Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ночы на Плябанскіх Млынах
Ночы на Плябанскіх Млынах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ночы на Плябанскіх Млынах

Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:

Ночы на Плябанскіх Млынах
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 31
Перейти на страницу:

Ной кінуў газеты на падлогу, і яны, глуха шаргатнуўшы, бясьсіла сьцішыліся, нібы спадзеючыся пакорлівым маўчаньнем выклікаць шкадобу да свайго лёсу.

— На распал… А дзе там Зося падзелася? Зо-ся! Цябе што, прывіды на мазурку запрасілі?

— Іду, іду… Хвалюешся, як рамізьнік ля амэрыканскай клюбы…

Па лесьвіцы імкліва спускалася таненькая рудая дзяўчына ў брунатнай сукенцы, перашытай з гімназічнай форменнай, але зусім не падобная да мігдалавай гімназістачкі – кароткая стрыжка, у прыжмураных вачах — зялёны агонь, як у рыскі, а рукі, такія тонкія і далікатныя – у драпінках, нібыта ад гульняў з капрызьлівымі кацянятамі. У руках дзяўчына трымала два бронзавыя падсьвечнікі.

— Вось! Хачу, каб у гэтую ноч было сьветла, як на старасьвецкім бале!

Улад памкнуўся быў устаць, каб перахапіць цяжкую бронзу з дзявочых рук, але стрымаўся і знарочыста абыякава ўтаропіўся ў цёмную шыбу.

Як ні пярэчыла цемнавокая Дарота, але пахавальныя сьвечкі, на гэты раз з жоўтага, як мумія, воску былі знойдзеныя, пазбаўленыя чорных стужак і запаленыя…

Насельнікі дому пасярод паводкі ўселіся вакол стала. Верасовая гарбата, сухары, сьвятло пахавальных сьвечак і вецер за вокнамі… Што яшчэ трэба маладым, каб забыцца на несправядлівасьці віхурнага часу?

— Пан Беларэцкі, раскажыце якую-небудзь жахлівую гісторыю! – папрасіла Зося.

Фалькларыст зірнуў сьветлымі вачыма праз трэснутыя акуляры.

— Чым страшнейшы час – тым прыемней слухаць выдуманыя жахі… Нібыта цемра ў параўнаньні з яшчэ большай цемрай на хвілю падаецца сьвятлом. Але ўмова: расказваем усе, па чарзе.

Улад лена запярэчыў:

— А калі я ніякай містыкі ня ведаю? І ўвогуле матэрыяліст…

Беларэцкі толькі пасьміхнуўся.

— А фантазія нашто, малады чалавек? Вы ж – артыст, у ценю на сьцяне мусіце ўбачыць і Атэла, і Жыгімонта Аўгуста… Міфы, паданьні, легенды – гэта паветра, якім дыхае кожнае места. Гэта вільготны мох на сьценах камяніцаў, што ўспаўзае па іх, нібыта праказа. Павуціньне ў кутах замураваных тры пакаленьні таму пакоях, вільгаць, якая па кроплі точыцца з чорнага зводу сутарэньня, вымыўшы ў каменнай падлозе яміну, дзе можа схавацца вялізная рапуха… Гэта ўсюдыісна і невынішчальна… Я ведаю выпадкі, калі нехта прыдумваў легенду пра сваё места, а яна спраўджвалася, і ў сутарэньнях самавітага купецкага дому выяўляўся замураваны шкілет, а на вежу кожны год, у адзін і той жа час, прылятаў белы голуб...

— І няўжо ў гэтым забытым Богам мястэчку, з маленькімі бруднымі вулкамі ды лужынамі, глыбокімі, што капялюх наглядчыка за могілкамі, дзе ліхтароў меней, чымсьці камяніцаў, вы паселіце рамантычныя легенды? – недаверліва спытаў Ной. – Я вырас тут, але руіны, на якіх мы гулялі малымі, нагадвалі адно пра неахайнасьць ды няшчасны лёс укрыжаванага на шляхах гісторыі краю…

Фалькларыст задумна зірнуў за чорнае вакно.

— Неспазнанае зазірае нават праз гэтыя шыбы… Варта толькі ўгледзецца, прыслухацца… Няўжо вы, спадар Ной, ніколі не сутыкаліся з нечым надзвычайным?

Ной узварушыў даланёй кароткія чорныя кудзеры, нібыта прысьпешваў хаду ўспамінаў.

— Ну, хіба што гісторыя са старой аптэкай… — няпэўна працягнуў ён. — Але я быў такі малы, што ўсё, відаць, пераблытаў у памяці.

— Усё адно, раскажы! – загадала рудая Зося. – А то строіш з сябе нейкага Базарава. А на тваіх карцінах фарбы казкамі шэпчуцца.

Ной кінуў хуткі позірк на дзяўчыну і, наколькі можна было разгледзець у цьмяным сьвятле пахавальных сьвечак, пачырванеў.

— Ну, добра. Толькі ня сьмейцеся… У гэтай гісторыі я зусім не рамантычны герой, а звычайны непаўналетні блазьнюк з мястэчка, у кароткіх штоніках і братавым пінжаку з зацыраванымі локцямі, з процьмай фантазіяў у дурной галаве…

— Расказвай, расказвай! – падганяла Зося, і Ной, вінавата ўсьміхнуўшыся рудзенькай гарэзьніцы, распачаў…

Гісторыя пра старую аптэку

Усе ведаюць аптэку ў Траецкім… Тую самую, што па літасьцівым прывілеі яснавяльможнага пана Аўгуста ІІІ адчыніў у 1748 годзе менскі радца пан Ян Давід Шэйба. Калі я быў малы, і часта бегаў у гэты стары будынак з пазелянелых ад часу камянёў, — здавалася, нібыта яго дасталі з марскога дна, — амаль ніхто там ужо ня памятаў былых зельнікаў, што таўклі сухія кветкі і карэньчыкі ў мядзяных ступках, састаўленых на паліцах ля самае столі, ды пераганялі рознакаляровыя вадкасьці па рэтортах з тоўстага, нібы калядны лёд, шкла… Мы прыносілі ў аптэку сабраныя па сьметніцах, выпрашаныя ў гаспадароў пустыя бутэлечкі ад кропляў ды мікстураў, зялёныя, сінія, памаранчыкавыя, праз якія так дзівосна і весела пазіраць на сьвет, і атрымлівалі свае медзякі, а ахвочыя – яшчэ й расповеды аптэкара Ёзафа… Ён быў ужо такі стары, што гаспадар не дазваляў яму разьлічвацца з пакупнікамі – гэта рабіў маладзейшы аптэкар. Здавалася, Ёзаф жыве ў часе талераў і шэлегаў, забыты там, як дамавік у старой хаце. Ніхто ня памятаў, калі ён пачаў працаваць у аптэцы, не было ў яго ані сваякоў, ані людзей, якія маглі назвацца ягонымі сябрамі. Жыў у катуху ў аптэчным сутарэньні, з маленькім акенцам ля самай зямлі, забраным кратамі, нібыта ў вязьніцы, ды яшчэ заўсёдна завешаным фіранкамі. Паколькі з-за тых фіранак даносіліся розныя дзіўныя пахі, а часам выбіваліся пасмы сьмярдзючага дыму, можна было зразумець, што Ёзаф і ў сваёй будцы працягваў рабіць лекі. Рукі Ёзафа дробна трэсьліся, здавалася, ён прасейваў скрозь пальцы нябачны пясок часу. Але – гэта я ўжо цяпер разумею – яго не звальнялі, бо меў асаблівы дар складаць адмысловыя адвары… Хоць ад прастрэлу, хоць ад меланхоліі, хоць дзеля адбельваньня скуры або праясьненьня розуму нядбайнага гімназіста перад іспытам па лаціне. Як цяпер бачу Ёзафа ў цёмным куце па той бок прылаўка – акуляры, падвязаныя зашмальцаванымі вяровачкамі, вузкі цёмны твар, нібы выразаны мечам, нос у сініх прожылках, запалыя шчокі і падціснутыя ў нітачку вусны, чорная шапачка на лысай галаве, з-пад якой выбіваюцца рэдкія сівыя пасмы, падобныя да пер’яў хворага птаха… Схіліўся над ступкай, старанна расьцірае яе зьмесьціва цяжкім таўкачом, дадае, абрываючы з шорсткіх букетаў, падвешаных на сьцяне, то лісьцік дурнап’яну, то каліўца дзівасілу, то бязважкі пялёстак мечніку, то падсыпае з парцалянавага слоіка шчопаць вохкага парашку колеру мёртвай вады… Варта было стаць каля старэчы – і ён пачынаў расповед, нібыта твой цень, упаўшы на яго, абудзіў зыржавелы, але ўсё яшчэ дзейсны механізм. Расповеды паўтараліся, расквечваліся, пераліваліся дробнасьцю дэталяў, як расшыты перлінамі і каменьчыкамі гарсэт казачнай каралевы… Мы былі малыя і дурныя, і мала што запаміналі, адно падсьмейваліся. Найчасьцей Ёзаф расказваў пра Яна Давіда Шэйбу, першага ўладара аптэкі, і ягонага зельніка, якога таксама звалі Ёзаф. І вось што я магу згадаць… Паводле расповедаў Ёзафа, быў ягоны цёзка з 18-га стагоддзя смуглявы і чорнавалосы прыгажун, вучыўся свайму майстэрству ў Празе і Сарбоне, і невядома дзе яшчэ… Але, зазначаў са стоеным уздыхам апавядальнік, быў той Ёзаф ня надта кемны, бо верыў, што чалавек можа ведаць болей, чым зьмесьціцца ў сявеньцы, і заставацца шчасьлівым… Каб нарадзіўся ён рыцарам – слаўны аказаўся б ваяр і кавалер. Але Ёзаф у дзяцінстве бегаў у кароценькай кашулі, босы, па брудным бруку мястэчка, і бацька ніколі не ўкладаў яму ў рукі дзяржальна мяча, адно толькі адпаліраваную да бляска ручку шаўцоўскага малатка. Ды Ёзаф, атрымаўшы залаты доктарскі ланцуг на шыю і аксамітны плашч на шырокія плечы, не хацеў ані пра гэта помніць. Як быццам чалавек можа парваць зрэбную вяроўку свайго роду і ўплесьці свой лёс у чужыя бліскучыя карункі. Расказвалі, што нават Аўгуст ІІІ, былы курфюст Саксонскі, у бытаваньне сваё каралём Рэчы Паспалітае, пасылаў у аптэку Шэйбы па лекі ад атлусьценьня — яго вялікасьць быў азызлы, як дзяжа з перастоеным цестам. Вядома, пагаворвалі, быццам ня толькі звычайныя лекі рыхтуе Ёзаф, але ўцямныя яму размовы зорак і зёлак, і карона вужынага караля зашытая ў ягоным чорным каптане, насупраць сэрца… І вось неяк на Піліпаўку наведаў Ёзафа яшчэ адзін вяльможны кліент, маршалак і староста менскі Завіша. Здарылася са славутым воем тое самае, што адвеку здараецца з мужчынамі, чые валасы пераблытала срэбнае павуціньне, зморшчынаў стала болей, чымся шнараў, а сэрца забылася пастарэць. І сэрца сваё гатовы ён быў пакласьці пад востры абцасік ластаўкі-каханачкі, каб не баяўся, што яна й наступіць на яго пагрэбуе. Дачка лаўніка гарадскога магістрату Югася мела шаснаццаць гадоў, скуру бялюткую, шчочкі пунсовыя, вочы цёмныя, стан не таўсьцейшы за цалю – усё, як вымагала мода часу ад прыгажуняў. Здавалася, яна можа прабегчыся па каламутных хвалях Сьвіслачы, як месяцовы прамень. Адзіная загана мелася – на далікатным, самую крышачку кірпатым носіку штовясну праяўляліся, як на пялёстку белай лілеі, рабацінкі – ганьба для шляхетнай паненкі. Дзе набываць прыціраньні? Вядома, у аптэцы Шэйбы ў Траецкім. І панна Югася была там госьцяй нярэдкай і жаданай, і разам з прыціраньнямі, парфумамі, памадамі атрымлівала цэлы куфэрак вясёлых Ёзафавых жартаў, дзівосных расповедаў пра васіліскаў ды красналюдкаў і нават курту

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 31
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)