Выступаючы з прамовай нібы пасол на сойме, Пярэварацень паказвае невясёлы малюнак грамадска-палітычнага жыцця ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім (барацьбу шляхты з магнатамі, а магнатаў з каралём; парушэнне законаў і агульных прынцыпаў справядлівасці; вынясенне уласных альбо груповых інтарэсаў над дзяржаўнымі і г. д.), звяртае ўвагу на няўдачы ў вайне з Масковіяй (з-за нежадання шляхты выконваць свае вайсковыя абавязкі перад Айчынай), асуджае рэлігійныя міжусобіцы і праявы неталеранцыі ў краіне (каталікі змагаюцца з пратэстантамі, а ў лагеры пратэстантаў таксама няма згоды), наракае на заняпад маралі і выміранне традыцыяў продкаў (цяперашні шляхціц больш дбае пра грошы, чым пра славу, розум чэрпае з бочкі віна, а не з мудрых кніг; ва ўзаемаадносінах людзей няма ранейшай шчырасці і добразычлівасці, сусед баіцца суседа і г. д.).
Па-за некалькімі алюзіямі да канкрэтных падзеяў (сабатаж магнатамі соймавага пасяджэння 23 лістапада 1563 г., спрэчкі вакол кандыдатуры новага кароннага гетмана і інш.) палітычны і маральна-этычны змест “Пратэя...” не вылучаецца арыгінальнасцю: такія самыя альбо блізкія ідэі сустракаюцца ў публіцыстычных трактатах А. Фрыча-Маджэўскага, С. Буднага, у паэтычных творах М. Рэя, М. Бельскага і ў “Сатыры...” Я. Каханоўскага. Зрэшты, “Сатыр...” не вылучаўся навізной палітычных ідэяў ці арыгінальнасцю маральных пастулатаў: “Закіды ў адрас, напрыклад, шляхецкага саслоўя ці таксама нараканні на заняпад звычаяў, на пагоню за прыбыткамі вядомы ў еўрапейскай літаратуры яшчэ з класічнага перыяду рымскай літаратуры (дастаткова прыгадаць тут крытычныя выказванні Вергілія ў “Георгіках” і “Сатыра” Гарацыя)” (Lichański 1992: 232).
Больш арыгінальнымі з’яўляюцца погляды берасцейскага аўтара на рэлігійныя справы, на праблему ўзаемаадносінаў паміж рознымі канфесіямі. На падставе зместу “Пратэя...” досыць цяжка вызначыць канфесійную прыналежнасць паэта, бо ў паэме няма адкрытай прапаганды альбо крытыкі якога-небудзь веравызнання і толькі “заступніцтва” аўтара за арыян, якіх лютэране і кальвіны імкнуліся выдаліць з краіны, дазваляе меркаваць, што і сам ён быў арыянінам. У той жа час вуснамі свайго героя паэт асуджае зацятыя спрэчкі на рэлігійна-дагматычныя тэмы (пра Боскую сутнасць Святой Тройцы, пра сімвалічнае значэне Гасподняй Вячэры і г.д.), ініцыятарамі якіх найчасцей выступалі менавіта арыянскія тэолагі (М. Чаховіч, С. Будны і інш.). Гэтыя малазразумелыя для простага верніка дыскусіі паміж ідэолагамі розных пратэстанцкіх плыняў надзвычай шкодзілі рэфармацыйнаму руху ў цэлым, адштурхоўвалі магнатаў і шляхту ад новых веравызнанняў, спрыялі вяртанню іх ва ўлонне каталіцкага касцёла.
Пратэй, падкрэсліваючы сваю неадукаванасць у тэалагічных пытаннях, перакананы, што да Бога вядзе просты шлях, адкрыты не толькі дактарам багаслоўя, але і звычайным людзям, а таму навука збавення павінна быць простай і зразумелай, павінна з’ядноўваць вернікаў, а не падзяляць іх: “Przeto mówić nie umiem o boskiej istności, / Dla której miedzy nami nie masz juz miłości...” (Proteus 1890: 13); “My tedy, co o wierze mało rozumiemy, / Nie brodżmy tam, skąd potem wybrnąć nie możemy” (Proteus 1890: 20). Былы паганскі бажок выказвае ў сваёй уяўнай прамове ісціны, якія не ўсвядомілі, на сваю бяду, дзеячы Рэфармацыі ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім: “Заклік гэты застаўся слынным голасам, гукаючага ў пустыні. <...> Выдатныя тэарэтыкі кальвінства і арыянства нярэдка адмаўляліся на нейкі час ад барацьбы з каталіцтвам, каб найперш расправіцца адзін з адным у вучоных лацінскіх трактатах” (Kosman 1973: 74).