Дзед Манюкін і ўнукі
- Автор: Ширко Василий
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Дзед Манюкін і ўнукі». Краткое содержание книги:
…Неяк у вёску прыехалі артысты. Яны выступалі з дрэсіраванымі малпамі, сабакамі, галубамі. Нехта падказаў, што ў мяне ёсць ручны дзікі кабан. Прыйшлі гуртам паглядзець. Доўга хадзілі вакол Свінтуса-грандыёзуса, чухалі яму спіну, частавалі хлебам. Ён рахмана рохкаў. Мусіць, падабаліся госці. I ён ім прыйшоўся да душы. «Прадайце ды прадайце вашага дзіка, — прысталі да мяне, — грошы вялікія заплацім, як за карову». Не жартачкі, а ў нас хата старэнькая, падрубы мяняць трэба, дах прагніў, няма за што гонты прыдбаць. За такія грошы можна двух свіней купіць і хату адрамантаваць. З другога боку, і дзіку лепш, мы позна ці рана яго заколем, а то будзе жыць, людзей цешыць. Ды ці не шуткуюць цыркачы, я таксама люблю розыгрыш. «Сотню накінеце — дзік ваш», — кажу. Бачу, палез у кішэню барадаты, дастаў кашалёк, грошы лічыць. «Хопіць?» — пытае і дае мне сорак трыццатак. Я разгубіўся, ды баба голас падала: «Бяры, — кажа, — хай людзі добрыя спажываюць!» «Як вывучым вашага дзіка, — кажа барадаты, — то прышлём вам білеты ў цырк бясплатныя і за дарогу да Мінска заплацім. Прыедзеце?» Ну, мы з бабай захіталі галовамі ў знак згоды. Вядома, прыедзем.
Такіх грошай у нас не было ніколі. Купілі за іх цялушку, парася і хату адрамантавалі. Зажылі не горш за людзей. Часта ўспаміналі нашага дзіка, вельмі шкада было. Такі ласкавы, рахманы. Як яго дзеці вясковыя любілі! Ён іх вазіў на спіне, радаваўся, калі чухалі пад жыватом. Ляжа, выцягне ногі і рохкае. Усё жыццё б, здаецца, не расставаліся, каб не беднасць.
Неяк адвячоркам да нас зайшла паштарка. Прынесла канверт. Адкуль, што? Нам ніхто ніколі не пісаў.
— Здэцца, не з сельсавета, — кажа баба, — усе нібыта нядоімкі здалі, налог заплацілі так-сяк…
Я дастаў з шуфляды акуляры, пачаў чытаць: «Дарагія дзядуля Манюкін і баба Аўдоля! Запрашаем вас у цырк…» Пісьмо было кароткім, у ім, апрача ўсяго, ляжалі два білеты на прадстаўленне і чатыры на аўтобус: два да Мінска і два назад.
Мы з бабай ніколі ў тым Мінску не былі. Чулі, што людзей там, як у муравейніку, нельга ступіць кроку, каб не штурхануць каго, ды і пад машыну трапіць, што раз плюнуць. А на каго гаспадарку пакінеш? Ды вельмі ж ужо карціць хоць адным вокам глянуць на нашага дзіка. Цікава, ці ўдалося выштукаваць яго тым артыстам.
— Такое запрашэнне, баба, раз у жыцці бывае, — кажу, — так што, прасі суседку, няхай яна за гаспадаркай нашай паглядзіць, а мы гайда ў горад…
Дай параду бабе, яна звычайна наадварот зробіць, а тут пярэчыць не стала. Выцягнула з куфра новую спадніцу, чырвоны, ні разочку не надзяваны каптан, мае партызанскія штаны-галіфэ і белую вышываную кашулю.
— Нябось у іх у горадзе такіх строяў днём з агнём не знойдзеш, — сказала баба, — ты яшчэ, Манюкін, кірзавыя боты свае дзёгцем змаж, ды вусы ўгору падкруці, хай бачаць гарадскія разумнікі, што і мы не лыкам шытыя…
— Нягож, старая, — кажу, — і наваксую, і падкручу, толькі пільнуйся мяне, а то яшчэ якая гарадская круцелька адаб'е…
Цэлы вечар мы прыбіраліся. Баба прасавала жалязкай з вуголлямі сваю спадніцу і каптан, я квэцаў дзёгцем боты, накручваў на аловак вусы.
Назаўтра досвіткам, вёска яшчэ спала, мы з бабай падаліся ў райцэнтр. Тады яшчэ аўтобусы не хадзілі, не было асфальту. Я ішоў з ботамі цераз плячо, баба несла ў карзіне чаравікі…
Дзед выцягнуў свой самасад, адарваў ладны кавалак газеты, расправіў яе вузлаватымі пальцамі, перагнуў папалам, насыпаў тытуню, падумаўшы крыху, дабавіў махоркі. Скруціў вялізную, з пядзю, цыгарку. Як заўсёды, доўга валаводзіўся з крэсівам. Мы, дзеці, не зводзілі з яго вачэй. Во так заўсёды, спыніцца на самым цікавым і не спяшаецца. Падганяй не падганяй, пакуль не зробіць дзве-тры зацяжкі, слова з яго абцугамі не выцягнеш. А нам цікава, ці сустрэўся дзед са сваім дзіком, ці прызнаў той былых гаспадароў.
Урэшце дзед зацмокаў губайі, пусціў у неба дым.
— Перакладзіце на мову родных асін рускую прымаўку: над порогами дым клубами…
— А над ганкамі дым баранкамі! — закрычалі мы.
— Правільна! — усміхнуўся дзед. Ён памаўчаў крыху і пачаў свой аповед далей:
— Селі мы ў райцэнтры ў аўтобус.
— Гадзіны праз дзве будзеце ў Мінску, — сказаў шафёр.
Мы здзівіліся, звычайна гадзін восем пешшу напрасткі чэшаш, а тут так скора.
I праўда, не паспелі задрамаць, як у тым Мінску апынуліся. Выйшлі з аўтобуса. Божухна, страхоцце! Машыны пруць, нейкае страшылішча на рэйках раве, не павярнуцца, дыхнуць няма чым. Мы хутчэй да міліцыянера. Той пасадзіў нас на трамвай, кажа, людзей пытайце, яны ведаюць, дзе цырк той… Ну мы і пыталі. Больш баба, ад мяне ўсе адварочваюцца, нос затыкаюць, на боты зіркаюць. Бачыш, дзёгцем нясе. Злосць мяне разабрала. Кармлю іх хлебам, малаком паю, а яны нос вернуць. Крыўдна, ды маўчу. Мы ў гнаі і дзёгці ўсё жыццё, а яны тут распанелі.