Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Паляванне ў райскай даліне
Паляванне ў райскай даліне - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Паляванне ў райскай даліне

Электронная книга - «Паляванне ў райскай даліне». Краткое содержание книги:

Творчасць Алеся Разанава прыцягвае ўвагу і чытачоў, і даследчыкаў. Паэт увесь час «пераўзыходзіць зацверджаныя межы і ўяўленні», знаходзіцца на «вастрыі» шляху, развіваючы і пашыраючы магчымасці самой паэзіі.
Кнігу А. Разанава складаюць творы, якія, па сутнасці, з'яўляюцца творамі аўтарскага жанру — версэты, пункціры, вершаказы, паэмы, зномы, а таксама перастварэнні са славутага «будзятлянійа» Вяліміра Хлебнікава.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 45
Перейти на страницу:

Воблік у кліна аднастайны, але ўсе «клінічныя» сітуацыі спадзяюцца на клін.

Рэчка i возера

Рэчка — рух, возера — спакой, рэчка — у спрэч-цы, возера — у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка — у сустрэчах і расставаннях, возера — у сябе дома.

Рэчка «рэкае», возера пазірае, рэчка — прарок, возера — празорца, у рэчку ўслухоўваецца блізкая рэчаіснасць, у возера ўглядаюцца далёкія зоркі.

Рэчку аточваюць карчы, возера абступаюць бярозы, па рэчцы плаваюць качкі, па возеры — лебедзі, рэчка адпрэчваецца ад усяго, што ёй трапляецца, возера ўсё збірае, рэчка — час, возера — «zero» часу, рэчка кручаная, возера роўнае, рэчка — характар, возера — сузіранне, рэчка напружана ўразаецца ў абранае рэчышча, возера зарэзервоўваецца на месцы.

Але з возера заўсёды чэрпаецца гэтакае самае рэчыва, як і з рэчкі, а рэчка заўсёды зараджае гэтакім самым зарадам здароўя, як і возера.

Іголка

Іголка голая, але клапоціцца, каб усіх апрануць.

Калі іголка вострая, для яе не перашкода ні сукно, ні палатно, ні аўчына, калі зламаная ці тупая - усюды натыкаецца на непранікальнае наваколле.

У спрытных руках іголка лёткая і кемлівая, у няўклюдных — непаваротлівая, нібы кол, у кволых — колкая.

Іголка шмат што ўмее — шыць, вышываць, цыраваць, латаць, але галоўная мэта яе дзейнасці — весці ўслед за сабою нітку, быць ёй заўсёдным калумбам, а галоўная ўмова гэтай дзейнасці — нічога ніколі ніколькі не мець самой.

Мякіна

Мякіна мяккая, як мука, але калі мука дадатны вынік паслядоўнага і мэтанакіраванага высвятлення, што застанецца пасля таго, як усё адымецца, то мякіна — менавіта тое, што адымаецца, адмоўны вынік гэтага высвятлення.

Мякіна пакінутая; у мяхі і сусекі ссыпаецца зерне, у сцірты складаецца салома, а мякіна, як смецце, змятаецца ўбок: у ёй корпаюцца куры і яе імкне з сабою імклівы вецер.

На смак мякіна ніякая, але ў часіну нішчымніцы, калі жывёліны мэкаюць, бэкаюць, рыкаюць, а гаспадары паныла мікіціць, чым жывіцца-карміцца, мякіна — намёк, што ўсё будзе добра, што яна дапаможа датрываць і да хлеба, і да малака.

Камора

Усё спажыўнае ў гаспадарцы сцякаецца, нібы ў мора, у камору, і яна ўсіх корміць.

Камора для гаспадаркі — крама: у ёй стаяць бочкі і карабы, а пад бэлькай вісіць скаромнае — кумпякі і кілбасы.

Камора не лекар, але часам не горш за лекара вылечвае і ад хворасці, і ад зморы.

У каморы пануе заўсёдны морак: і ў спёку, і ў вецер, і ў макратэчу ў ёй, бы ў скрыёмных харомах, утульна.

Калі ў каморы маркота, хату даймаюць клопаты, грызе згрызота, марнуе Марока, калі ў каморы дастатак — і хата ў гуморы.

Зіма

Беларуская з і м а — зямля, усланая небам.

Літоўская ž i e m a «жме»: яе дужасць добра адчувае і аўкштайт, і жэмайт.

Руская з и м а не толькі з'ява прыроды, але і грамадскае мерапрыемства — вялікі агітацыйны «ізм».

Сербская з і м а непрадказальная, нібы змаj (змей).

Польская z i m a вывярае свой, знаны адной ёй, азімут.

Сербскалужыцкая z y m a прадзімаецца скразнякамі.

Палабская z a i m a займае сабою ўсю прастору і ўвесь час, становячыся займеннікам-заменнікам таго, што было калісьці і чаго ўжо няма.

Старажытнапруская semo самааддана захоўвае семя — для невядомай вясны, для невядомай сяўбы.

Старажытнаіндыйская h i m a мае сваёю сядзібаю Гімалаі.

Хамут

Хамут мусовы: ніхто не хоча ў яго ўлазіць добраахвотна, усе ад яго адмахваюцца і адбіваюцца, але каму хамут ускладаецца на карак, той ужо не вольны ў сваіх паводзінах, той мяняецца, той «мутуецца», праходзячы хуткі шлях ад неўтаймаванасці да смутку, ад смутку да рахманасці і раўнавагі.

Калі хамут замалы альбо завялікі, ён мулкі, калі якраз — гуманны.

З хамутом змацавана вандроўная хата — воз, і хоць сам хамут важыць не пуд і нат не паўпуда, ён «упрагаецца» ў шматпудовы цяжар.

Для таго, хто натурыцца, хамут — мучэнне, для таго, хто не патурае сабе, — вучэнне, якое, як мытня, пераводзіць яго з тлумнага туту мудрае там.

Граблі

З чаго б ні рабіліся граблі — з клёну, з ясеню альбо з грабу, яны габлююцца і шліфуюцца і, губляючы сваё першапачатковае — «рабое» — аблічча, набываюць бляск «адукаванасці».

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)