Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Чую, як за вокнамі крычыць мая мама“
Наста, 18 гадоў:
— Мая гісторыя пачалася ў Менску 9 жніўня. Мы з маім хлопцам надзелі белыя майкі і прымацавалі чырвоную стужку, каб майка была як сьцяг. Схадзілі ў галерэю і шпацыравалі ў бок стэлы, спыніліся каля гатэлю „Менск — горад-герой“.
Там размаўлялі зь нейкім мужчынам, і за долю сэкунды гэтага мужчыны ня стала, а мяне ўжо вялі людзі ў чорнай форме. Майго хлопца таксама вялі. Нас пасадзілі ў сіні бус без нумароў і з чорнымі шторамі. Паставілі на калені, а каля нас селі трое амонаўцаў, сярод іх была адна жанчына.
Пасьля гэтага нас завезьлі за музэй Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца за стэлай, і паставілі тварам да аўтазакаў. Мы прайшлі праз калёну амону. Хлопцаў білі дубінкамі. Пасьля нас завялі ў аўтазак, які быў цалкам забіты людзьмі. І там ужо стаялі каля 30 хлопцаў. Яны ўсе былі зьбітыя, з акрываўленымі галовамі.
Нас прывезьлі, вывелі з гэтага аўтазака і проста, як быдла, сталі штурхаць, білі, нехта крычаў, лямантаваў. Нас паставілі да сьцяны. Мы стаялі ўтрох, я і яшчэ дзьве дзяўчыны. Нас павялі на подпіс чагосьці, пыталіся: што, дзе, адкуль, хто мы такія. Прымусілі цалкам разьдзецца, прымусілі прысядаць, адціскацца. Зьнялі ўсе каштоўныя рэчы, якія на нас былі. Пасьля гэтага нас завялі ў камэру, штурхаючы ў сьпіну. Кінулі, проста як нейкіх сабачак, у гэтую камэру і зачынілі жалезныя дзьверы.
Я яшчэ не разумела, што са мной адбываецца. У мяне быў проста гістэрычны сьмех. Спачатку мы знаходзіліся ўтрох. Там была выкладчыца вышэйшай матэматыкі з акадэміі сувязі ў Менску, была дзяўчына-дызайнэр. Пасьля прывялі яшчэ людзей. Мы сядзелі, размаўлялі, кожны расказваў свае гісторыі. Пасьля да нас засялілі дзьвюх п’яных дзяўчат, якія пачалі бушаваць, біць нагамі ў дзьверы, крычаць. Пасьля падсялілі дзяўчыну, якая сядзела за распаўсюд наркотыкаў. Яна таксама была п’яная, патрабавала цыгарэтаў. Нас рабілася ўсё болей, і стала ўжо 21 чалавек у камэры. А камэра была на васьмярых.
Там былі людзі, назіральнікі на выбарчых участках. У многіх жанчын ад нэрваў пачаліся месячныя, яны падкладвалі сабе паперу, шкарпэткі, газэты. Заснуць было немагчыма, бо кожныя дзьве гадзіны да нас заводзілі голых хлопцаў у адных трусах і білі іх па сьпінах. Прыводзілі жынчын, якіх проста за валасы выцягвалі з уласных машын і вялі ў аўтазак.
Другія суткі пачаліся з таго, што я была яшчэ ў гэтай майцы бела-чырвона-белай. Нас вывелі з камэры, паставілі ўздоўж сьцяны, і мы падыходзілі да сьледчага. Гэта быў кшталту сьледчы, папраўдзе гэта быў нейкі азьвярэлы мянцяра, які проста крычаў на нас. Мне пагражалі 30 суткамі арышту. Зь мяне садралі майку і кінулі яе на падлогу. Я засталася ў адным топе. Мяне завялі ў камэру, і я ўжо пачала плакаць.
Чую, як за вокнамі крычыць мая мама: „Наста, Наста, Наста!“ І я пачынаю ёй крычаць, але разумею, што за гэта нас могуць проста забіць у гэтай турме. Крычалі ўсе. Крычалі з суседняй камэры: „Выклічце доктара“, бо там у хлопца была зламаная нага. Крычалі, каб выклікалі „хуткую“. Але „хуткія“ разварочвалі каля брамы і нават не пускалі ў гэтую турму. Мы сядзелі другія суткі, але нам не давалі ежы. Прыводзілі новых дзяўчат, і нас стала ўжо 36. Мы спалі на падлозе, нехта на стале, нехта на зэдліку, нехта стоячы.
Там была дзяўчына, зь якой мы пасябравалі, яе таксама завуць Настай, яе забралі проста ад варот Акрэсьціна, калі яна шукала сваіх сяброў, забралі з машыны, а пятай гадзіне раніцы, і завялі да нас у камэру.
Нам сказалі, што будуць пратаколы („Вы падпісваеце, што вы згодныя, і мы вас выпускаем“). Натуральна, мы падпісалі. Нам нават не давалі чытаць гэтых пратаколаў, закрывалі рукамі, крычалі, падганялі, я нават ня бачыла, што там напісана. Як высьветлілася, людзей, якія пасьпелі хоць нешта прачытаць, якія не пагадзіліся і спрабавалі нешта там адстойваць, іх проста білі. Хто даведаўся, што напісана ў пратаколе, казалі, што ва ўсіх напісана адно і тое, што ўсіх затрымалі ў 10.40 вечара на праспэкце Пераможцаў, што мы ўдзельнічалі ў мітынгах і крычалі нейкія лёзунгі. Хоць многіх затрымалі ўвогуле ў іншых раёнах.
Пасьля нас перасялілі, бо пачалі завозіць шмат людзей і камэр проста не хапала. Нас перавялі ў камэру на чатырох, дзе нас было 50. У многіх дзяўчат былі месячныя, і яны не разумелі, што рабіць. Мы не маглі дыхаць і абліваліся вадой, каб хоць неяк ахаладзіцца ў той задусе, якая там стаяла. З намі была жанчына 68 гадоў, сядзелі журналісткі „Белсату“, айцішніцы, дызайнэркі. Пасьля гэтага ад нас вывелі 11 дзяўчат у карцар. Іх аблілі вадой і паклалі на падлогу. 11 чалавек у карцары, разьлічаным на аднаго!
У камэры паўсюль кішаць прусакі, сьмярдзіць туалет.