мужныя ваяры ў дружынах Вялікага Княства.

Літоўскі транзыт

Сёньня твой маршрут пралягае ў адваротным кірунку: ты едзеш на гістарычную радзіму Геркуса Мантаса і, стоячы ў вагонным калідоры, вывучаеш расклад руху цягніка, што выправіўся з братняга Харкава. Найменьні ўкраінскіх станцыяў хочацца сьпяваць: Любоцін—Багадухаў—Смародзіна—Багамля—Басы—Віры—Белаполе… Выбіваецца хіба што прыпынак Шчорс, названы ў гонар героя, якога ты з акцябрацкага веку вечна блытаў зь яшчэ адным героем грамадзянскай вайны ды іншаземнай інтэрвэнцыі, сынам сонечных малдаўскіх Кодраў таварышам Лазо. Ты ніяк ня мог запомніць, каго зь іх праклятыя самураі спалілі ў паравознай печы. Блытаніна скончылася, калі ў цябе зьявіўся надзейны старэйшы сябра-камсамолец, што ўпершыню пачаставаў цябе вэрмутам і развучыў з табой вясёлую рэвалюцыйную песьню пра тое, як “бьется в тесной печурке Лазо”.

Маральны прагрэс безнадзейна забуксаваў недзе паміж грэка-пэрсыдзкімі й Пунічнымі войнамі. Геркус Мантас паліў сваіх эўрапейскіх патронаў, японскія інтэрвэнты выкарыстоўвалі ў якасьці паравознага паліва тав. Лазо, а заходнія эмісары даводзілі да масавых самаспаленьняў рахманых расейскіх старавераў. Праўда, вусьцішная навіна пра гэты аспэкт шматстайнай дзейнасьці заходніх эмісараў яшчэ чакае цябе ў горадзе тваёй мары, куды нясьпешліва паўзе зачуханы ўкраінскі цягнік.

Назвы беларускіх станцыяў таксама не перапаўняюць рот гаркавай асцой: Чырвоны Бераг—Бярэзіна—Смаргонь—Гудагай. Няблага. Вылузваецца Мінск (знаёмы ўзбэк данядаўна лічыў, што твая сталіца зусім маладая — атрымала імя ад “мінаў”).

У Літве цягнік амаль не спыняецца, але дзякуючы айчынным радыё й тэлебачаньню ты ведаеш, што дагледжаныя, добра асьветленыя гарадкі, якія праплываюць за вакном, толькі парадны фасад, за якім хаваюцца беспрацоўныя, нацыяналісты і, вядома, заходнія эмісары. А шчасьце было так блізка: пасьля апошняй вайны нарадзілася ідэя далучыць захопленую саветамі частку Ўсходняй Прусіі да БССР, прычым не анклявам, а праз тэрытарыяльны калідор улучна з Друскенікамі. Магчыма, тав. Панамарэнка ці нехта зь ягоных наступнікаў ужо аблізваліся. Ды вось ударылі ў хамут літоўскія таварышы.

Гэтыя лабусы за пяцьдзясят гадоў добра даліся Крамлю ў знакі. Аднаго разу Калінінградзкую вобласьць ад шчырага сэрца захацелі падараваць ужо не беларусам, а ім — разам з усім мільёнам “русскоязычных”, 200-тысячнай вайсковай групоўкаю і без усякіх сумнеўных калідораў. А ў Вільні зноў не зразумелі. Іначай векапомныя падзеі каля тамтэйшай тэлевежы ў 1991 годзе здаваліся б цяпер дзіцячымі забаўкамі кшталту піянэрскай гульні “Зарніца”.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 38
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)