Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Культурология » Архіпелаг Беларусь
Архіпелаг Беларусь - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Архіпелаг Беларусь

Электронная книга - «Архіпелаг Беларусь». Краткое содержание книги:

Кнігу складаюць дыялогі, фрагменты гутарак, дыскусій ды палемік, у якіх аўтар прымаў удзел пачынаючы з 1994 г. У кнізе пяць раздзелаў, матэрыялы згрупаваны па тэмах, а не па датах, калі адбыліся размовы. І таму, калі ў адным інтэрв'ю былі пытанні пра літаратуру, пра філасофію, пра палітыку, пра Беларусь, пра штосьці яшчэ, дык у кнізе яны разнесеныя па розных раздзелах. Першапачаткова выдавецтва хацела назваць кнігу Гутаркі з Акудовічам, але сам аўтар выказаў нязгоду, бо палічыў такую назву нясціплай. «Працуючы над укладаннем кнігі, я заўважыў, што цяпер маю іншае вока, іншы стыль мыслення, пагатоў, што ўсё прамаўлялася не ў часы Савецкага саюзу, а цяпер, калі ўсё змяняецца ўвесь час, не кажучы ўжо пра маю асобу. Нейкія моманты, якія трапна гучалі ў час прамаўлення, сёння не выглядаюць такімі трапнымі, але ў кнізе змешчаныя не цэлыя інтэрвію, а найбольш важныя фрагменты.» - зазначае Валянцін Акудовіч. Кніга разлічаная на тых, хто ўласнаруч будуе Беларусь.
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 84
Перейти на страницу:

Андрэй Расінскі: … а беларускі партызан?

— Экзістэнцыялізм — гэта вайна з самім сабой і ў самім сабе. А партызан ваюе з ворагам вонкі. Тут мне хоць хто слушна запярэчыць, спаслаўшыся на «партызанаў» Васіля Быкава. Сапраўды, героі прозы Быкава цалкам пагружаныя ў экзістэнцыйную праблематыку, але тое, што аўтар абцяжарыў гэтай праблематыкай вясковых хлопцаў, мужыкоў ды цётак, выглядае, далікатна кажучы, зусім не бясспрэчна. Між іншым, неяк я нават асцярожна сказаў пра гэта Васілю Уладзіміравічу. І ў станоўчы прыклад згадаў выдатнае апавяданне «Сцяна», у якім герой досыць абстрактная фігура, што найлепей адпавядае этыцы і эстэтыцы экзістэнцыйнага пісьма. На маё здзіўленне, Быкаў пагадзіўся са мной і з сумам патлумачыў: «Ведаеце, мяне б тады ніхто не друкаваў, каб мае героі былі іншыя. І так колькі за экзістэнцыялізм чаўплі».

Беларуская партызанка — гэта не адказ на маральны запыт: як жыць? Беларуская партызанка — гэта ўсяго толькі адзін са спосабаў выжыць .

«Трэці Шлях»: На Вашу думку, што сёння ўяўляе з сябе беларускі народ? Ці можна яго назваць нацыяй, ці пакуль гэта было б залішне смела? Ён этнічна і культурна сегментаваны ці аднародны ў сваёй масе? Як Вы разумееце тэрмін «беларуская нацыя». Гэта этнічная сукупнасць ці сукупнасць грамадзянаў сваёй краіны незалежна ад этнічнай прыналежнасці?

— Я не люблю панятак «народ» — бо ён аблудны (хаця і сам бываю змушаны ім карыстацца, паколькі зацугляны кантэкстам). Панятак «народ» у якасці ўстойлівай універсаліі замацаваўся ў эпоху рамантызму і, як на добры лад, мусіў быў з той эпохай сысці — але застаўся. І з гэтага ў шмат якіх галовах творыць сумятню і ўсялякую непатрэбшчыну. Васіль Быкаў зрабіўся нават вялікім песімістам з таго, што «народ памёр». А ніякага «народу» ніколі і не было — былі халопы, мужыкі, тутэйшыя, шляхта, палачане, наваградцы, ліцвіны, беларусіны і г. д. і да т. п.

Што да нацыі, дык тут іншая праблема. Мы ў беларусах шукаем характарыстыкі нямецкай, французскай, чэшскай… — адным словам нейкай «класічнай» нацыі і, натуральна, не знаходзім. А каб пашукалі ў беларусах «беларускую нацыю», дык можа і знайшлі б. Хаця, верагодна, тое знойдзенае і цяжка было б пазначыць словам «нацыя» ў яго «класічным» разуменні. Але ці не здаецца вам, што мы, прынамсі, інтэлектуалы, заклапочаныя не столькі рэальнасцю (наяўнасцю) Беларусі, колькі праблемай упісання яе ў сістэму тых ці іншых дамінуючых катэгорый. А калі яна не ўціскаецца ў паноўныя схемы, дык адразу пачынаем румзаць, як тыя бабры…

Сацыяльна беларусы аднародныя, як мала хто яшчэ, а вось інтэлігібельна — суцэльны «раздрай». І гэта натуральна. Паперадзе я трохі нагадаў, колькі самых разнастайных культурных традыцый назапасіў у сабе дыскурс Беларусі. І ўсе яны (і безліч незгаданых) так ці інакш сядзяць у нас, толькі ў кожным паасобку ў зусім розных камбінацыях. Таму, з аднаго боку, беларусы вельмі падобныя між сабой праз гамагенную сацыяльнасць, а з другога — зусім чужыя адзін аднаму. З гэтага беларусаў ніхто не здолее паяднаць нейкай адной «ідэалогіяй». Як нацыя (ужо ў «класічным» разуменні) яны могуць быць толькі сацыяльнай нацыяй (у іншай разгортцы — палітычнай нацыяй). У нас амаль няма шанцаў дааформіць нацыю па этналінгвістычнай мадэлі (хаця ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка дэкляравала сваё паўставанне ў «этнаграфічных межах»).

«Партызан»: «Беларусы — вясковая нацыя». Сёння гэта гучыць ужо амаль як аксіёма. А як яно напраўдзе: вясковасць беларусаў — гэта міф ці рэальнасць?

— Мой адказ будзе амбівалентным: і міф, і рэальнасць. Перадусім заўважым, што вясковая нацыя» — гэта аксюмаран, два неспалучальныя сэнсы ў адным слогане. Паколькі нацыя не магчымая як вясковая. Вёска апрыёры не можа стварыць нацыю, у лепшым выпадку яна можа быць толькі падмуркам для паўставання нацыі. Вось чаму бальшыня еўрапейскіх нацыяў фармавалася, лічы, без узгляду на вёску. Але ў эпоху паўставання нацыяў ва Усходняй Еўропе (другая палова XIX—пачатак XX ст.) практычна ўсе беларусы жылі ў вёсках ці мястэчках. Таму нацыянальнай ідэалогіі не было на што яшчэ абаперціся, акрамя як на вёску. Натуральна, з гэтага ў лідэраў нацыянальнага руху адразу паўсталі сур’ёзныя праблемы, бо вёска прагнула не нацыянальнага, а сацыяльнага вызвалення. І ў гэтым сэнсе яна не шмат рознілася ад беларускага пралетарыяту, глыбока індэферэнтнага стасоўна пытанняў самаідэнтыфікацыі.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 84
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)