Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 212 213 214 215 216 217 218 219 220 ... 268
Перейти на страницу:

Не паспеў ён яшчэ дасёрбаць свой крупнік акрай стала на разасланым чыстым настольнічку, як у хату ўбегла Нінка. За ёй нязграбна сунуўся яшчэ нехта, каго ў вечаровых прыцемках не адразу было і пазнаць. Але пазнаўшы, Ягор зразумеў: па яго. I праўда, то быў сельсавецкі сакратар Пракапчук, які адразу з парога загаварыў бы нават устрывожана: «Во добра, заспеў. А то Ніна кажа: у Староўку браток лупане… Дык гэта, знаеш, патрэба да цябе…» — «Ну?» — «Такое ну — трэба пасля сходу старшыню РВК у раён адвезці…»

Ягор аж абурыўся ўнутры, хоць знешне пастараўся тое ўтаіць, не сказаў нічога. Толькі падумаў: прыехаў з лесу, не паспеў павячэраць, заўтра выхадны, Настачка…

Памаўчаў, апанурана буркнуў: «А што ён? Бясконны…» — «Не бясконны, але возчык ягоны падупаў, ехаць не можа…» — «А, падупаў!» — хмыкнуў Ягор. «Ну, набраўся, спіць у Залескіх. Дык выручы ўжо, бо ж камсамолец…»

Тое, што ён камсамолец, Ягор чуў не ўпершыню, і тое заўжды азначала, што ён павінен штосьці для каго зрабіць: ці ўслужыць каму, ці падзяжурыць у сельсавеце, ці з’ездзіць куды. Не тое, каб яго камсамольская прыналежнасць надавала яму гонару, але неяк абяззбройвала ў такі момант, і ён не меў як адмовіцца. Мусіў слухацца. Як бы там ні было, паход у Староўку адкладваўся. Павячэраўшы, Ягор надзеў сваю рудую суконную паддзёўку з аўчынным каўняром і пайшоў на сход. На падворку ў Суботкаў стаялі мужчыны, курылі, тут жа ля хляўка прыткнуўся сіні з чырвонымі аглоблямі старшынёў вазок, над якім укрыты папонай жаваў сена вараны конік. Ягор абышоў гэтага рахманага, мабыць, не старога яшчэ каня з белай плямай на лбе, які падазрона скасавурыўся на яго, выцягваючы з вазка мурожныя жменькі. Відаць, нешта адчуў — новага гаспадара, ці што? Ці мо тое, што цяпер іх двух лес звяжа на доўгія два гады неспакойнага, поўнага трывог і спадзяванняў жыцця.

Ягор у той раз нават не зайшоў у хату на сход, пакурыў з мужчынамі на ганку, а як з хаты хлынуў на падворак люд, узяўся за вупраж, што ляжала тут жа ў перадку. Ён запрагаў каня, адчуваючы пэўную няёмкасць ад таго, што браўся за чужую справу, і ўсё паглядваў цераз плячо на ганак, дзе ўжо стаяў, гамонячы з прыліплымі да яго мужчынамі, старшыня РВК Заруба. Таго Зарубу Ягор бачыў усяго некалькі разоў — на сходах у вёсцы ды адзін раз у раёне каля сталоўкі, але размаўляць з ім не даводзілася ні разу. I цяпер, як ягоны сядок падышоў да вазка, Ягор сціпла пажадаў яму «добры вечар» і пачаў выкіроўваць каня з падворка.

Ехалі паначы абодва моўчкі. Заруба наставіў вялікі каўнер чорнага паўшубка і маўчаў, мабыць, перажываючы нядаўнюю гаману на сходзе. Ягор маўчаў тым болей — ужо хоць бы з павагі да начальніка. Конь, мабыць, адпачыў, пад’еў і бег добра па ўезджанай палявой дарожцы, хоць Ягор і не падганяў яго. Ён не меў нават пугі, толькі зрэдчасу лёгенька тузаў раменнымі лейцамі.

Аднак была ўсё ж ноч, абапал шарэлі заснежаныя пералескі, пасля пачаліся змрачнаватыя яловыя шаты Галубяніцкай пушчы, і Ягор падумаў, дзе ж, аднак, ён заначуе сёння? Ні дадому, ні да Староўкі яму ўжо не дапяцца, трэба будзе шукаць начлег у мястэчку. Праўда, там быў адзін знаёмец — прымак з іхняй вёскі, Ягор ведаў ягоную хату, але жонка ў таго прымака не дужа падабала такіх во начлежнікаў, і Ягор падумаў, што да яго не пойдзе. Ён так і не вырашыў нічога на той лесавой дарозе, а як выехалі ў поле, Заруба ціха сказаў з-за свайго заінелага каўняра: «Тут павернеш налева». Ягор пацягнуў лейчыну, і конік панятліва збочыў на паваротку ў лагчынку, за якой, ведаў Ягор, выцягліся па касагоры хаты доўгае вёскі Кандыбічы. Там жа быў сельсавет і школа ў былым панскім маёнтку.

Як яны ўехалі ў вуліцу, у хатах яшчэ дзе-нідзе свіціліся вокны, але ўжо пакрысе гаслі — было, мабыць, апоўначы. Заруба не казаў, куды кірараць, і Ягор пусціў каня самахоць, які некуды тупаў-тупаў і сам сабой прыпыніўся пад вялізнымі дрэвамі ля доўгай будыніны школы. На рагу яе расплывіста свіцілася замерзлае акенца ад блізка да шкла пастаўленай лямпы. Заруба цяжкавата выбраўся з вазка і, падышоўшы да гэтага акенца, ціха пастукаў у шыбіну. Пасля ён пайшоў за рог і прапаў, нічога не сказаўшы Ягору, які ўсё сядзеў у вазку з лейцамі ў руках. Сядзеў, аднак, нядоўга — з-за вугла выйшаў чалавек у накінутым на плечы кажусе з ліхтаром «лятучая мыш», ён махнуў Ягору заязджаць у двор, а як той апынуўся ля ганка, сказаў: «Распрагай. Каня вунь туды ў хлеў, там сена, пакорміцца» і пайшоў у дамоўку. Ягор, адчуваючы лёгкае недаўменне, распрог, завёў у цёмны хлеў каня, туды ж прыбраў вупраж і стаў ля вазка, не ведаючы, што рабіць далей. Здаецца, ехалі ў мястэчка, а прыехалі ў Кандыбічы. Ну, але то не ягоная справа, можа, адгэтуль яго адпусцяць дамоў, дык гадзіны за тры ён дашыбае да Староўкі. Настачка, мабыць, яшчэ не спіць, слухае, чакае…

1 ... 212 213 214 215 216 217 218 219 220 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)