У пошуках слонімскіх скарбаў
- Автор: Чыгрын Сяргей
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі кнігазбор
- Жанр: История
Электронная книга - «У пошуках слонімскіх скарбаў». Краткое содержание книги:
У 1930-х гадах шыльду з тэкстам “Замученный польскими мятежниками” людзі сарвалі і выкінулі. Да нашых дзён у Азярніцы каля Свята-Мікалаеўскай царквы збераглася магіла здрадніка Макарэвіча і адзін надпіс на помніку. Але гісторыкаў, болей за тое — вяскоўцаў, яна зусім не цікавіць.
Рыначная плошча
Першае ўпамінанне пра вёску Азярніца адносіцца да 1478 года. Кароль Казімір Ягелончык падараваў Азярніцу шляхціцу Васілю Капачэвічу. Праз 400 гадоў у мястэчку Азярніца, як напісана ў кнізе “Памяць.Слонімскі раён” (Мн., 2004), пражывала ўжо 418 чалавек. Там дзейнічалі праваслаўная царква, сінагога, школа, працавалі 4 крамы, харчэўня, заезны двор. А яшчэ ў Азярніцы каля царквы два разы на год праводзіліся кірмашы — 9 траўня і 6 снежня. І цяпер гэтае месца ў Азярніцы старэйшыя людзі называюць Рыначнай плошчай. Тут некалі гандлявалі адзеннем, прадуктамі харчавання і збожжам, прадавалі коней, кароў, свіней.
Цяпер кірмашы ў Азярніцы не ладзяцца. А шкада. Добра было б адрадзіць тыя шматвяковыя гандлёвыя традыцыі. Тым больш што і сёння ў Азярніцы, як і ў 1886 годзе, жыве больш за 400 чалавек.
Гарадзішча
З Азярніцы мы накіраваліся ў вёску Збочна. На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі захавалася гарадзішча пачатку другога тысячагоддзя нашай эры. Гарадзішча, дыяметр якога каля 60 метраў, круглае і высокае. Яго даследавалі многія польскія, беларускія і рускія археолагі ды гісторыкі. Каля гарадзішча стаіць мемарыяльны знак, на якім напісана, што гэта археалагічны помнік і ён ахоўваецца дзяржавай.
На поўнач ад яго знаходзіцца стары могільнік, а на ўсход — селішча, на якім археолагі адшуквалі даволі рэдкія вырабы з ганчарнай керамікі.
Мы падняліся на гарадзішча, каб адчуць дух нашых далёкіх продкаў. На вяршыні валяліся бутэлькі ад спіртных напояў, пачкі ад цыгарэт, папера. Што ж, кожны па-свойму вяртаецца да беларускай мінуўшчыны.
Археолагі на гарадзішчы ў Збочна заўсёды знаходзілі каштоўныя старажытныя рэчы — посуд, прылады працы, упрыгожанні. Можа, і праз сто ці трыста гадоў нехта знойдзе бутэльку з-пад “Белай вежы” ці пачак ад “Космасу”. У кожнага пакалення свае захапленні і свае радасці.
Магіла маці Кандрата Лейкі
Недалёка ад гарадзішча вясковец варочаў сена. Падышлі да яго, пазнаёміліся.
— Міхаіл Лейка, — назваў сябе вясковец.
— Можа, вы далёкі сваяк Кандрата Лейкі? — пытаемся.
— Можа, і сваяк, не ведаю. Чуў, што быў такі пісьменнік — Кандрат Лейка. А вось што ён напісаў — не чытаў, — апраўдваўся Міхаіл Лейка.
— А ці ведаеце, дзе знаходзіцца магіла маці Кандрата Лейкі?
— Не, не ведаю. У Збочна шмат старых магіл, пашукайце там, — параіў вясковец.
На гэтым мы развіталіся і паехалі на могілкі. Калі пад’ехалі да царквы, а яна знаходзіцца на самых могілках, здалёк кінулася нам у вочы прыгожая — старая і вельмі дарагая на той час — каваная агароджа. Помнік на магіле разбіўся. Паднялі з зямлі ўцалелую шыльду і… вачам сваім не паверылі — гэта ж магіла маці Кандрата Лейкі. На ёй прачыталі: “Здесь покоится прах рабы Божей Таклюси Лейко 62 л. 18 января 1881 г. Дорогой матери от любящих детей”.
Па частках неяк злучылі помнік, каб хоць яго сфатаграфаваць. Усё ж ён прастаяў 125 гадоў. Калі памерла маці, Кандрату Лейку быў 21 год. Ён тады працаваў настаўнікам у Косаве. У моцную завіруху на санях Кандрат дабіраўся ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывой, але нічым дапамагчы ёй ужо не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе вучонага сына. А лёс у сына быў трагічны.
Кандрат Лейка прысвяціў сваёй маці некалькі апавяданняў. Ён вельмі любіў сваю матулю і шчыра давяраў ёй, моцна захапляўся яе высокай маральнай чысцінёй і справядлівасцю, яе прыроднымі разумовымі здольнасцямі. У адным з апавяданняў, якое называецца “Таклюся-сухотніца”, Кандрат Лейка стварыў вобраз сваёй маці — простай сялянкі, якая ў апавяданні ўзнімала найважнейшыя праблемныя пытанні таго часу: “Перад Таклюсяю цяпер неразгаданаю загадкаю стаялі тры цікавыя пытанні:
Калі ўсім людзям дазволена будзе вучыцца і маліцца на сваёй роднай мове?”
Пазней удзячны сын разам са сваімі сваякамі паставіць на магіле маці ў Збочна помнік. І на ім напіша: “Таклюся Лейко”. Напіша так, як яе звалі вяскоўцы. А вось пытанні, узнятыя Таклюсяю сто гадоў таму, застаюцца надзённымі і сёння. І калі ж мы на іх адкажам?..