Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Скрыпнуўшы крэслам, Драздзенка ўскочыў, з цыгарэтай у зубах жвава падбег да акна, паглядзеў на двор, відаць, шукаючы позіркам сваіх паліцаяў. Але паліцаі стаялі каля дзвярэй, і начальнік вярнуўся да стала, грузна абапёрся на яго рукамі.
— Слухай, уступай у паліцыю, хопіць табе сачкаваць. У такі час трэба не толькі пра сябе думаць. Падумай пра людзей. Трэба наводзіць парадак, а то немцы ўсіх панішчаць. Вунь як яўрэяў. Але яўрэі — чорт з імі, а сваіх шкада. Хто за іх заступіцца? Чырвоная Армія кінула — жывіце, як хочаце. Адзіная свая сіла — паліцыя. Але паліцыі патрэбны парадак. Пры ўмове парадку паліцыя яшчэ што-колечы можа. Для сваіх, вядома. Дык як? Згодны?
Агееў на момант збянтэжыўся. Ён не быў гатовы да такой размовы і толькі прамармытаў разгублена:
— Нага, ведаеце… Баліць яшчэ.
— Нагу далечыш у нас. У нас і доктар ёсць. Лякарствы таксама. Пакажаш сябе — папрашу немцаў, зробяць намеснікам. Мне намеснік патрэбны, талковы мужык. А то вунь гэтыя, — кіўнуў ён на акно, — як калуны. Тупыя і лянівыя. А ты ўсё ж сярэдні камандзір.
— Ды ўжо які там камандзір, — сціпла заўважыў Агееў. — Цяпер акружэнец.
Драздзенка моўчкі з хвіліну ўзіраўся ў ягоны твар, нібы хацеў штосьці ўбачыць на ім.
— Ты мне глядзі! Я цябе магу і сілай. У парадку мабілізацыі. Але мне сілай не трэба. Ты ж не дзеўка. Мне каб дабраахвотна. Каб работа была. А ты ж мужык дзелавы. І з галавой. Ты павінен разумець, што можна спазніцца. Вайна ж канчаецца…
— Няўжо канчаецца? — холадна перапытаў Агееў.
— Усё! Асталося нямнога, немцы акружаюць Маскву, хутка прыдушаць. Глядзі, спознішся.
— А я нікуды і не спяшаюся.
— І дарма. Як бы не давялося трымаць адказ перад немцамі пасля перамогі: чым займаўся? Калі што — па галаве яны не пагладзяць. Яны наогул па галаве не гладзяць. Строгая нацыя!
— Гэта я ведаю.
— Во і добра, што ведаеш. Дык падумай. Болей я гаварыць не буду. Сам прыйдзеш. Паняў?
— Што не паняць, — сказаў Агееў.
Драздзенка рэзка адхіснуўся ад стала, кінуў пад ногі недакурак і павярнуўся да Агеева ўсім тулавам.
— Ну во! А цяпер твая галоўная задача — Бараноўская. Як толькі паявіцца, стукні. Зараз жа. Удзень ці ўначы. Упусціш — пяняй на сябе. Ёю СД цікавіцца. Тут ужо я цябе не прыкрыю.
— І чым яна так зацікавіла СД? — не стрываў Агееў.
— А гэтага не ведаю. Чымсьці насаліла, значыць. Паліцыя тут ні пры чым.
— Што ж, панятна, — сказаў Агееў, падумаўшы, што таго ўжо ад яго не дачакаюцца. Але як бы не празяваць, папярэдзіць гаспадыню адразу, як толькі тая вернецца дадому.
Як і мінулыя разы, Драздзенка, не развітаўшыся і раптам спыніўшы размову, сігануў да дзвярэй і выскачыў на двор. Агееў з палёгкай праводзіў яго да вуліцы, і трое паліцаяў, не азіраючыся, пакрочылі ў мястэчка. Трохі пастаяўшы ля дзвярэй і пераканаўшыся, што небяспека мінулася, Агееў пайшоў у кладоўку. Марыя чакала яго на гарышчы, забіўшыся за куфар з кніжкамі, і, як толькі ён ускарабкаўся па драбіне, падхапілася насустрач. Ён расчулена абняў дзяўчыну за плечы.
— Ну што ты! Не бойся. Я ж цябе не пакіну…
— Я ўсё чула, — сказала яна, дрыготка скаланаючыся ў ягоных абдымках, і запыталася: — У цябе зброя ёсць?
— Зброя? Якая зброя?
— Ну рэвальвер, ці вінтоўка, ці яшчэ што-небудзь…
— Нашто табе?
— Ты не знаеш нашто? — яна зірнула на яго з дакорам, вачмі, поўнымі слёз.
— Не, не, — сказаў ён таропка. — Да гэтага не дойдзе. Думаю, што не дойдзе. Нам галоўнае — каб перабіцца… А там…
— А што там?
— А там… Перамога будзе за намі! — сказаў ён, натужна ўсміхаючыся.
— Ой, баюся, не будзе, Алежка! Баюся, не будзе за намі. За кімсьці, можа, і будзе, але не за намі. Як бы нам хутка не прыйшлося легчы ў сырую зямельку…
— Ну што ты! Ну што ты!.. Нашто так страшна? Ты супакойся… Яшчэ ж нічога не здарылася.
Па мяккай засыпцы гарышча ён прывёў яе да ўлежанай пасцелі, пасадзіў на ватную коўдру. Сам апусціўся побач і абняў яе дрыготкія худыя плечы.
— Ну, нічога, нічога. Пакуль што мы жывыя і разам — гэта галоўнае. Яшчэ мы пазмагаемся з імі. Яшчэ паваюем…
Марыя, моўчкі і ціхенька хліпаючы, патроху спакайнела, паддаючыся яго ласкавым абдымкам, усё цясней прыпадаючы да яго, нібы аддаючы яму свой боль і набіраючыся ягонай рашучасці. І ён сабраў у сабе ўсю рэшту тае рашучасці, слабой упэўненасці ў шчаслівым зыходзе іх задоўжаных выпрабаванняў, каб толькі пабольшыць яе сілы. Сам ён гатовы быў да ўсяго. Але з ёю ўсё рабілася болей складаным, заблытаным, і ён яўна адчуваў, што павінен патроіць свае сілы і сваю вытрымку.