Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 188 189 190 191 192 193 194 195 196 ... 229
Перейти на страницу:

На вуліцах ішло звычайнае жыцьцё, яшчэ былі адчыненыя некаторыя магазыны. Купіць у іх ужо не было чаго, але я заўважыў, як у адзін зь іх, невялічкі магазынчык, шмыгаюць людзі — нешта купляюць, ядзяць на хадзе. Заскочыў і я. Аказваецца, там прадавалі фруктовую гарбату, якую можна было есьці, як сушаныя фрукты. Я купіў два пачкі, але пакуль дамогся таго, маёй калёны на вуліцы ўжо не аказалася. Я пабег далей. Ды патрапіў на разьвілку і, трохі паазіраўшыся, пабег па шырэйшай вуліцы. То была вялікая мая памылка, якая ледзь не каштавала мне жыцьця.

Тою шырэйшай вуліцай я, здаецца, выбег на ўскраіну гораду і тады папытаўся. Ніхто ня бачыў ніякай калёны.

Тады я вярнуўся назад на разьвілак, пабег па іншай вуліцы. На той таксама нікога не дагнаў. І тут стала зьмяркацца. А я ледзьве цягнуў ногі ад стомы і ня ведаў, што рабіць. У вёсцы можна б папрасіцца да якой цёткі, каб пераначаваць, а як папросішся ў горадзе? Так разважаючы, я патрапіў на нейкі недабудаваны ці разбураны дом і зайшоў у яго. Там было пуста, і я ў зьнямозе прылёг на нейкую лахманіну ў куце.

Здаецца, толькі задрамаў, як нехта засьвяціў у вочы ліхтарыкам. Аказалася, што вайсковы патруль. Мяне забралі ў камэндатуру. Там абшукалі, адабралі ўсе дакумэнты, небагатыя мае рэчы ў палявой кірзавай сумцы. Асаблівае падазрэньне выклікаў невялікі аркуш геаграфічнай карты, выдранай мною з падручніку ў нейкай школе. На той карце я адзначаў лінію фронту паводле паведамленьняў ТАСС. Крыклівы старшы лейтэнант у сіняй фуражцы НКВД патрабаваў прызнацца, якое і ад каго я атрымаў заданьне. Я бажыўся, што адстаў ад калёны, але ён не хацеў і слухаць. Што я затрыманы шпіён — сьведчыла тая карта.

Нічога ад мяне не дабіўшыся, старшы лейтэнант загадаў адвесьці мяне ў склеп. У склепе пад камэндатурай было поўна народу, можа, чалавек пяцьдзясят. Хто спаў, хто плакаў, хто стагнаў. Але ў цэнтры нікога нельга было ўбачыць. У тым сутарэньні мы прасядзелі можа сутак чацьвёра. Ніхто нас не карміў. Некаторых выклікалі на допыт. Некаторыя не вярталіся. Мяне не выклікалі. Пасьля нас стала неяк менець. І аднойчы ўранку мы прачнуліся ад страшнай бамбёжкі, думалі, заваліць нас у тым склепе. Ды не заваліла. А як сьціхла, расчыніліся дзьверы — і пачалі выводзіць па два. Назад ніхто не вяртаўся. Мы ўслухаліся: так і ёсьць, непадалёк грукаюць стрэлы. Грукне два разы і сьціхне. Страх ахапіў мяне: гэтак недарэчна загінуць.

Я зашыўся за шула, далей ад дзьвярэй. Побач сядзеў пажылы чалавек у фуфайцы. Мы былі апошнія. За намі нешта даўгавата не ішлі. Але во расчыніліся дзьверы. За парогам стаялі два чырвонаармейцы. Адзін малады, белабрысы, у пілотцы, і другі высокі, як мне здалося, пажылы, з вусамі, як у майго бацькі.

Нас вывелі за камэндатуру на агарод. Тут буяла бульбянішча, былі нейкія грады. А далей стары паламаны плот і чужы суседзкі садок. Зразумеўшы, што нас чакае, я не стрымаўся, сьлёзы самі лінулі з вачэй. Майго суседа тут жа белабрысы зваліў стрэлам у патыліцу і вярнуўся ў камэндатуру за вугал. А мой канваір нешта марудзіў. Запытаў толькі: «Адкуль будзеш?». — «Зь Беларусі», — сказаў я празь сьлёзы і пачуў ціхае: «Бяжы! Туды!». Я кінуўся цераз бульбу, да блізкага плоту, і як ужо пераляцеў праз яго, ззаду бахнуў стрэл. Угару. Мой расстрэльшчык паварочваў за мураваны вугал на двор.

Выбраўшыся з садкоў і агародаў, я апынуўся каля лініі чыгункі. Куды бегчы, ня ведаў. Пайшоў узбоч сьцежкай, аж неўзабаве спаткаў чыгуначніка. Той адразу спыніў мяне строга: «Куды ідзеш? Куды ідзеш? Там за разьездам немцы!». Я моўчкі павярнуў у другі бок. Папытаўся, куды вядзе чыгунка. Чалавек, мусіць, здагадаўся, хто я і што мне патрэбна. «Што, адстаў ад сваіх?» — «Адстаў, ага» — «Там вашых многа пагналі ў Ваўчанск. У Ваўчанск кіруй…»

І праўда, у Ваўчанску я дагнаў сваіх. На ўскраіне гарадку ў лесе фармаваліся новыя часьці. Усе мае дакумэнты засталіся ў Белгарадзе, але тут мяне ведалі. І я сказаў, што дакумэнты згубіў. А паколькі значыўся ў агульных сьпісах, дык асаблівага клопату не было. Нас разьмеркавалі на групы. Я трапіў у нейкі інжынэрна-сапёрны батальён. Зноў нешта капалі на поўнач ад Харкава — нейкія вялізныя ямы-катлаваны. Казалі, КП для маршала Будзённага. Але наўрад ці для Будзённага. Пасьля зноў пачаўся адыход — на поўнач, на Стары Аскол, у бок Варонежу.

1 ... 188 189 190 191 192 193 194 195 196 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)