Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Тады Келебарн павёў панну Галадрыель да прыпаромку. Саламянае паўдзённае сьвятло разьлілося па зялёнай траве, і вада зіхацела й грала срэбрам. Нарэшце ўсё было падрыхтаванае да адплыцьця. Вандроўнікі занялі месцы па чоўнах, як дамовіліся раней. Выгукваючы разьвітаньні, эльфы Лорыйну доўгімі шэрымі шастамі выпіхнулі чоўны на быстрак, і бурлівая вада панесла іх прэч. Падарожнікі сядзелі нерухома, моўчкі. На зялёным беразе на самым краі паўвыспы стаяла самотная панна Галадрыель. Мінуўшы яе, сябры павярнуліся, назіраючы, як яна павольна аддаляецца ад іх. I падавалася, што гэта Лорыйн, нібы зачараваны карабель, заліты сьвятлом, з чароўнымі дрэвамі-стажарамі, праплывае міма, кіруючы да забытых берагоў, пакуль яны самі, бездапаможныя й пакінутыя, сядзяць і тужаць на беразе шэрага, пазбаўленага лісьця й жыцьця сусьвету.
Срабрынка прынесла іх да моцных струменяў Вялікай ракі, чоўны павярнулі й прысьпешыліся, імкнучы на поўдзень. Неўзабаве белая постаць панны на беразе зрабілася зусім маленькай. Яна зьзяла, бы шкляное акенца пад заходнім сонцам у хаце на пагорку, бы далёкае возера, якое відаць з высокай гары, бы крышталік, згублены на ўлоньні зямлі. Потым, як падалося Фрода, яна ўзьняла рукі, разьвітваючыся ў астатні раз, і здалёк, але з пранізьлівай выразнасьцю даляцеў ейны сьпеў. Зараз яна пяяла на Старажытнай мове эльфаў Замор'я, і словаў хобіт не разумеў. I музыка, чароўная й прыгожая, не суцяшала ягонага сэрца.
Аднак, як звычайна з эльфскімі словамі, яны засталіся ў ягонай памяці, і праз шмат часу пасьля ён пераклаў іх і зразумеў. Сьпявалася пра амаль невядомае ў Міжзем'і.
"Золатам лісьце падае на ветры, сярод незьлічоных, бы крылы дрэваў, гадоў! Як хуткі глыток найсаладзейшага мёду, гады праляцелі ў залях высокіх на Захадзе вечным, пад купалам Варды блакітным, дзе зоры трапечуць пад гук яе песьні, сьвятой, уладарнай. Хто напоўніць цяпер мне балявальную чару? Бо цяпер Асьвятляльніца, Варда, Зор Каралева, зь Вечнабелай гары рукі ўзьняла, бы аблокі, і шляхі ўсе зацягнуты ценем, і з шэрай краіны цемра прыйшла да пеністых хваляў між намі, і назаўжды туманом схаваныя дыяманты Калакірыі. Цяпер не знайсьці, не знайсьці тым, хто сышоў наўсход, шляхоўу Валімар! Бывайце! Мажліва, вы знойдзеце Валімар! Мажліва, хоць бы вы знойдзеце Валімар! Бывайце!" Вардаю эльфы выгнаньня клікалі гаспадыню зораў, Эльберэт.
Раптоўна рака завярнула й за лукавінаю паўсталі высокія берагі, захіліўшы сьвятло Лорыйну. Да гэтай цудоўнай зямлі Фрода болей не вярнуўся.
Зараз надышоў час клапаціцца пра падарожжа. Зірнулі наперад, але ж амаль нічога яшчэ ня здолелі разгледзець, бо сонца зьзяла проста ў вочы, перапоўненыя сьлязьмі. Гімлі плакаў не саромеючыся.
– У апошні раз бачыў я найсьвятлейшае, найдзівосьнейшае, – прызнаўся Ляголасу, свайму спадарожніку. – Болей я анічога не назаву хараством, апрача яе падарунку.
I прыціснуў даланю да грудзей.
– Скажы мне, Ляголас, ну чаму толькі пагадзіўся я выправіцца ў гэтае падарожжа? Ці мог я ўявіць сабе, дзе напаткаю найцяжэйшае? Праўду прадказваў Эльранд: немажліва прадбачыць нам, што сустрэнем на шляху! Пакутаў у цемры баяўся я, і той страх мяне не спыніў. Але ж не адважыўся б я рушыць наперад, ведаючы небясьпекі сьвятла й радасьці. А цяпер тугі, горшай ад гэтага разьвітаньня, не напаткаю я, нават калі гэтай самай ноччу патраплю да самога Чорнага Ўладара. Гора, гора Гімлі, сыну Глойна!
– Не адчайвайся, – суцяшаў яго Ляголас. – Сум агарнуў усіх нас. Увогуле, усіх, хто крочыць па гэтым сьвеце ў ягонай старасьці. Знаходкі й страты цяпер рушаць поруч. Так для ўсіх, чыё жыцьцё – човен у струмені. Аднак твая горыч сьветлая, добраславёны ты, Гімлі, сын Глойна, бо абраў пакуту сваю з уласнае волі, абраў вернасьць паплечнікам. I таму, хоць бы ад Лорыйну засталася толькі памяць, у цябе яна заўжды будзе яснай і незамутнёнай у сэрцы, і ня сьцьмее, і сьвятло яе не паслабне.