Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 200 201 202 203 204 205 206 207 208 ... 230
Перейти на страницу:

— Ой, ой, Марыя… Не, яшчэ пачакаем. Можа, хто ранкам прыйдзе. Усё ж ноччу каменданцкі час…

У халодным світальным тумане яны перабеглі мокрым дваром на кухню, Марыя палезла на гарышча, а Агееў застаўся ўнізе. У галаве яго ўсё гуло ад бяссоннай ночы, цела аслабла, думкі вяла і бязладна варушыліся вакол аднаго і таго ж у пошуках выйсця. Усе ягоныя намеры зблыталіся, ён не ведаў, як зрабіць лепей. Чакаць? Даверыцца часу? Выпадку? Ці ўзяць у дапамогу Марыю? Але ж Марыя — чалавек старонні, хіба ён мае права ўцягваць яе ў такую сур’ёзную і рызыкоўную справу? Але і самому брысці на станцыю?.. Усё ж на ім замыкалася некалькі ланцугоў сувязі, ці мог ён так легкадумна рызыкаваць сабой? І тым самым ставіць пад пагрозу гэтую не ім наладжаную сувязь? Разумней было б рызыкнуць кім-небудзь іншым — іншым заўжды рызыкаваць зручней, са зласцівай іроніяй падумаў Агееў. Але — Марыя… І ці разумее яна, ці здагадваецца, якое «мыла» ў гэтай торбіне? І ці можна яму ўсё ёй патлумачыць, ці не лепш, каб у такой сітуацыі яна нічога не ведала.

А калі яе схопяць?

Не, рашыў ён, калі пасылаць Марыю, дык трэба ёй усё растлумачыць, ён не мог гуляць з ёю ў хованкі. Усё ж гэта гульня са смерцю, дзе стаўка — жыццё. Той, хто робіць гэтую стаўку, павінен выразна сабе ўяўляць, чым рызыкуе, інакш гэта будзе ашуканствам, подласцю з ягонага боку. Так ён не мог. Усё ж ён чакаў увесь гэты ляніва-світальны ранак, прыслухоўваючыся да глухіх гукаў знадворку — выпадковых галасоў з суседніх двароў, кудахтання курыцы за плотам. З кухоннага акна было відаць, як па вуліцы ў мястэчка пратупала немаладая цётка ў вялікай, напятай на плечы хустцы, яна несла ў абедзьвюх руках чымсьці накладзеныя кашолкі, і ён здагадаўся: відаць, на кірмаш? Здаецца, сёння была нядзеля, каля царквы збіраўся кірмаш, штось прадавалі там, штосьці куплялі. Зрэшты, Агееў там ні разу не быў, чуў толькі, расказвала Марыя.

— А што, калі вось гэтак — у кашолцы?

Ён пашукаў позіркам па кутках кухні, па сценах, зірнуў пад стол. Не, прыдатнай пасудзіны тут не было, бульбу звычайна капалі ў старое бляшанае вядро з дзвюма дзіркамі ў дне… І ён раптам прыпомніў, што на гарышчы за комінам сярод іншага ламачча валялася нейкая кашолка. Тая, мабыць, згадзілася б… Ён таропка ўзлез на гарышча, перш чым пралезці ў лаз, зірнуў пад акно на пасцель, позіркам сустрэўся з Марыяй. Тая не спала, ляжала на баку, захінуўшыся ў стракатую коўдру, і ў яе вачах свяцілася штосьці далёкае адсюль і ад ягоных клопатаў. Але трывогі ў іх нібыта не было, дзяўчына неяк хуценька супакоілася, адышлася ад сваіх нядаўніх яўных і надуманых страхаў. Неспакой цяпер цалкам перайшоў да яго, і Агееву было нялёгка ўтаіць яго ад Марыі.

— Ну што? Няма? — заклапочана спытала ў яго дзяўчына.

— Няма.

— А ты што?.. Ідзі сюды. Прыйдуць — пастукаюць.

— Баюся, не прыйдуць.

Ён адразу згледзеў тую кашолку, што адзінока ляжала на смецці сярод непатрэбнага рыззя і ламачча. Гэта была старая, прадаўгаватая пляцёнка з рысавай саломы, пляскатая, з прадраным дном. Але дно можна было чымсьці закласці, а ручкі былі добрыя — дзве тугія почапкі, мабыць для зручнасці абматаныя чырвоным матузом. Сумка была самы раз — звычайная гаспадарчая рэч, у якой можна было насіць што хочаш: рэчы і прадукты, з кірмаша і на кірмаш. Нядоўга памацаўшы яе, Агееў рашуча страсянуў з яе смецце.

— Во для мыла.

— Правільна! Вось я і аднясу, — рашыла Марыя і падхапілася з-пад коўдры. — Калі, зараз аднесці?

Агееў разгубіўся. Яна проста здіўляла яго гэтай легкадумнай гатоўнасцю, хоць і разам вырашала галоўнае ў ягоным клопаце — нічога ёй не трэба было тлумачыць ці тым болей прасіць. Можа, так будзе і лепей, падумаў ён. Аднак усё марудзіў, бавіў час, адсоўваючы той самы апошні момант, калі перадумаць ужо будзе позна. Доўга цягнуць, аднак, было нельга, трэба было карыстацца ранкам, калі на кірмаш і назад ішлі людзі.

— Марыя, тут такая справа, — нерашуча пачаў ён, апусціўшы кашолку. — Мабыць, ты здагадваешся, што гэта такое?

Яна, падобна, здзівілася — не гэтак ягоным словам, як голасу, якім яны былі сказаны — з пакутным пераадоленнем сябе, няпэўным намёкам на штосьці. — А што? — наіўна запытала яна.

— Гэта не мыла. Гэта — узрыўчатка.

— Узрыўчатка?..

Па яе мілым, такім дарагім цяпер яму твары мільгануў цень кароценькага недаўмення ці нават спалоху, але Марыя хутка авалодала сабой і прасветлена, лёгка ўсміхнулася.

— Ну што ж, я паняла. Каму перадаць?

— Марыя, ты ж разумееш, калі пападзешся…

— Усё разумею, не маленькая, — сказала яна і, стаўшы на пальчыкі, пацягнулася да яго, пацалавала тры разы — у абедзьве шчакі і ў лоб. Пасля ўраз адхінулася, узялася за чырвоныя почапкі кошолкі, якую ён усё яшчэ трымаў у сваіх руках. — Дык каму перадаць?

1 ... 200 201 202 203 204 205 206 207 208 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)