Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Да яго цягнуліся людзі. Як ваенныя, так і цывільныя. Мікола Чарнышэўскі даручаў яму падрыхтоўку “Замежных вестак”. У яго кватэры былі паэты, пісьменнікі, рэдактары, мастакі, артысты, святары, патэры і мулы, памешчыкі, гандляры кнігамі, выдаўцы, высокапастаўленыя грамадзянскія і ваенныя чыны, прафесары і студэнты, афіцэры ўсіх родаў войск, падарожнікі, дактары, былыя палітычныя ссыльныя, розны-розны люд, які імкнуўся пазнаёміцца з ім, далучыцца да яго нязгаснай энергіі рэвалюцыянера…
Яраслаў Дамброўскі стаў адным з самых бліжэйшых сяброў і аднадумцаў Серакоўскага. Бо яны жылі ў адной і той жа духоўнай атмасферы. А грамадскае жыццё бурліла, кіпела, накручвалася на адзін нябачны клубок… На Васільеўскім востраве у аўдыторыях Пецярбургскага ўніверсітэта збірался шматлюдныя студэнцкія сходы.
Але сходы ці паседжанні генштабістаў вельмі адрозніваліся ад студэнцкіх. На іх збіралася меней народу. І характар размовы быў іншы. Галоўным лічылася даследванне і вывучэнне ваеннай справы ва ўсіх яе разгалінаваннях і элементах. Агульнанавуковыя пытанні. Але ж адбываліся дэбаты і размовы па самых гарачых і неадкладных тэмах, якія моцна хвалявалі расейскае грамадства.
Па меры таго, як нарасталі сацыяльна-эканамічныя супярэчнасці, якая вылілася ў 1859 годзе ў рэвалюцыйную сітуацыю, адначасова ўзмацнялася ідэйна-палітычная палярызацыя удзельнікаў гурткоў і канспіратыўных рэвалюцыйных арганізацый. Адныя з іх верылі ў непазбежнасць рэвалюцыйнага выбуху і пазбаўлення пры дапамозе жорсткіх метадаў ад феадальна-прыгоннага ладу, даказвалі, што нельга мірным шляхам аднавіць незалежную польскую дзяржаву, – і пагэтаму імкнуліся стварыць моцную заканспіраваную падпольную арганізацыю, якая будзе здольная падняць паўстанне.
Другія ж не хацелі ды і не маглі адыйсці ад сваіх крытычных размоў і дыспутаў, вуснай крытыкі і абгрунтавання неабходнасці рэформаў з боку таго ж самага царскага ўраду. Зразумела, прыхільнікі актыўных дзеянняў на іх разлічваць не маглі, і таму тайна ад іх фарміравалі ядро падпольнай арганізацыі…
Усіх хвалявалі падзеі ў Варшаве. Разумелі, што там наспяваў выбух народнага гневу. На адным са сходаў генштабістаў выбралі аднадушна паслаць туды Яраслава Дамброўскага, які павінен быў наладзіць сувязі з Цэнтральным камітэтам... Склаліся па чатыры рублі срэбрам і камандзіравалі яго ў дарогу. Ён і сам збіраўся яшчэ задоўга да гэтага з’ездзіць у Варшаву, у якой ён ніколі не быў, пабачыцца з кузінамі – сёстрамі Пётраўскіх. Там ён і пазнаёміўся з Пелагеяй Зглічынскай, якая стала яго спадарожніцай жыцця. Калі ж вярнуўся з Варшавы, то Яраслаў цвёрда выказаў сваю пазіцыю: рашуча разгортваць канспіратыўныя арганізацыі і неадкладна рыхтаваць паўстанне.
У Пецярбурзе ўтварыліся гурткі літаратурныя і нелітаратурныя. Гурток Дамброўскага, Гейдэнрейха, Вараўскага. Другі – Агрызкі, Спасовіча, Пшыбыльскага, Кастамарава, Нажымскага, Серакоўскага, Падлеўскага (у які ўваходзілі польскія і ўкраінскія літаратары, чыноўнікі, афіцэры, уваходзіў і Тарас Шаўчэнка). Трэці гурток – Уціна, Панцялеева, які стаў, па-сутнасці, апорай для стварэння сталічнага аддзялення “Зямлі і волі”. Чацвёрты – артылерыстаў – Энгельгарда, Лаўрова, Шышкова, які называлі чарнышоўскім…
Цеснае супрацоўніцтва паміж расейскімі і польскімі рэвалюцыйнымі сіламі, актыўны ўдзел пецярбургскіх ваенных гурткоў пад кіраўніцтвам Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага мелі розныя формы працы. Але галоўная роля як у адных, так і ў другіх адводзілася сумеснаму распаўсюджванню нелегальных выданняў, абмен такой літаратурай, дапамогу адзін аднаму ў іх размнажэнні, захоўванні, транспарціроўцы і дастаўцы. Смела здзяйсняліся адкрытыя антыўрадавыя выступленні і маніфестацыі. Самая буйная з іх – пад час пахавання Тараса Шаўчэнкі ў сакавіку 1861 года. Буйнымі былі і студэнцкія выступленні ў верасні-кастрычніку таго ж года).
Наладжана была моцная сувязь з лонданскім рэвалюцыйным цэнтрам расейскай і польскай эміграцыямі, галоўным цэнтрам на той час былі Парыж і Лондан.
У 1859 годзе за мяжу быў камандзіраваны Людвіг Звяждоўскі. Цэлы год знаходзіўся за мяжой, пачынаючы з траўня 1860 года, Зыгмунд Серакоўскі, – наведаў у Лондане Герцэна і Агарова, а ў Парыжы сустрэўся з Мераслаўскім і Высоцкім, у Берліне – з Гутры і Няголскім. Акрамя гэтага ён устанавіў кантакты з іншымі заходнееўрапейскімі рэвалюцыянерамі і палітычнымі эмігранты з Расеі і Польшчы.