Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Судзьдзя, да якога я заходзіла, зачытаў мне пратакол незразумелай мовай і настолькі хутка, што я ўвогуле не разумела, што ён чытае. І пасьля ён пытаецца, ці згодная я. Я кажу, што ня згодная. Ён піша, што дае мне сем сутак і да пабачэньня. Я раўла пасьля гэтага суду, як ніколі раней. Нас завялі назад у камэру.
На чацьвёртыя суткі нам сказалі сабрацца і выйсьці з рэчамі. Нас вывелі на вуліцу. Я была ў адным топіку і рваных джынсах. Было холадна. Бабуля зьняла зь сябе джут і надзела на мяне, бо я калацілася. Нас, 27 дзяўчат, пагрузілі ў аўтазак і сказалі, што павязуць у іншае месца. З намі сядзелі чатыры міліцыянты з закрытымі тварамі. Яны з жахам слухалі нашы гісторыі. Яны казалі, што папраўдзе гэта яны добрыя і мірныя, а мы дрэнныя і проста забіваем іх. Казалі, што ў іх кідалі кактэйлі Молатава, што ў кагосьці знайшлі 50 эўра. Пасьля яны дасталі са сваіх заплечнікаў вафлі і мы на чацьвёртыя суткі зьелі па кавалачку вафлі.
Гісторыя закончылася тым, што нас на чацьвёра сутак перавезьлі ў Жодзіна, дзе мы трапілі проста ў рай. Там ня ведалі, што з намі рабіць, бо сказалі, што ім нават не далі пастановы суду. Пасьля выхаду на волю мы паехалі забіраць рэчы. Але мой тэлефон, які забралі ў аўтазаку, быў згублены.
„Я памятаю твары ўсіх катаў на Акрэсьціна“
Марыя:
— Я была назіральніцай на ўчастку ў школе на Каменнай Горцы. У дзень выбараў а 18-й гадзіне прыйшло паведамленьне ад каардынатараў, што па нас, магчыма, зараз прыедзе амон — ім трэба зачысьціць сьведак. Праз 15-20 хвілін прыехаў белы бусік на чырвоных нумарах. Зь яго ніхто ня выйшаў. Але мы зразумелі, што гэта ўжо небясьпечна. Не было магчымасьці зьвязацца з суседнімі ўчасткамі: вы ведаеце, што было з інтэрнэтам. Таму мы пайшлі са школы. Выпадкова каля крамы за 100 мэтраў пабачылі грузавы бус, а побач зь ім 4-5 байцоў у чорным адзеньні і берцах. Так мы зразумелі, што пратаколу выбараў чакаць ня будзем.
А 20-й я пайшла на свой участак на Пушкінскай, дзе галасавала. Нас сабралася чалавек 60-70. Каля нас стаяў таварыш маёр і бясконца камусьці тэлефанаваў. Чакаў, мабыць, аўтазака, але яны ж усе былі занятыя. Мы ўсё ж не дачакаліся пратаколу праз паўтары гадзіны. Наша старшыня камісіі спужалася такой колькасьці людзей. Уцякалі яны праз чорны ход. Але мы там іх усё роўна сустрэлі і падзякавалі за „плённую працу“ воплескамі.
Пішу ўсё гэта таму, што, нягледзячы на ўсе катаваньні і гвалт падчас маіх сутак, я не пашкадавала ні хвіліны, што была часткай гэтай дзеі. Такіх прыгожых, сьмелых беларусаў я ня бачыла ніколі. Я некалькі разоў плакала там ад сілы эмоцый.
У замес мы трапілі значна пазьней. Хацелі ўжо ісьці дадому. Але каля парку Міцкевіча трапілі пад гранаты і газ. Пабеглі на Камсамольскую, там схаваліся ў дворыку. Нас знайшлі байцы не амону, а з уруцкай брыгады. Не чапалі, проста крыкнулі, каб выходзілі. Нас было пяць чалавек (у тым ліку яшчэ адна дзяўчына). Ня білі, не прыніжалі. Але, вядома ж, не прадставіліся і не сказалі, за што затрымліваюць. Павялі ў „апорку“ на Рэвалюцыйнай. Я пасьпела адправіць паведамленьні дваім сябрам і бацьку. Але толькі тое, што мяне павязалі. У „апорцы“ прымусілі вырубіць тэлефон. Там нам зьвязалі рукі, запісалі зьвесткі. Праз 15 хвілін перадалі амонаўцам у аўтазак.
Амонавец, які мяне вёў, надзеў сумку мне на шыю: „Што я, буду тваё гаўно цягаць?“ І за пару хвілін, што вёў да аўтазака, пасьпеў сказаць: „Сама ідзі, я цябе весьці ня буду. Заманаўся ўжо сёньня за вамі бегаць. Не сядзелася ж вам, поскудзі, дома? Вас трэба ўсіх пасадзіць на кол і адправіць у космас, каб вы пра сваю пэдэрастыю там вяшчалі“.
У аўтазаку пасадзілі на калені тварам у сядзеньне. Тыцнулі дручком у твар, калі я павярнула галаву ў бок. На падлозе сядзелі хлопцы, потныя, бітыя. На іх увесь час раўлі матам, каб трымалі галаву ніжэй. Адзін хлопец паскардзіўся, што вельмі туга зацягнуты хамут — нуль рэакцыі. У мяне таксама было туга, але я маўчала. Другую дзяўчынку пасадзілі на лаўку, хамут зьнялі. Так мы ехалі па горадзе доўгі час. Да нас яшчэ дагружалі хлопцаў. У нейкі момант зацяклі ногі. Я папрасіла сесьці. Дазволілі. Разам зь дзяўчынай ехаў у аўтазаку яе муж. Амонавец спытаўся, ці яна прыйшла на плошчу за ідэалёгію ці так, з натоўпам. Яна адказала, што з мужам. Ён спытаў, дзе муж. Яна паказала. Мужа ўдарылі два ці тры разы па твары.
Праз хвілін 20 нас перасадзілі разам зь дзяўчынай у сапраўдны аўтазак зь ячэйкамі. Прыехалі адразу на Акрэсьціна. Далей пачынаюцца два з паловай дні чысьцюткага пекла.
На момант, калі нас прывезьлі (каля трох гадзін ночы), там ужо было шмат людзей. Мяне амаль не аглядалі. Жанчына проста спытала, ці ёсьць нешта ў кішэнях, і адпусьціла. Астатнія, каго затрымлівалі раней, здымалі ўсё адзеньне і прысядалі. У мяне забралі рэчы. У заплечніку былі дакумэнты, тэлефон, усе карткі, правы ад машыны. Вопісу ніякага не зрабілі. Увесь час на нас крычалі матам, казалі, што мы „мрази“ і што мы прадажныя, і што наступным разам будзем ведаць, за каго галасаваць.