Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 207 208 209 210 211 212 213 214 215 ... 221
Перейти на страницу:

Падобна, аднак, немцы ўцякалі далей. Валошын нясмела, кораценька зірнуў з-за выступу і ўбачыў унізе прыступкі на ўваходзе ў бліндаж, з якога тырчаў кароценькі ствол ППШ. Відаць, гэта і быў той бліндаж, пра які гаварыў Чарнаручанка.

— Гэй! — падаў голас Валошын. — Свае! Ствол хіснуўся, і з увахода высунуўся запэцканы зямлёй малады твар, на якім узрадавана бліснулі жвавыя вочы.

— Камбат! Таварыш камбат!..

«Я не камбат», — хацеў сказаць Валошын, але, не сказаўшы нічога, пабег да наступнага павароту і там зноў прыціснуўся да падзёўбанай чэргамі земляной сцяны. Камсорг прыпыніўся і зазірнуў у бліндаж.

— Жывыя?

— Лейтэнант паранены.

— Давай выхадзі! — скамандаваў Круглоў.— Адзін хай застанецца, а ўсе выхадзі!

Трымаючы напагатове нямецкі аўтамат, Валошын чуйна застыў ля павароткі, не ведаючы, што там, і кожную секунду чакаючы адтуль чаргу ці гранату. Але, здаецца, там не было нікога, немцы ўцяклі. Хаця ён ведаў, што далёка яны не ўцякуць, наадварот, хутка пачнуць іх выкурваць з гэтай траншэі, якая заставалася апошнім для байцоў прыстанішчам. На схіле ім смерць.

— Ану, давай усе сюды! — загадаў ён, калі некалькі байцоў высунулася з бліндажа. — Даставай лапаткі. Быстра перакапаць траншэю. Закрыць праход!

Ён адступіў крок назад, і першы баец — даўгі, у старой ватоўцы, хлопец па прозвішчу Лучкін, з сілай уваткнуўшы ў броўку лапатку, адваліў пад ногі пласт яшчэ свежай, па-летняму сырой зямлі. Па другі бок пачаў старанна абрушваць зямлю яшчэ адзін баец у новенькай зялёнай касцы.

— Так. Астатнім прыкрыць іх! Узяць у рукі гранаты! — распарадзіўся Круглоў.— Ні чорта! Яшчэ мы пабачым…

Плюючыся ад узнятага ў траншэі пылу, Валошын адышоўся на некалькі крокаў назад, прыслухаўся. Нябачны кулямёт справа ўсё грукацеў чэргамі на вышыні, з віскам несліся над схілам міны, і ад іх перуновых выбухаў няспынна калацілася зямля. Але ў траншэі страляніна заціхла. Ці надоўга толькі? Безумоўна, немцы не маглі іх пакінуць у спакоі, значыць, рыхтаваліся ўдарыць як мае быць. Адрэзаўшы іх ад асноўных сіл батальёна, тыя, вядома, маглі не спяшацца. Дзецца тут усё роўна не было куды.

3 бліндажа выглянуў усё той жа замурзаны баец у ссунутай на вуха шапцы.

— Таварыш капітан! Лейтэнант кліча.

Азірнуўшыся на знерухомеўшага каля байцоў Круглова, Валошын павярнуў назад і спусціўся па прыступках у адмысловы, пад двума накатамі глыбокі бліндаж. У яго паўзмроку было цяжка што ўбачыць, ён толькі згледзеў выцягнутыя на праход ногі ў ботах, абмотках, некалькі напружаных у паўзмроку твараў, па адным выглядзе якіх было зразумела, што гэта параненыя. Тут жа, прысланіўшыся спіной да сцяны, напаўляжаў на шынялі Маркін.

— Што з вамі? — запытаў Валошын. — Сур’ёзна параніла?

— Ды во, у нагу, — варухнуў лейтэнант забінтаванай, без бота нагой. — Так што зноў вам камандаваць.

«Куды як зайздросна, — падумаў Валошын, — прыняць гэта камандаванне ў такі здатны час». Батальён рассечаны на некалькі частак, адна з якіх залегла пад вышынёй, другая сунулася ў гэтую пастку, упраўлення ніякага, камбат паранены і цяпер перадае камандаванне. Але што ж… Так ці інакш ён тут старшы па званню, прыйдзецца, відаць, брацца за справу.

— Нашто было бегчы наперадзе ўсіх? Што і каму вы даказалі гэтым? Цяпер вы разумееце становішча батальёна?

— Я ўжо адразумеўся, — са змрочным спакоем сказаў Маркін. — Я ранены.

— А да ранення вы не маглі падумаць аб тым?

— А што думаць? Загадаюць — палезеш, куды і шыла не лезе.

— Да-а, — уздыхнуў Валошын і, ціха вылаяўшыся, стомлена апусціўся каля ўвахода.

Ішла вайна, гінулі сотні тысяч людзей, паасобнае чалавечае жыццё, здавалася, страціла звычайны свой кошт і вызначалася толькі мерай шкоды, якую яно наносіла ворагу. I тым не менш, будучы сам салдат і сам кожную хвіліну рызыкуючы галавой, Валошын не мог не адчуваць, што ўсё ж самае каштоўнае на вайне — жыццё чалавека. I чым больш у чалавеку сапраўды чалавечага, тым важней для яго сваё ўласнае жыццё і жыцці блізкіх яму людзей. I ў той жа час якім бы ні было дарагім жыццё, ёсць рэчы даражэйшыя за яго, нават не рэчы, а паняцці, пераступіўшы, аднак, цераз якія, жыццё разам губляла сэнс, рабілася прадметам ганьбы, а можа, і каменем для сябе самога. Праўда, да Маркіна гэта апошняе, мабыць, не датычылася.

1 ... 207 208 209 210 211 212 213 214 215 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)