Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Стой! Стрелять буду!
— Куды ты — стрелять! Это же заяц…
І там засмяяліся — бесклапотным хлапечым смехам.
Хведар насцярожана выцяг з каўняра шыю, наперадзе, куды ён імкнуўся, у жаўтлявым лісці падросту мільганулі дзве зялёныя шапкі, нехта ціха гукнуў да іх зводдаль, і яны стаіліся. Хведар зразумеў: хлях яму і туды адрэзаны. Відаць, з гэтага боку, ад бульбянішча, загон рабілі чырвонаармейцы-пагранічнікі. Іхняя застава была недалёка, пад суседнім лесам. Але ж чаму — і пагаранічнікі? Што ён, які шпіён ці шкоднік? Ці ён уцёк з турмы, дзе сядзеў за якое злачынства? Ён прыйшоў у свой родны кут, дзе нарадзіўся, жыў. Дзе нарадзіліся і аджылі ўсе яго продкі. Чаму — пагранічнікі?
Мусіць, аднак, ён горшы за шпіёна. Бо таго ловяць адны пагранічнікі, а яго апроч тых яшчэ і два загоны — з вёскі і з раёна. А божа ж мой, во дык воўк. Во дык дзікун…
Усё ж шчасце яго было ў тым, што ні з аднаго з трох загонаў яго пакуль што не заўважылі — ён іх заўважыў першы. Але ці доўга яму будзе так шэнціць? Мабыць жа, згледзяць і яго. Што ж ён, які невідзімка? Праўда, ён ведаў гэты Казённы лес і цяміў, у які бок сунуцца. Але ж і яны, мабыць, таксама ведалі лес, ужо яго аднавяскоўцы напэўна, думаў Хведар. Цяпер ён бег невядома куды, мабыць у чацвёрты бок, дзе не было выйсця. У чацвёртым баку быў тупік, лясны край — Багавізна. Там дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся. Туды і звер не ходзіць, не тое што чалавек. Да самых маразоў там патоп і пагібель.
Але куды ж яму дзецца?
Ён ужо не бег — ён плёўся між змрочнага ельніку, па мяккім, набрынялым вільгаццю доле. І ўсё слухаў, што робіцца ззаду. Ззаду ваўсю гучалі галасы, хтось там галёкаў, адкрыта і загадна, гучна брахаў сабака. Мабыць, загоны сышліся, а яго ўпусцілі. А можа, яны вернуцца назад, на гасцінец і ў вёску, абнадзеена падумаў Хведар і стаіўся за елкай. Хоць бы далі аддыхацца, а то знямоглая гаркота раздзірала грудзі…
Аддыхацца, аднак, не далі.
Яны ўжо былі недзе блізка, убачыць іх яму заміналі дрэвы. Зрэшты, як і ім яго, мабыць, таксама. Але ён пачуў ажывелыя вокрыкі зводдаль: «Глядзі, след!» — і зразумеў, што яны пайшлі наўздагон. І што яму ад іх не ўцячы. Іх некалькі дзесяткаў, жыхароў і чырвонаармейцаў, яны абклалі лес з трох бакоў. А ён перад імі адзін. І ён ушчэнт змораны. І ўжо не ведае, куды бегчы і дзе хавацца. Ён толькі бяжыць. Мабыць, апошнія свае крокі. І тут ён убачыў перад сабой у ельніку хуткае мільганне ў доле — то ўцякаў-ратаваўся заяц. Спярша бег ад чырвонаармейцаў, а цяпер, мабыць, ад яго, Хведара. Але нашто ад яго? Ён сам цяпер быў у становішчы зайца. Мо нават горшым, бо заяц, напэўна, яшчэ ўратуецца…
«Людцы, завошта вы так? — гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. — Што я зрабіў кепскае вам? Што — малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў ўсё вам — бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..»
Аднак ніхто не адумваўся — яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: «Пастойце, братцы! Што ж гэта мы…»
Не стаў, не сказаў, і яго гналі далей.
— Роўба, стой!!!
Ну вось, нарэшце…
За ўвесь час недарэчных сваіх уцёкаў Хведар чакаў гэтага вокрыку ўдзень і ўначы, і ўсё роўна цяпер ён прагучаў знянацку і страшна. Хведар не адразу азірнуўся — там ззаду, між елак, ужо мільгалі цёмныя постаці, сваіх ці чырвонаармейцаў — ён не разглядзеў нават. Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Але ўжо і бегчы рабілася неяк, мабыць, ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут — праз тысячу вёрст да роднай зямлі. Аднак жа няласкава яна сустрэла яго, родная яго зямелька. Не ды бог з ёй, чаго было чакаць лепшага. Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам.
Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар’яцтвам. Але што для яго не было вар’яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся — з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.