Час second-hand
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Серия: Галасы Утопіі #5
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Год: Ловінаў
- ISBN: 978-985-562-096-0
- Переводчик: Валерый Стралко
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
Мне карцела пагаварыць са сваім сябрам. Не магла дачакацца. Мы ўжо тры гады былі разам. Мелі планы. (Маўчыць.) Ён абяцаў мне, што будзе на мітынгу, але не прыйшоў. Я чакала тлумачэнняў. Ды вось з’явіўся — не запыліўся. Прыбег. Дзяўчынкі пакінулі нас удваіх у пакоі. Якія тлумачэнні!? Смешна! Я, аказваецца, «проста дурніца», «яркі экзэмпляр», «наіўная рэвалюцыянерка». Ён мяне папярэджваў — забылася? Ён мяне вучыў, што не рацыянальна парыцца пра рэчы, на якія не можаш паўплываць. Ёсць такая пазіцыя — жыць дзеля іншых, але яму яна не блізкая, ён не хоча паміраць на барыкадах. Не ягонае гэта пакліканне. У яго галоўная мэта — кар’ера. Ён хоча шмат грошай. Дом з басейнам. Трэба жыць і ўсміхацца. Сёння столькі магчымасцяў… вочы разбягаюцца… Можаш падарожнічаць па свеце, афігенныя круізы, але яны каштуюць дорага, купляй хоць палац, але ён каштуе дорага, можаш замовіць у рэстаране чарапашы суп… Толькі плаці за ўсё. Грошыкі! Грошыкі! Як вучыў нас выкладчык фізікі: «Дарагія студэнты! Памятайце, што грошы робяць усё, нават дыферэнцыяльныя ўраўненні». Суровая праўда жыцця. (Маўчыць.) Ну а ідэалы? Нічога такога, выходзіць, няма? Можа, вы мне што-небудзь падкажаце? Вы ж кнігі пішаце… (Маўчыць.) На агульным сходзе мяне адлічылі з інстытута. Усе паднялі руку «за», акрамя майго любімага старога прафесара. З інстытута яго павезлі ў гэты дзень на «хуткай». Сяброўкі суцяшалі ў інтэрнаце, калі ніхто не бачыў: «Ты, маўляў, не крыўдуй, дэкан застрашыў, што выганіць з інтэрната, калі што… А-а-а-а!» Гераіні!
Узяла квіток дадому. У горадзе я сумую па сваёй вёсцы. Праўда, я не ведаю, па якой вёсцы сумую, напэўна, я сумую па сваёй «дзіцячай» вёсцы. Па той вёсцы, дзе тата браў мяне з сабой, калі даставаў з вуллёў цяжэзныя рамкі з мёдам. Спачатку ён абкурваў іх дымам, каб пчолы адляцелі і нас не джалілі. Маленькая, я была смешная… Я думала, што пчолы — гэта таксама птушачкі… (Маўчыць.) Ці люблю я вёску цяпер? Жывуць тут як раней, з года ў год. Капаюць рыдлёўкай бульбу на сваіх гародах, поўзаюць на каленях. Гоняць самагон. Увечары цвярозага мужыка не сустрэнеш, яны п’юць кожны дзень. Галасуюць за Лукашэнку і шкадуюць аб Савецкім Саюзе. Аб непераможнай Савецкай арміі. У аўтобусе побач са мною сеў наш сусед. П’яны. Гаварыў пра палітыку: «Кожнаму вылюдку-дэмакрату я сам бы галаву разбіў. Мала вам далі. Ну слова гонару! Страляць такіх трэба. У мяне б рука не здрыганулася. Амерыка за ўсё плаціць… Хілары Клінтан… Але мы народ моцны. Перажылі перабудову, перажывём і рэвалюцыю. Я ад аднаго разумнага чалавека чуў, што рэвалюцыю
прыдумалі жыды». Увесь аўтобус яго падтрымліваў: «Не было б горай, чым цяпер. Уключыш тэлевізар — усюды бамбяць, страляюць». Вось і дом. Адчыніла дзверы. Мама сядзела на кухні і чысціла клубні вяргіні, яны падмерзлі і загніліся ў склепе, бо капрызлівыя. Баяцца марозу. Я стала дапамагаць. Як у дзяцінстве. «Што там у вас у сталіцы? — першае пытанне мамы. — Па тэлевізары паказалі мора людзей, усе крычалі супраць улады. Божачка мілы! Страх! Мы тут баяліся, што вайна пачнецца: у адных сыны ў АМАПе служаць, у іншых — студэнты, выйшлі на плошчу і крычалі. У газетах пішуць, што гэта «тэрарысты» і «бандыты». Нашыя людзі газетам вераць.