Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць самага знакавага і сімвалічнага беларускага празаіка, Уладзіміра Караткевіча. Дадзены твор — гэта гісторыя жыцця падлеткаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Гісторыя кахання, нянавісці і змагання за сябе і за сваіх таварышаў. Аповесць рэкамендуецца да чытання падлеткам, асабліва тым з іх, хто расчараваўся ў сяброўстве, справядлівасці і высокіх чалавечых ідэалах.
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 34
Перейти на страницу:

Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне «Арсенала». Яна ішла ад сваякоў, я проста брындаў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак, закінуў яго на плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адзін аднаго за рукі.

Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. I я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.

Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Подаўна ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленкі. I - хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў - кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай, паркалёвай сукенкай.

Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.

I кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. I калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. I калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала, і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды.

На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. 3 паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.

- Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.

Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. I страшэннае шкадаванне ахапіла мяне (як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!). Я зняў з сябе футболку.

- Чакай.

Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне - пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжалі, глотка перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: «памры за яе» - я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.

I адначасова баяўся. Страшэнна, несамавіта баяўся. Баяўся гэтай дзяўчынкі, баяўся поўнай сваёй нявопытнасці перад лікам чагосьці амаль цалкам мне невядомага, таго, што я толькі прадчуваў нейкімі глыбінямі душы, аб чым толькі цьмяна здагадваўся нечым такім, што ляжала нават глыбей падсвядомасці. Баяўся гэтага раптоўнага пачуцця, ад якога я паміраў на кожным кроку, і свайго няведання, што з ім рабіць, і неабходнасці рашыцца, скочыць у невядомае, як з разбуранага моста ў Дняпроўскую плынь.

Я ведаў, што не здолею сказаць пра гэта, і ведаў, што мне абавязкова, конча трэба гэта сказаць. Іначай трэба памерці.

I я баяўся.

I з таго часу я ніколі не ўсміхаюся, калі ўбачу каханне шаснаццацігадовых. Можа, нехта і не перажыў такога, але я перажыў, я ведаю, якое яно...

Верце мне, яно бывае стократ больш моцнае, і заўсёды куды больш безнадзейнае, і горкае, чым у нас. Верце мне, дарослыя людзі.

Я баяўся, і я адчуваў неабходнасць і наканаванасць так моцна, што ведаў, я скажу і памру. Абавязкова. Толькі яшчэ не зараз. Толькі пачакаю крыху. Скажу вось ля гэтага слупа. Не, ля гэтага. Не, як толькі дойдзем унь да таго.

Сцямнела. Запаліліся ліхтары. Светамаскіроўка ў Кіеве была даўно адменена, немцам было не да налётаў. Але ўсё адно рэдкія, вельмі рэдкія і слабыя лямпачкі над праезджай часткай вуліцы былі схаваны ў самай глыбіні дужа вузкіх і доўгіх бляшаных варонак і кідалі на брук толькі цьмяныя жаўтаватыя кругі.

Зняволенае святло.

- Зоры якія, - сказала Нонка. - Нібы ў вёсцы. У Кіеве да вайны столькі святла было, што зор не відаць.

- Будзе яшчэ тое святло. Столькі святла, што зорак не ўбачыш. А паглядзець зоры будзем на вёску ездзіць. Станем там ля пералаза і глядзець будзем. I ціха-ціха, анідзе ані страляніны, ані выбухаў. Толькі сабакі брэшуць.

- Ты добры парубак, Васілько, - нечакана глыбокім, грудным, не сваім нейкім голасам сказала яна.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)