Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 211 212 213 214 215 216 217 218 219 ... 268
Перейти на страницу:

Усё ж ляжаць на голай стылай зямлі было не надта каб зручна. Ён круціўся і так і гэтак, усё роўна было мулка і дужа холадна, асабліва сцёгнам. Мусіць, мінула нямала часу, пакуль цела трохі прызвычаілася да гэтае ветранай халадэчы, Азевіча патроху пачала агартаць нейкая санлявая знямога. Хоць і разумеў, што спаць было небяспечна, ну але, можа, не набрыдзе хто. Усё ж пры лесе, у гушчары, не тое што ў полі ці пры дарозе. I праўда, на грудзі, у запазуху ён надыхаў трохі, стала цяплей, нібы сугрэўней. Адно па-ранейшаму даймала скалелыя мокрыя ўсе тыя дні ногі. Боты разваліліся дарэшты, добра, што ў лесе выручалі пасталы з падасланым на сподзе сенам. Калі засцерагчыся ад вады, па сухім снезе дык у пасталах нішто і ў вялікі мароз.

…А марозік быў ніштаваты, асабліва ціскануў перад змярканнем, яны ўсе добра ўработаліся, пакуль разгрузілі на руме свае кубаметры рудстойкі, у вёску вярталіся ўжо цёмным вечарам на стомленых конях. Конік тады ў Ягора быў неблагі, немалады, але цягавіты і непераборлівы Варанок, якога ён клапатліва пакрыў папонай і завёў у загародку з добраю ахапкай свежага мурожніку — хрумстай конік, адпачывай да заўтра. Зрэшты, назаўтра меўся быць яму выхадны, а Ягору — свята. Хрышчэнне. Ужо заўтра мужыкі ў бор не паедуць — паедуць да царквы ў мястэчка. Ягор да царквы не збіраўся — пакуль мыўся ў качарэжніку над цэбрам, усё меркаваў, ці сёння злятаць да Настачкі, ці ўжо заўтра, на святы вечар. Настачка жыла ў суседняй цераз поле вёсцы Староўка, насельнікі якой амаль скрозь былі каталікі, у іхняй жа — бадай, скрозь праваслаўныя. На свята каталікі ехалі за дваццаць вёрст да касцёла ў сваё мястэчка Альхімовічы, а гэтыя — у другі бок за васемнаццаць вёрст у Межава, дзе былі царква і сінагога. Ну, а па тым часе дык ужо ўсталяваліся і раённыя ўлады — райком, райвыканком, нардом і ўсё астатняе. Касцёла там не было.

Ягор мыўся, а маці тым часам таропка збірала на стол паесці, бо сын добра-такі згаладнеў у лесе. Ён скінуў намерзлыя пасталы з анучамі, развешаў у запечку — хай сушацца. Там жа знайшоў суконныя панчохі і дастаў з-пад ложка свае юхтовыя боты. Боты былі ягоным клопатам. У такі час на працы ў полі ці ў лесе звычайна служылі пасталы з сенам на сподзе, але на пагулянку трэба былі боты. Толькі ягоныя, відаць, адгулялі сваё — вось-вось гатовы былі ашчэрыць зубы, хоць ён і падбіваў іх не адзін раз. Боты патрэбны былі новыя, але дзе возьмеш новыя — у краме не купіш, трэба шыць, але прыватных шаўцоў вывелі, а ў арцель патрэбна даведка пра тое, што ўсё у гаспадарцы сплочана. На жаль, у гаспадарцы было далёка не ўсё сплочана. Ягор пра боты нават не заікаўся пры бацьку. Пакуль ён абуваўся на лаве, маці кідала на яго незадаволеныя позіркі і не пыталася, не дакарала, толькі скупа зазначыла: «Пойдзеш?» Ён не адказаў, хоць ужо пэўна ведаў, што пойдзе. Учора маці бурчэла: «Во акруціла, дык акруціла!» Гэта — пра Настачку. Ягор маўчаў, хоць адчуваў, што ніхто яго не абкручваў, тым болей такі матылёк, як Настачка, і калі ён пахінуўся да яе, дык па чыстае свае волі. Настачка тут ні пры чым. Проста пра гэты вечар ён думаў увесь дзень у лесе, пакуль варочаў там мерзлае калоддзе, і цяпер надышоў яго час. Настачка чакае. Прыкра, што сястры Ніны недзе не было дома і ён не ведаў, ці будзе сёння вечарына ў Суботкаў, якія мелі прастарнейшую хату і пускалі маладых з гармонікам. «А дзе ж Нінка?» — папытаўся ён, нацягваючы на крутаватыя плечы чорную сацінавую сарочку з белымі гузікамі на каўняры. Быў ён хлопец нішто сабе, высокі і чырванашчокі, меў тады дзевятнаццаць гадоў, марыў пра вайсковую службу і ўжо ўступіў у мясцовую ячэйку камсамола. «А ў Суботкаў», — сказала маці. «Што, скокі?» — «Якія скокі — начальнік з раёна прыехаў. Сход ідзе. I бацька там, і Ніна». Сход дык сход, падумаў Ягор, сходаў на тым часе хапала, лічы, кожны тыдзень ішлі ў вёсцы сходы. Усё ж ён трохі паморшчыўся, прычэсваючы мокрыя віхры перад цьмяным люстэркам. Краёчкам свядомасці сцяміў, як бы той сход не парушыў увесь яго сённяшні план.

Мабыць, тады ён адчуў, хоць і няпэўна, але па сутнасці амаль дакладна. Той сход не толькі парушыў яго вечаровы намер, але і перайначыў усё жыццё, надаўшы таму кірунак, які Ягору і не сніўся.

1 ... 211 212 213 214 215 216 217 218 219 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)