Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 203 204 205 206 207 208 209 210 211 ... 221
Перейти на страницу:

— Алё, «Бяроза», алё! — раптам узрадавана закрычаў у трубку Іваноў.— Гэта я. Сыкунова няма, забіты Сыкуноў. Слухайце каманды. Зараз перадаю каманды…

Валошын з палёгкай уздыхнуў і задаволена падумаў пра Гайнатуліна — малайчына, што не падвёў. Перажыве першы страх, прывыкне і будзе добры баец. Калі толькі асколак ці нямецкая куля прамінуць яго ў гэтай атацы, у якой ён патрэбны быў і Валошыну. Аднаму з цяжкім кулямётам яму не справіцца.

— Так. Але ж адсюль ні д’ябла не відаць! — выглянуў з варонкі Іваноў.— Трэба выпаўзаць.

— Выпаўзайце! — змрочна сказаў Маркін і выняў з кішэні трафейную, з белага металу ракетніцу.

— Асцярожна, — сказаў Іванову Валошын. — Яны тут кулямётамі ржышча стрыгуць.

Іваноў зматаў з пачатай катушкі даўгі канец провада і, схапіўшы за рэмень апарат, вываліўся з варонкі.

Абодва камбаты засталіся ў варонцы. Адносіны паміж імі былі прыкметна нацягненыя, размаўляць не хацелася, і Валошын сачыў, як пятляла-сучылася на скосе варонкі чырвоная нітка провада. Ён ведаў, што, пакуль яна варушылася, з Івановым было ўсё ў парадку.

— Вы з кулямётам застанецеся? — маючы на ўвазе хуткую атаку, запытаў Маркін.

— Я з кулямётам. Да, а вам вядома, што Самохін забіты?

— Ведаю. Сёмай пакуль камандуе Вера.

— Знайшлі камандзіра!

— А што? Дзеўка бядовая…

— Бядовая, ды цяжарная. Вы падумалі аб тым?

— Ну што ж, што цяжарная. Ніхто яе тут не трымаў. Сама засталася. Так што…

— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўся Валошын, забыўшыся ў гэты момант, што гадзіну назад сам паслаў Веру наводзіць парадак у сёмай.

Але тады ён ужо страціў свае паўнамоцтвы адпраўляць яе ў тыл, тыя паўнамоцтвы, якія разам з іншымі перайшлі да Маркіна і якімі новы камбат распараджаўся па-свойму. I ўсё ж было прыкра, галоўным чынам ад усведамлення таго, што Веры ў батальёне не месца. Ні да, ні тым болей у часе гэтай, з самага пачатку няладнай, атакі, якая, апроч яшчэ адной непатрэбнай смерці, нічога іншага ім не абяцала.

Прыгнуўшы галаву, Валошын сядзеў на скосе варонкі. Провад памалу варушыўся ля яго ботаў, ціха знікаючы ў полі. Значыць, Іваноў усё поўз, напэўна, яшчэ не бачыў траншэі. Але вось шырокая пятля провада замерла на краі варонкі, Валошын старанна выпраміў яе загіб, ды провад не варухнуўся. «Зараз скамандуе», — падумаў Валошын. Аднак мінула хвіліна, другая, каманды ўсё не было чуваць. Маўчала і батарэя.

— Ну што ён там? — нецярпліва сказаў Маркін і выглянуў з варонкі.

Валошын таксама выглянуў, але Іванова нідзе не ўбачыў, напэўна той схаваўся за выпукласцю гэтага схілу. Высоўвацца ж далей не мела сэнсу. Яны яшчэ пачакалі, але провад болей не кратаўся, і гаўбічная батарэя ззаду працягвала маўчаць.

— Чорт ведае што! — губляючы трыванне, вылаяўся Маркін, і ў свядомасць Валошына ўдарыла трывога.

Як на бяду, ні ў варонцы, ні каля яе нідзе не было нікога. Счакаўшы трохі і не могучы адолець вострага непакою за сябра, Валошын падаўся па ягоным следзе з варонкі.

— Вы куды? — крыкнуў наўздагон Маркін.

— Я зараз…

Ён таропка папоўз уздоўж провада, які чырвонаю ніткай пралёг па схіле, і яшчэ зводдаль убачыў сябра — той нерухома ляжаў ніц на пакрэмсаным чэргамі ржэўніку, і ён падумаў, што, відаць, найгоршыя яго апасенні спраўдзіліся. Адсюль ужо відаць была вышыня і брустверны бугорчык бліжняга канца траншэі са ствалом нямецкага кулямёта на сошках. Кулямёт, зрэшты, пыхкаючы дымком, біў некуды ў фланг сёмай. Валошын падпоўз да Іванова і лёгка перакаціў на бок яго сухарлявае цела, зваліўшы з галавы на леташні ржэўнік яго скамечаную шапку; з вуснаў капітана споўз па шчацэ тонкі струменьчык крыві. Іваноў прастагнаў і кволым позіркам паглядзеў на Валошына.

— Дружа, куды цябе? — ліхаманкава абмацваючы яго, запытаў Валошын.

— Папала і мне, — прастагнаў Іваноў і раптам загрэбаў сябе рукамі.

— Баліць, га? Я перавяжу. Дзе баліць?

— Сувязь… Сувязь трэба…

— Чакай ты з сувяззю. Давай у варонку назад!

— Трэба перадаць на агнявую…

1 ... 203 204 205 206 207 208 209 210 211 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)