Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 186 187 188 189 190 191 192 193 194 ... 254
Перейти на страницу:

Мусіць, аднак, пад раніцу дождж перастаў. Вецер жа ўсё не сціхаў — трэс долу дробныя кроплі з вецця, і ў лесе здавалася, што гэта прадаўжаецца дождж. Але неба над ельнікам паяснела ўжо, хоць і было змрочнае і хмарнае, — сумнае неба непагоднага восеньскага дня. Менавіта ў той час дзесьці паблізу пачалі каркаць вароны — так заўзята, што, здавалася, чутна было ва ўсім лесе. Нейкая невыразная трывога ішла ад гэтага іх нязмоўчнага крыку, і Хведар са злосцю ўслухоўваўся, думаў — якога д’ябла яны раскаркаліся? Ён ужо хацеў быў устаць і пайсці ў той бок, прагнаць іх, ці што? Але не было сілы ўстаць, хацелася сядзець так і сядзець, можа, нават прылегчы пасля тлумнай бяссоннай начы. Памалу развіднела, і ў лесе зблізку сталі відаць яловыя галіны, натапыранае сухое суччо ля камлёў, голы, абсыпаны ігліцаю дол. І раптам на гэтым доле ў ельніку з’явіўся аднекуль заяц, сюды-туды пакруціў вушастаю галавой, прысеў на заднія лапы і пярэднімі пачаў дбайна аціраць вусатую пыску. Хведара ён не бачыў ці, можа, палічыў за пень, і той не рашыўся варухнуцца, каб не спалохаць жывёліну. Мабыць, гэта яму ўдалося. Непатрывожаны заяц паволі, бы ў роздуме, праскакаў за пяць крокаў ад яго і схаваўся недзе ў ельніку.

А вароны ўсё надрываліся — нападалі на каго ці проста сварыліся ў сваёй варонняй зграі, — мусіць, таксама нейкія ў іх непаладкі, падумаў Хведар. Як у людзей. Але, мабыць, такіх, як у людзей, не бывае ні ў якіх істотаў. Тыя калі дзяруць каго, дык каб з’есці, а гэтая — хіба каб задзерці і кінуць. І ўзяцца за наступнага. Усё ж лютая істота чалавек!

Можа, ён так і сядзеў бы ў тым ельніку, дзе было хоць і мала ўтульна, але ціха і спакойна, калі б не голад. Голад падцінаў ягоны жывот, аж балюча было пад грудзямі, і ён усё думаў-думаў: ну што б знайсці з’есці? У лесе, мабыць, ужо нічога знайсці было нельга, хіба што грыбы. Грыбоў ён мог бы тут назбіраць, асабліва на імшарыне каля балота, ды сырыя іх не з’ясі, а ўдзень паліць касцярок ён асцерагаўся. І тады ягоныя думкі ўсё часцей пачалі туліцца да вёскі, да той ігрушыны на ўзлеску, ля якой ён ужо частаваўся. Грушкі былі нічога сабе, мо з гэтай начы нападала болей, мабыць, варта туды схадзіць.

Ён добра намок, пакуль выбраўся з ельніку, — кожная яліна сыпала на яго жменю сцюдзёных кропляў, нізкае вецце выцірала сваю дажджлівую вільгаць аб яго і без таго змакрэлую вопратку. Ну але што зробіш — трэба было трываць. Макрэдзь і сцюжу трываць было звыкла, каб яшчэ навучыцца гэтак жа трываць голад. Ды голад, мабыць, не можа стрываць ніхто. Ні чалавек, ні жывёліна. Голад — гаспадар над усімі.

Хведар памалу ішоў па лесе, выбіраючы болей адкрытыя, без падлеску мясціны, усё ж каб меней мокнуць ад вецця. Чамусьці ён падумаў з цікаўнасцю: які сёння дзень? Зусім згубіў лік дням і не мог адрозніць святое нядзелі ад будняў. З сённяшняй ночы пасялілася ў яго адчуванні нейкая загадкавая туга. Ён не ведаў, чаму так — ці ўчора надта засмуціла нядобрая вестка пра сына, ці ўсур’ёз растрывожылі тыя пярэймы на бульбянішчы? Ці яшчэ што. А мо во гэты варонні гвалт, які і цяпер чуваць быў адсюль, з старога лесу. Мабыць, не падзяліла чаго вараннё, думаў Хведар.

Усё ж ягоны слых за гэтае бадзянне па лясах стаў дужа чуйны, ён выручаў не раз, не падвёў слых і цяпер. Яшчэ не дайшоўшы да ўзлеску з грушай, Хведар заўважыў якійсь неспакой на ўзлессі, а затым і спыніўся. З-за кустоўя ўжо віднеліся слупы на дарозе, зялёныя лапікі руні, шэры восеньскі ўзмежак. Якраз на гэтым узмежку непадалёк ад ігрушыны стаялі два чалавекі — адзін у шэрым будзённым пінжаку, а другі ў такой жа рудой, як і ў яго, саматканай паддзёўцы, — адзін другому даваў прыкурыць. Як той, што прыкурваў, падняў ад запалкі галаву, Хведар адразу пазнаў Міхалінінага Шурку, маладога хлопца, Міколкавага дружбака, якога некалі выключылі з камсамола. Другі стаяў да лесу спіной, і Хведар не мог разгледзець яго. Пасля, закурыўшы, абодва яны ўставіліся позіркамі некуды ўбок, адкуль данеслася некалькі слоў нягучнай размовы, і Хведар таксама пасунуўся за кустом. Яму адкрыўся наўкось добры прасцяг узлесся і на ім чалавек шэсць, што пасталі ў рад крокаў праз дваццаць адзін ад аднаго — чагось чакалі. То былі ягоныя аднасяльчане, маладзейшыя і двое старэйшых. У бліжэйшым з гэтага раду Хведар пазнаў Міхася Майстронка, што жыў якраз насупроць ягонае сажалкі, і Хведаравы гусі часам рабілі на ягоным гародзе шкоду; тады між імі былі дзве ці тры малапрыемныя сутычкі, а так жылі між сабой някепска. За ім таптаўся па ўзмежку схуднелы і пастарэлы, з сівымі скронямі пад чорным картузом Лёкса Саўчык — у даўгім армяку, з пугаўём у руках. Божа, во і сустрэўся, пабачыўся, паныла падумаў Хведар. Але чаму яны тут пасталі, каго чакаюць? І тады яму бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны — па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне. Як зімой палююць на воўка з сцяжкамі. Толькі гэтыя цяпер без сцяжкоў. Бо ён не воўк — ён чалавек, з ім можна і прасцей.

1 ... 186 187 188 189 190 191 192 193 194 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)